Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый ім. Ф.Р. Шклярава. Ветка, Беларусь

  • Партрэт

    Музей у Ветцы быў заснаваны дзякуючы ініцыятыве Фёдара Рыгоравіча Шклярава, карэннага веткаўчаніна. Так выглядала майстэрня калекцыянера ў 70-я гг. XX ст., а некаторыя прадметы з яе і зараз знаходзяцца ў фондах музея

  • Кузня

    У Ветцы, што славілася сваімі верфямі здаўна шанаваліся майстры-якарнікі, самымі вядомымі былі Кавалёвы, якія забяспечвалі якарамі не толькі рачны, але і марскі рыбацкі флот

  • Гандаль

    Шкляныя слоікі для гарбаты, скрынкі ад цукерак — упакоўка рэдка захоўваецца. Паводле расповедаў старажыл, у Ветцы была тысяча гандлёвых крам. Пад час жа кірмашоў з навакольных вёсак прыязджалі ў 2-3 гадзіны ночы, каб заняць месца бліжэй да цэнтра

  • Тканы космас

    Калекцыя ўзорнага ткацтва і вышыўкі музея ўнікальная. Гэты «генны фонд» нашай культуры абяцае даць у будучыні нацыянальны па значэнні «банк дадзеных» архаічных знакаў і тэхнік беларускага ткацтва

  • Чайная

    Ад малюсенькага паходнага самавара да вялізнага раскошнага ў выглядзе вазы. Ніводная стараабрадніцкая сям'я не абыходзілася без самавара

  • Майстар квітнеючых вокан

    Упрыгожваліся перш за ўсё вокны. Акрамя гэтага, разьба размяшчалася на вуглах і карнізах пабудоў, на масіўных уязных варотах, ператвараючы дом і падворак у суцэльны дэкаратыўны ансамбль

  • Гісторыя горада

    Ветка заснавана рускімі перасяленцамі ў 1683 г. Доўгі час была духоўным і культурным цэнтрам усяго стараабрадніцтва, застаючыся сімвалам волі і натхнення для шмат якіх «адзінаверцаў» на тэрыторыі Расіі

  • Майстэрня іканапісца

    Дошка пакрывалася грунтам-«ляўкасам». Выкарыстоўвалі асятровы клей, мел, алебастр. Пігметы расціраліся і размешваліся з жаўтком яйка, часночным «зеллем» (сокам) — у лыжках або ракавінах

  • Райскі сад

    Матыў райскага саду стаў галоўным вобразным момантам, які аб»яднаў старажытную сімволіку іконы з натуралізмам арнаменту барока. Майстэрства рэзання пазалочаных кіётаў-«садоў» на Ветцы перадавалася ад бацькі да сына

  • Веткаўскі іканапіс

    Веткаўская ікона паслядоўна ўвабрала рысы рэнесансу, барока, ракако, класіцызму, мадэрну, а таксама дасягненні іншых відаў беларускага выяўленчага мастацтва

  • Майстэрня златакаваля

    Раслінны ўзор на адзенні святых то рупліва «тчэцца» чаканамі, гравіруецца і «чарніцца», узнаўляючы старажытную парчу, то абгортваецца жывымі веткамі з кветкамі

  • Абрады

    Свята летняга сонцавароту, вядомае ўсёй Еўропе, у нас называецца Купалле. Гэта начны абрад, ён захаваўся ў розных варыянтах. Спявалі песні, дзяўчаты пускалі па вадзе вянкі са свечкамі, моладзь танчыла, палілі вогнішча і скакалі праз агонь

  • Уздоўж ракі

    Многія веткаўчане звязалі сваё жыццё з рачным флотам: хтосьці быў капітанам парахода, хтосьці членам каманды, хтосьці будаваў рачныя судна, хтосьці сплаўляў плыты

  • Кніжная культура

    Унікальнасць кніжнай культуры Веткі ў тым, што яна захавала старажытныя традыцыі кніжнага мастацтва. Тут працягвалі ствараць рукапісы ў 20-я — 30-я гг. XX ст.

  • Мы так даўно тут жывем...

    Найстаражытнейшыя знаходкі, што сведчаць аб знаходжанні першабытнага чалавека на Веткаўшчыне, адносяцца да эпохі палеаліту і датуюцца 100-40 тыс. г. да н. э.

Дзіцячая Школка традыцыйнага ткацтва "тКачаняты", што дзейнічае пры Філіяле Веткаўскага музея, распачала новы навучальны сезон.

У той час, як у сферы адукацыі самы разгар летніх канікулаў, залы Філіяла Веткаўскага музея збіраюць аматараў аднаго з самых старажытных рамёстваў на Беларусі - ткацтва. Ужо не адзін год Веткаўскі музей выконвае не толькі сваё асноўнае прызначэнне - збіранне і захаванне артэфактаў культуры, але і вядзе шырокую культурна-адукацыйную дзейнасць. Так, напрыклад, у музея існуе свая адукацыйная праграма "Аз, букі, ведзі - Глаголь дабро", зацверджаная Міністэрствам адукацыі. Ёсць там  і заняткі, прысвечаныя традыцыйнаму ткацтву. Але трэба рухацца далей! З 2015 года супрацоўнікамі музея, дзякуючы сабранай падчас экспедыцый навуковай базе, вядзецца стварэнне новай праграмы "Школка традыцыйнага ткацтва "тКачаняты".

