Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый ім. Ф.Р. Шклярава. Ветка, Беларусь

  • Абрады

    Свята летняга сонцавароту, вядомае ўсёй Еўропе, у нас называецца Купалле. Гэта начны абрад, ён захаваўся ў розных варыянтах. Спявалі песні, дзяўчаты пускалі па вадзе вянкі са свечкамі, моладзь танчыла, палілі вогнішча і скакалі праз агонь

  • Майстэрня златакаваля

    Раслінны ўзор на адзенні святых то рупліва «тчэцца» чаканамі, гравіруецца і «чарніцца», узнаўляючы старажытную парчу, то абгортваецца жывымі веткамі з кветкамі

  • Мы так даўно тут жывем...

    Найстаражытнейшыя знаходкі, што сведчаць аб знаходжанні першабытнага чалавека на Веткаўшчыне, адносяцца да эпохі палеаліту і датуюцца 100-40 тыс. г. да н. э.

  • Кузня

    У Ветцы, што славілася сваімі верфямі здаўна шанаваліся майстры-якарнікі, самымі вядомымі былі Кавалёвы, якія забяспечвалі якарамі не толькі рачны, але і марскі рыбацкі флот

  • Гісторыя горада

    Ветка заснавана рускімі перасяленцамі ў 1683 г. Доўгі час была духоўным і культурным цэнтрам усяго стараабрадніцтва, застаючыся сімвалам волі і натхнення для шмат якіх «адзінаверцаў» на тэрыторыі Расіі

  • Уздоўж ракі

    Многія веткаўчане звязалі сваё жыццё з рачным флотам: хтосьці быў капітанам парахода, хтосьці членам каманды, хтосьці будаваў рачныя судна, хтосьці сплаўляў плыты

  • Кніжная культура

    Унікальнасць кніжнай культуры Веткі ў тым, што яна захавала старажытныя традыцыі кніжнага мастацтва. Тут працягвалі ствараць рукапісы ў 20-я — 30-я гг. XX ст.

  • Гандаль

    Шкляныя слоікі для гарбаты, скрынкі ад цукерак — упакоўка рэдка захоўваецца. Паводле расповедаў старажыл, у Ветцы была тысяча гандлёвых крам. Пад час жа кірмашоў з навакольных вёсак прыязджалі ў 2-3 гадзіны ночы, каб заняць месца бліжэй да цэнтра

  • Партрэт

    Музей у Ветцы быў заснаваны дзякуючы ініцыятыве Фёдара Рыгоравіча Шклярава, карэннага веткаўчаніна. Так выглядала майстэрня калекцыянера ў 70-я гг. XX ст., а некаторыя прадметы з яе і зараз знаходзяцца ў фондах музея

  • Чайная

    Ад малюсенькага паходнага самавара да вялізнага раскошнага ў выглядзе вазы. Ніводная стараабрадніцкая сям'я не абыходзілася без самавара

  • Райскі сад

    Матыў райскага саду стаў галоўным вобразным момантам, які аб»яднаў старажытную сімволіку іконы з натуралізмам арнаменту барока. Майстэрства рэзання пазалочаных кіётаў-«садоў» на Ветцы перадавалася ад бацькі да сына

  • Майстэрня іканапісца

    Дошка пакрывалася грунтам-«ляўкасам». Выкарыстоўвалі асятровы клей, мел, алебастр. Пігметы расціраліся і размешваліся з жаўтком яйка, часночным «зеллем» (сокам) — у лыжках або ракавінах

  • Веткаўскі іканапіс

    Веткаўская ікона паслядоўна ўвабрала рысы рэнесансу, барока, ракако, класіцызму, мадэрну, а таксама дасягненні іншых відаў беларускага выяўленчага мастацтва

  • Тканы космас

    Калекцыя ўзорнага ткацтва і вышыўкі музея ўнікальная. Гэты «генны фонд» нашай культуры абяцае даць у будучыні нацыянальны па значэнні «банк дадзеных» архаічных знакаў і тэхнік беларускага ткацтва

  • Майстар квітнеючых вокан

    Упрыгожваліся перш за ўсё вокны. Акрамя гэтага, разьба размяшчалася на вуглах і карнізах пабудоў, на масіўных уязных варотах, ператвараючы дом і падворак у суцэльны дэкаратыўны ансамбль

Напрыканцы лістапада ў сталіцы Літвы горадзе Вільнюсе прайшоў ХІ Міжнародны фестываль "Пакроўскія званы", на якім Веткаўшчыну прадставілі калектыў “Стаўбунскія вячоркі” пад кіраўніцтвам Святланы Парашчанка, майстар па традыцыйным ткацтве "Неглюбскага цэнтра ткацтва" Людміла Кавалёва і загадчык філіяла Веткаўскага музея Пятро Цалка.

