Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый ім. Ф.Р. Шклярава. Ветка, Беларусь

  • Райскі сад

    Матыў райскага саду стаў галоўным вобразным момантам, які аб»яднаў старажытную сімволіку іконы з натуралізмам арнаменту барока. Майстэрства рэзання пазалочаных кіётаў-«садоў» на Ветцы перадавалася ад бацькі да сына

  • Майстэрня іканапісца

    Дошка пакрывалася грунтам-«ляўкасам». Выкарыстоўвалі асятровы клей, мел, алебастр. Пігметы расціраліся і размешваліся з жаўтком яйка, часночным «зеллем» (сокам) — у лыжках або ракавінах

  • Чайная

    Ад малюсенькага паходнага самавара да вялізнага раскошнага ў выглядзе вазы. Ніводная стараабрадніцкая сям'я не абыходзілася без самавара

  • Гандаль

    Шкляныя слоікі для гарбаты, скрынкі ад цукерак — упакоўка рэдка захоўваецца. Паводле расповедаў старажыл, у Ветцы была тысяча гандлёвых крам. Пад час жа кірмашоў з навакольных вёсак прыязджалі ў 2-3 гадзіны ночы, каб заняць месца бліжэй да цэнтра

  • Майстар квітнеючых вокан

    Упрыгожваліся перш за ўсё вокны. Акрамя гэтага, разьба размяшчалася на вуглах і карнізах пабудоў, на масіўных уязных варотах, ператвараючы дом і падворак у суцэльны дэкаратыўны ансамбль

  • Гісторыя горада

    Ветка заснавана рускімі перасяленцамі ў 1683 г. Доўгі час была духоўным і культурным цэнтрам усяго стараабрадніцтва, застаючыся сімвалам волі і натхнення для шмат якіх «адзінаверцаў» на тэрыторыі Расіі

  • Кніжная культура

    Унікальнасць кніжнай культуры Веткі ў тым, што яна захавала старажытныя традыцыі кніжнага мастацтва. Тут працягвалі ствараць рукапісы ў 20-я — 30-я гг. XX ст.

  • Веткаўскі іканапіс

    Веткаўская ікона паслядоўна ўвабрала рысы рэнесансу, барока, ракако, класіцызму, мадэрну, а таксама дасягненні іншых відаў беларускага выяўленчага мастацтва

  • Абрады

    Свята летняга сонцавароту, вядомае ўсёй Еўропе, у нас называецца Купалле. Гэта начны абрад, ён захаваўся ў розных варыянтах. Спявалі песні, дзяўчаты пускалі па вадзе вянкі са свечкамі, моладзь танчыла, палілі вогнішча і скакалі праз агонь

  • Уздоўж ракі

    Многія веткаўчане звязалі сваё жыццё з рачным флотам: хтосьці быў капітанам парахода, хтосьці членам каманды, хтосьці будаваў рачныя судна, хтосьці сплаўляў плыты

  • Майстэрня златакаваля

    Раслінны ўзор на адзенні святых то рупліва «тчэцца» чаканамі, гравіруецца і «чарніцца», узнаўляючы старажытную парчу, то абгортваецца жывымі веткамі з кветкамі

  • Тканы космас

    Калекцыя ўзорнага ткацтва і вышыўкі музея ўнікальная. Гэты «генны фонд» нашай культуры абяцае даць у будучыні нацыянальны па значэнні «банк дадзеных» архаічных знакаў і тэхнік беларускага ткацтва

  • Кузня

    У Ветцы, што славілася сваімі верфямі здаўна шанаваліся майстры-якарнікі, самымі вядомымі былі Кавалёвы, якія забяспечвалі якарамі не толькі рачны, але і марскі рыбацкі флот

  • Мы так даўно тут жывем...

    Найстаражытнейшыя знаходкі, што сведчаць аб знаходжанні першабытнага чалавека на Веткаўшчыне, адносяцца да эпохі палеаліту і датуюцца 100-40 тыс. г. да н. э.

  • Партрэт

    Музей у Ветцы быў заснаваны дзякуючы ініцыятыве Фёдара Рыгоравіча Шклярава, карэннага веткаўчаніна. Так выглядала майстэрня калекцыянера ў 70-я гг. XX ст., а некаторыя прадметы з яе і зараз знаходзяцца ў фондах музея

Сёлета стартаваў ужо трэці па ліку “Этна-праект” (Etno-projekt), арганізаваны польскай Асацыяцыяй “Этнаграфічная майстэрня” (Pracownia Etnograficzna). Ён быў натхнёны ў свой час развіццём тэндэнцыі этнадызайну: маладыя дызайнеры, графікі, архітэктары з Польшчы і Беларусі, студэнты і выпускнікі мастацкіх школ падчас інтэнсіўнай праграмы абмену спрабуюць зірнуць на дызайн па-новаму, натхніцца народнымі матывамі і творча пераўтварыць іх у новую, сучасную форму.

