Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый ім. Ф.Р. Шклярава. Ветка, Беларусь

  • Майстэрня іканапісца

    Дошка пакрывалася грунтам-«ляўкасам». Выкарыстоўвалі асятровы клей, мел, алебастр. Пігметы расціраліся і размешваліся з жаўтком яйка, часночным «зеллем» (сокам) — у лыжках або ракавінах

  • Тканы космас

    Калекцыя ўзорнага ткацтва і вышыўкі музея ўнікальная. Гэты «генны фонд» нашай культуры абяцае даць у будучыні нацыянальны па значэнні «банк дадзеных» архаічных знакаў і тэхнік беларускага ткацтва

  • Майстэрня златакаваля

    Раслінны ўзор на адзенні святых то рупліва «тчэцца» чаканамі, гравіруецца і «чарніцца», узнаўляючы старажытную парчу, то абгортваецца жывымі веткамі з кветкамі

  • Уздоўж ракі

    Многія веткаўчане звязалі сваё жыццё з рачным флотам: хтосьці быў капітанам парахода, хтосьці членам каманды, хтосьці будаваў рачныя судна, хтосьці сплаўляў плыты

  • Чайная

    Ад малюсенькага паходнага самавара да вялізнага раскошнага ў выглядзе вазы. Ніводная стараабрадніцкая сям'я не абыходзілася без самавара

  • Гісторыя горада

    Ветка заснавана рускімі перасяленцамі ў 1683 г. Доўгі час была духоўным і культурным цэнтрам усяго стараабрадніцтва, застаючыся сімвалам волі і натхнення для шмат якіх «адзінаверцаў» на тэрыторыі Расіі

  • Мы так даўно тут жывем...

    Найстаражытнейшыя знаходкі, што сведчаць аб знаходжанні першабытнага чалавека на Веткаўшчыне, адносяцца да эпохі палеаліту і датуюцца 100-40 тыс. г. да н. э.

  • Кузня

    У Ветцы, што славілася сваімі верфямі здаўна шанаваліся майстры-якарнікі, самымі вядомымі былі Кавалёвы, якія забяспечвалі якарамі не толькі рачны, але і марскі рыбацкі флот

  • Майстар квітнеючых вокан

    Упрыгожваліся перш за ўсё вокны. Акрамя гэтага, разьба размяшчалася на вуглах і карнізах пабудоў, на масіўных уязных варотах, ператвараючы дом і падворак у суцэльны дэкаратыўны ансамбль

  • Веткаўскі іканапіс

    Веткаўская ікона паслядоўна ўвабрала рысы рэнесансу, барока, ракако, класіцызму, мадэрну, а таксама дасягненні іншых відаў беларускага выяўленчага мастацтва

  • Кніжная культура

    Унікальнасць кніжнай культуры Веткі ў тым, што яна захавала старажытныя традыцыі кніжнага мастацтва. Тут працягвалі ствараць рукапісы ў 20-я — 30-я гг. XX ст.

  • Райскі сад

    Матыў райскага саду стаў галоўным вобразным момантам, які аб»яднаў старажытную сімволіку іконы з натуралізмам арнаменту барока. Майстэрства рэзання пазалочаных кіётаў-«садоў» на Ветцы перадавалася ад бацькі да сына

  • Гандаль

    Шкляныя слоікі для гарбаты, скрынкі ад цукерак — упакоўка рэдка захоўваецца. Паводле расповедаў старажыл, у Ветцы была тысяча гандлёвых крам. Пад час жа кірмашоў з навакольных вёсак прыязджалі ў 2-3 гадзіны ночы, каб заняць месца бліжэй да цэнтра

  • Абрады

    Свята летняга сонцавароту, вядомае ўсёй Еўропе, у нас называецца Купалле. Гэта начны абрад, ён захаваўся ў розных варыянтах. Спявалі песні, дзяўчаты пускалі па вадзе вянкі са свечкамі, моладзь танчыла, палілі вогнішча і скакалі праз агонь

  • Партрэт

    Музей у Ветцы быў заснаваны дзякуючы ініцыятыве Фёдара Рыгоравіча Шклярава, карэннага веткаўчаніна. Так выглядала майстэрня калекцыянера ў 70-я гг. XX ст., а некаторыя прадметы з яе і зараз знаходзяцца ў фондах музея

Усоха-будскае Русалле - пятая частка абрадуА ці верыце вы ў русалак? Ёсць на Беларусі вёсачкі, дзе старыя людзі памятаюць, як іх у дзяцінстве пужалі: “Не хадзі ў жыта, не тапчы яго, бо там русалкі жывуць!” Мабыць, таму і захаваўся дагэтуль у такіх мясцінах архаічны абрад пад назвай “Русалле”.