Праграма фестывалю была дастаткова насычанай. Цэлых пяць дзён на самых лепшых канцэртных пляцоўках горада можна было пабачыць і пачуць калектывы з самых розных куточкаў: Літва, Грузія, Балгарыя, Італія, Эстонія, Польша, Расія, Украіна і, канешне, Беларусь.

Калектыў "Стаўбунскія вячоркі" разам з удзельнікамі фестывалю: калетыў "Бедынэра" з Грузіі і калектыў "Уцешная канарэйка" з Алтаю

Ініцыятарам удзелу ў фестывалі калектыву з вёскі Стаўбун стаў Веткаўскі музей, які ўнёс прапанову Сяргею Выскварку, "куратару" фестывалю ад Беларусі. У свой жа час самі арганізатары з Вільнюса адобрылі прапанову і вельмі ўзрадаваліся сустрэчы са знаёмым ім калектывам, бо "Стаўбунскія вячоркі", як аказалася, ужо ўздымалі апладысменты на канцэртных пляцоўках Вільнюса і раней.

Этнахарэограф Сяргей Выскварка з дачкой Арынай - адзін з ініцыятараў удзелу калектыву "Стаўбунскія вячоркі" на фестывалі

Традыцыйныя спевы Веткаўшчыны прагучалі, як падалося, на ўвесь Вільнюс. Спявалі стаўбунцы і ў аўто, якое дастаўляла іх да рэстарацыі ўкраінскай кухні "Боршч", і ў рэстарацыі, і пешкі ходзячы па старых вулачках Вільнюса, і ў гатэлі праваслаўнага манастыра, дзе жылі ўдзельнікі фестывалю. Але ж гэта былі толькі рэпетыцыйныя, так мовіць, спевы. Сапраўдныя ж выступы адбыліся на сцэнах Вільнюскай кансерваторыі, касцёла Святой Катрыны, гарадской Ратушы Вільнюса, Успенскага кафедральнага сабора.

Калектыў "Стаўбунскія вячоркі" на сцэне Вільнюсскай філармоніі
 
Калектыў "Стаўбунскія вячоркі" падчас выступу ў касцёле Святой Катрыны
 
Выступ калектыва "Стаўбунскія вячоркі" ў гарадской ратушы Вільнюса

Сцены ж гарадской Ратушы Вільнюса з удзячнасцю прымалі ўдзельнікаў кірмашу майстроў, сярод якіх была майстар па традыцыйным ткацтве з вёскі Неглюбка Людміла Кавалёва. Шчыра кажучы, неглюбскія "вядзьмедзі", "кручча", "лапы", "елкі", "хрясты", "кулачча" ды "гяргені" (гэта назвы ўзораў на неглюбскіх ручніках, што былі прадстаўлены на выставе) з’яўляліся фаварытамі ўсяго кірмашу. Колькасць тых, хто фатаграфаваўся з гэтым цудам традыцыйнага ткацтва з Беларусі, можна было лічыць не дзясяткамі, а сотнямі.

Людміла Кавалёва (злева) прадстаўляе неглюбскія ручнікі на кірмашы мастацкіх промыслаў у гарадской ратушы Вільнюса

Сярод удзелькаў фестывалю асаблівыя адносіны склаліся з Алтайскімі стараверамі-“полякамі”, якія смела сцвярджаюць, што іх продкі прыйшлі з нашых краёў. Таму, відаць, і падпявалі так ахвотна нашы жанчыны са Стаўбуна спевам "Уцешнай канарэйкі" з Алтаю. Дарэчы, як аказалася, "Стралу" на Алтаі таксама "водзяць".

Калектыў "Уцешная канарэйка", нашчадкі Веткаўскіх стараабрадцаў, што зараз пражываюць на Алтаі

Калі спевы захаваліся ў душах і сэрцах людзей, то нагадваць пра ўтульны куточак Беларусі - Веткаўшчыну - цяпер будуць яшчэ і адмысловыя сувеніры ад Веткаўскага музея, што шчодра надзяляў імі як арганізатараў, так і ўдзельнікаў фестывалю.

Адзвінелі спевы, адзвінелі гукі гармоні ды дуды, усе раз’ехаліся, а ў галаве, міжволі, усё круцяцца і круццяцца словы арганізатара фестывалю Ірэны Захаравай: "Перад намі знаходзіцца ўсё лепшае, што ёсць у сусветным фальклоры, і наша задача - зберагчы гэта сёння і перадаць сваім нашчадкам заўтра".

Пятро Цалка, загадчык філіяла "Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава" ў Гомелі

"На гэтай сцэне сабрана ўсё лепшае, што ёсць зараз у сусветным фальклоры. Наша задача - зберагчы гэта" - прамовіла Ірэна Захарава, арганізатар фестывалю

Больш фота глядзіце ў нашай фотагалерэі.

"Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый" г. Ветка, Беларусь - Copyright © 2012 - 2018.
Усе правы абаронены. Капіраванне матэрыялаў дазволена толькі са спасылкай на сайт-крыніцу.