Паразмаўляем пра Школку з яе аўтарамі: Пятром Цалкам, загадчыкам Філіяла музея, і Вінаградавай Вольгай, навуковым супрацоўнікам музея.

Чаму такая назва?

"Па-першае, "школка", а не "школа", бо мы не ставім мэты наладзіць "масавую вытворчасць" майстроў па ткацтве. Гэта працэс дастаткова "сімвалічны" для кожнага, хто ведае або спрабуе спасцігнуць традыцыйнае ткацтва знутры. Падчас правядзення заняткаў, шчыра кажучы, галоўнай становіцца не тэхналогія, а працэсы і вобразы, якія стварае пры гэтым дзіцячая падсвядомасць. Як паказвае практыка, менавіта дзеці малодшага школьнага ўзросту здольныя яшчэ думаць і разважаць "знакамі-сімваламі", - пачынае тлумачэнне загадчык Філіяла Пятро Цалка.

"У назве "тКачаняты", як і ва ўсім, чым мы займаемся на занятках, закладваецца адразу некалькі накірункаў. Тут уплецены адразу дзве назвы: "ткач" (той, хто займаецца ткацтвам) і "качаняты" (дзеткі вадаплаўнай птушкі). Ткач - тое, што становіцца прадметам нашых даследаванняў падчас заняткаў. "Качаняты", па-першае, гэта дзеткі качкі, як і нашы вучні для кагосьці з'яўляюцца дзеткамі. І менавіта з качкі (вуткі), згодна легенд і паданняў, пачынаецца Свет. І ў кроснах ёсць утОк і ёсць чаўнок, які мы закідваем ва ўтОк і які плыве з "беряжка на беряжок" (так калісь казалі знакамітыя Неглюбскія ткачыхі)", - тлумачыць навуковы супрацоўнік музея Вольга Вінаградава.

Адкуль бярэцца інфармацыя для заняткаў?

Пятро Цалка: "Канешне ж, вопыт! Але адным вопытам не абысціся. Музей мае дастаткова цікавую  і грунтоўную па тэме сваіх даследаванняў уласную бібліятэку, у тым ліку і электронную. Але асноўная база - гэта экспедыцыйныя даследаванні. Ужо болей трыццаці пяці гадоў супрацоўнікі нашага музея не перарываюць весці палявыя даследаванні. І асноўны ўхіл, які заўжды быў важным для музея, гэта рэгіянальнасць. Мы маем добрую базу па сваім рэгіёне, таго, чаго няма ў астатніх, і можам смела апеляваць гэтай інфармацыяй".

Якім чынам будуюцца заняткі?

Вольга Вінаградава: "Усе заняткі класічна дзеляцца на тэарэтычную частку і практычную. Так, напрыклад, калі тэма заняткаў "Прадзенне. Прасніцы з тысячагадовай гісторыяй, то мы разглядаем спачатку вобраз і сімволіку прадзення. Тут мы з дзеткамі разглядаем і легенды пра міфічную Параскеву-Пятніцу, запісаныя супрацоўнікамі нашага музея, да прыкладу прыводзім міфы Старажытнай Грэцыі. Вельмі цікава, наколькі ўсё пераплятаецца ў культурах. Чым глыбей "капаеш" - тым болей агульнага. Прапаноўваецца самы шырокі рад ілюстратыўнай інфармацыі: ад прыкладаў прасніц эпохі бронзы і неаліту з іх цікавымі варыянтамі арнаментацыі - да сярэднявечных гравюр і нашых Веткаўскіх ікон, дзе Багародзіца таксама прадзе. Затым пераходзім да самай вясёлай часткі, дзе ўсё робім сваімі рукамі: лепім з гліны, збіраем зёлкі, намотваем ніткі, вяжам вузельчыкі, малюем арнаменты і, канешне ж, тчэм".

Якія планы на будучыню?

Вольга Вінаградава: "Вучыцца, вучыцца і яшчэ раз вучыцца! Мы пакуль практыкуем толькі пяць заняткаў, а ў планах не меней дваццаці. Таму ёсць, над чым працаваць. У мінулым годзе, калі пачыналі, заняткі доўжыліся па тры-чатыры гадзіны, канешне, з перапынкамі. Але за адзін дзень такі блок інфармацыі аказаўся вельмі цяжкім і для дзетак, і для нас, выкладчыкаў. Таму ў гэтым годзе вярнуліся да класічнага часу ў адну гадзіну на занятак."

Пятро Цалка: "Пашыраем кола зацікаўленых асоб. Многія нават і не ведаюць, што традыцыйнаму ткацтву можна навуцыцца ў нас. Таму падчас шматлікіх імпрэз у музеі і ўдзелу на рамесніцкіх інтэрактыўных пляцоўкахгорада распаўсюджваем інфармацыю пра нашу Школку. На гэта лета плануем правесці адразу тры наборы навучэнцаў. Першы ўжо прайшоў навучанне".

А нам застаецца толькі напісаць: "У добры шлях!". І няхай усё задуманае спраўдзіцца. Нездарма ж Веткаўскі музей для сваёй працы абраў дэвіз "СПАДЧЫНА ДЗЕЛЯ БУДУЧЫНІ".

"Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый" г. Ветка, Беларусь - Copyright © 2012 - 2018.
Усе правы абаронены. Капіраванне матэрыялаў дазволена толькі са спасылкай на сайт-крыніцу.