На адным з такіх абрадаў пабывалі супрацоўнікі Веткаўскага музея. Праводзіўся ён у памежнай з Украінай вёсцы Усохская Буда, што ў Добрушскім раёне.

Спрадвеку Русалку вадзілі напрыканцы Гранога тыдня – тыдня пасля Троіцы. Жыхары Усохскай Буды ўбіралі маладую пару – хлопца і дзяўчыну, што мусілі ў хуткім часе пабрацца шлюбам – у бярозавыя ды альховыя галінкі. А потым вялі іх з адмысловымі спевамі з аднаго канца вёскі ў другі. Там іх “распраналі” – здымалі з іх галінкі, якія забіралі з сабой, каб потым прынесці дадому і кінуць на градкі: паводле слоў тутэйшых жанчын, менавіта вольха і бяроза абараняюць ураджай ад “усякай нечысці”.

Дарэчы, калі Русалка не паспявала хутка развязаць паяс, якім прымацоўвалася голле, то яе валілі на зямлю і тым самым голлем лупцавалі.

Быў таксама звычай “тапіць” Русалак – акунаць іх у ваду. А пасля ўсіх абрадавых дзеянняў, як кажуць мясцовыя жыхары, “ноч – песні, танцы…”

Мясцовыя ж і прызнаюцца: сёння засталася “толькі пятая частка ад таго, што раней было”. Сапраўды, у вёсцы больш не шукаюць хлопца і дзеўку, а апранаюць дзвюх дзяўчын шлюбнага ўзросту. Не вядуць больш Русалак “тапіць”, а даводзяць да клуба, дзе спяваюць у асноўным фольк-стылізацыю, распаўсюджаную на беларускай эстрадзе. Няма ўжо месца і колішнім песням-танцам ноч напралёт: даўно ўжо не той узрост маюць тыя, хто водзіць Русалку. Да таго ж, было відавочным, што ніхто нават не апрануў бы строі, каб не прыехалі госці з Гомеля.

- На дадзены момант існуе тэндэнцыя да адраджэння свят такога кшталту, - дзеліцца ўражаннямі ад пабачанага супрацоўнік Веткаўскага музея Пятро Цалка. Але ж мы зараз знаходзімся на раздарожжы: захаваць аўтэнтычнае свята з яго сакральным сэнсам ці зрабіць нешта відовішчнае. Ад таго, на які бок схіляцца вагі, і будзе залежаць лёс нашай культуры. Пакуль яшчэ жывыя носьбіты традыцыі, ёсць спадзяванне і на захаванне сапраўднай традыцыі. Але ж, на жаль, яе пераемнікі пераходзяць на бок відовшчнасці, што і засведчылі мы, калі маладыя жанчыны хацелі пачаць спяваць пазаабрадавыя песні пад гармонік не дачакаўшыся завяршэння абрадавых дзеянняў.

Нягледзячы на “пятую частку”, што засталася ад абраду, ён усё адно жыве. І калі вы раптам праз тыдзень пасля Троіцы апынецеся ва ўсоха-будскіх мясцінах – завітайце на Русалле. Вы не толькі атрымаеце задавальненне ад сузірання гэткай архаікі, але і парадуеце мясцовых жыхароў: ім вельмі прыемна бачыць, што гэта патрэбна не толькі ім.

- Русалле ў Будзе Усохскай можна смела ставіць у адзін шэрах з найстаражытнейшымі беларускімі святамі ("Пахаванне стрялы", "Купалле", "Цярэшка", "Гуканне вясны"), што захаваліся да нашага часу, - распавядае Пятро Цалка. – Сабраўшы разам ўсе запісаныя намі падчас абраду звесткі, у выніку мы маем самае тыповае язычніцкае свята, якімі поўнілася беларуская зямля да пачатку 20 стагоддзя.

"Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый" г. Ветка, Беларусь - Copyright © 2012 - 2018.
Усе правы абаронены. Капіраванне матэрыялаў дазволена толькі са спасылкай на сайт-крыніцу.