Па выніках сёлетняга наведвання беларускіх і польскіх музеяў кожны з 16 маладых спецыялістаў з абодвух краін павінны будуць прадставіць па 2 праекты. Адзін з іх мусіць быць створаны пад уплывам вандровак па Польшчы, другі – па Беларусі.

Перад тым, як трапіць у Гомель, удзельнікі праекта паспелі ўжо пабываць у Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту ў Строчыцах, у цэнтры народных рамёстваў “Скарбніца” ў Мінску і ў іншых цікавых месцах. Спыніўшыся ў Гомелі, хлопцы і дзяўчаты наведалі спачатку наш філіял, а на наступны дзень і сам музей у Ветцы.

Па прыездзе польскіх і беларускіх гасцей у філіял музея загадчык Пятро Цалка правёў экскурсію па дзеючых тут сёння выставах: “Вы и нас, трудившихся, не забывайте…”, "Сад" і “Як ты пішаш буквы, так я – узоры…”. Пры правядзенні апошняй асаблівая ўвага была нададзена семантыцы арнаменту: госці з вялікім задавальненнем праслухалі лекцыю пра назвы, паходжанне і значэнне арнаментаў на ручніках.

Пасля ўдзельнікаў праекта чакаў лекцыйны занятак па традыцыйным святочным строі вёскі Неглюбка. Лекцыя ўвабрала ў сябе не толькі аповед пра адрозненні паміж жаночым і дзявочым неглюбскім адзеннем, пра тэрытарыяльныя яго адметнасці. Дзве ўдзельніцы мелі мажлівасць апрануць з дапамогай Пятра Міхайлавіча строі на сябе, ад чаго былі ў вялікім захапленні.

Апошнім пунктам праграмы быў майстар-клас па ткацтве. Усе 16 чалавек здолелі паўдзельнічаць у стварэнні тканіны. А напрыканцы яна была разрэзана на тры часткі і падзелена паміж самымі актыўнымі ўдзельніцамі, якія выконвалі архаічны арнамент пад назвай “жабкі”.

- Мы ў занятку па ткацтве прайшлі тры колеравыя стадыі: спачатку выткалі шэраг чырвоных “жабак” на белым фоне, у наступным шэрагу дадалі чорны, а потым дзяўчаты самі выбралі яшчэ два яркія колеры і дадалі іх у апошні шэраг. Так эвалюцыянавалі ў свой час і неглюбскія ручнікі: ад чырвона-белых да рознакаляровых, - распавёў Пятро Цалка.

У самім Веткаўскім музеі ўдзельнікаў праекта чакала экскурсія ад дырэктара Галіны Нячаевай. Распавядаючы пра экспазіцыі, яна засяроджвала ўвагу на тым, што можа спатрэбіцца маладым дызайнерам ды архітэктарам не толькі па завяршэнні “Этнапраекта”, але і наогул у будучай працы.

Наступнай і апошняй кропкай у праграме была лекцыя ад нашага спецыяліста па кніжнай культуры Веткаўшчыны Святланы Лявонцьевай. Святлана Іванаўна распавяла пра ўнікальны веткаўскі стыль аздаблення рукапісных кніг. Хто ведае: можа, менавіта гэта зачэпіць каго-небудзь з удзельнікаў для стварэння выніковых праектаў…

Семантыцы арнаменту, плённым вывучэннем якой займаецца Галіна Рыгораўна Нячаева, належнай увагі ў музеі нададзена не было: асноўную інфармацыю ўдзельнікі атрымалі ўжо ў нашым філіяле. Аднак менавіта арнаменты захапілі шмат каго з маладых спецыялістаў. Так, архітэктар з Беларусі Аляксандр Кошмар ужо мае задуму стварыць праект будынка ў форме знака-зоркі, што ў тутэйшай традыцыі завецца “васьмірога”.

Прывабілі старажытныя знакі і польскі бок. Графік-дызайнер з Польшчы Моніка Цэцота падзялілася з намі сваімі ўражаннямі:

- Мне вельмі спадабалася, як зроблена экспазіцыя. Вельмі цікавы матыў павялічаных арнаментаў (маюцца на ўвазе павялічаныя знакі-арнаменты з нітак, якімі ўпрыгожаны нашы выставы – аўт.). Найбольш спадабаўся майстар-клас па ткацтве, а для будучага праекту больш за ўсё натхнілі матывы і арнаменты на ручніках і адзенні.

Праграма “Этнапраекту” надзвычай насычаная: пасля Веткі ўдзельнікаў чакае горад Брэст, а за ім – вандроўка па Польшчы. Мы зычым маладым творцам нястомнасці і плёну ў стварэнні праектаў, на якія іх натхніў наш музей.

"Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый" г. Ветка, Беларусь - Copyright © 2012 - 2018.
Усе правы абаронены. Капіраванне матэрыялаў дазволена толькі са спасылкай на сайт-крыніцу.