Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый ім. Ф.Р. Шклярава. Ветка, Беларусь

  • Партрэт

    Музей у Ветцы быў заснаваны дзякуючы ініцыятыве Фёдара Рыгоравіча Шклярава, карэннага веткаўчаніна. Так выглядала майстэрня калекцыянера ў 70-я гг. XX ст., а некаторыя прадметы з яе і зараз знаходзяцца ў фондах музея

  • Мы так даўно тут жывем...

    Найстаражытнейшыя знаходкі, што сведчаць аб знаходжанні першабытнага чалавека на Веткаўшчыне, адносяцца да эпохі палеаліту і датуюцца 100-40 тыс. г. да н. э.

  • Чайная

    Ад малюсенькага паходнага самавара да вялізнага раскошнага ў выглядзе вазы. Ніводная стараабрадніцкая сям'я не абыходзілася без самавара

  • Кузня

    У Ветцы, што славілася сваімі верфямі здаўна шанаваліся майстры-якарнікі, самымі вядомымі былі Кавалёвы, якія забяспечвалі якарамі не толькі рачны, але і марскі рыбацкі флот

  • Майстар квітнеючых вокан

    Упрыгожваліся перш за ўсё вокны. Акрамя гэтага, разьба размяшчалася на вуглах і карнізах пабудоў, на масіўных уязных варотах, ператвараючы дом і падворак у суцэльны дэкаратыўны ансамбль

  • Тканы космас

    Калекцыя ўзорнага ткацтва і вышыўкі музея ўнікальная. Гэты «генны фонд» нашай культуры абяцае даць у будучыні нацыянальны па значэнні «банк дадзеных» архаічных знакаў і тэхнік беларускага ткацтва

  • Майстэрня златакаваля

    Раслінны ўзор на адзенні святых то рупліва «тчэцца» чаканамі, гравіруецца і «чарніцца», узнаўляючы старажытную парчу, то абгортваецца жывымі веткамі з кветкамі

  • Майстэрня іканапісца

    Дошка пакрывалася грунтам-«ляўкасам». Выкарыстоўвалі асятровы клей, мел, алебастр. Пігметы расціраліся і размешваліся з жаўтком яйка, часночным «зеллем» (сокам) — у лыжках або ракавінах

  • Уздоўж ракі

    Многія веткаўчане звязалі сваё жыццё з рачным флотам: хтосьці быў капітанам парахода, хтосьці членам каманды, хтосьці будаваў рачныя судна, хтосьці сплаўляў плыты

  • Гандаль

    Шкляныя слоікі для гарбаты, скрынкі ад цукерак — упакоўка рэдка захоўваецца. Паводле расповедаў старажыл, у Ветцы была тысяча гандлёвых крам. Пад час жа кірмашоў з навакольных вёсак прыязджалі ў 2-3 гадзіны ночы, каб заняць месца бліжэй да цэнтра

  • Райскі сад

    Матыў райскага саду стаў галоўным вобразным момантам, які аб»яднаў старажытную сімволіку іконы з натуралізмам арнаменту барока. Майстэрства рэзання пазалочаных кіётаў-«садоў» на Ветцы перадавалася ад бацькі да сына

  • Гісторыя горада

    Ветка заснавана рускімі перасяленцамі ў 1683 г. Доўгі час была духоўным і культурным цэнтрам усяго стараабрадніцтва, застаючыся сімвалам волі і натхнення для шмат якіх «адзінаверцаў» на тэрыторыі Расіі

  • Кніжная культура

    Унікальнасць кніжнай культуры Веткі ў тым, што яна захавала старажытныя традыцыі кніжнага мастацтва. Тут працягвалі ствараць рукапісы ў 20-я — 30-я гг. XX ст.

  • Абрады

    Свята летняга сонцавароту, вядомае ўсёй Еўропе, у нас называецца Купалле. Гэта начны абрад, ён захаваўся ў розных варыянтах. Спявалі песні, дзяўчаты пускалі па вадзе вянкі са свечкамі, моладзь танчыла, палілі вогнішча і скакалі праз агонь

  • Веткаўскі іканапіс

    Веткаўская ікона паслядоўна ўвабрала рысы рэнесансу, барока, ракако, класіцызму, мадэрну, а таксама дасягненні іншых відаў беларускага выяўленчага мастацтва

29 жніўня (аўторак) 2017 года ў 17:00 цэнтральная гарадская бібліятэка імя А.І. Герцэна запрашае на адкрыццё выставы "Як ты пішаш буквы, так я - узоры…" з фондаў Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава.

Назву выставе далі словы неглюбскай ткачыхі Настассі Іванаўны Грыньковай. Яна сказала так, калі вучыла ўзорнаму ткацтву "першае пакаленне" навуковых супрацоўнікаў Веткаўскага музея. Мы паказваем ручнікі, на гэты раз толькі неглюбскай традыцыі ткацтва. Менавіта гэтая традыцыя захавала старажытныя ўзоры-знакі. Многім з іх - больш за чатыры тысячы год. Болей за тое, кампазіцыі арнамента маюць пэўныя паслядоўнасці такіх знакаў-сімвалаў, дзе ацалеў сапраўдны архаічны "сінтаксіс".

Мэта выставы - паспрабаваць зноў "прачытаць" гэтыя знакі і самі тканыя "тэксты"! Семантыка (значэнне, сімволіка) арнамента - захапляе, бо дазваляе адправіцца ў падарожжа па часе, у тыя самыя глыбіні тысячагоддзяў. Тады, падчас вялікіх адкрыццяў земляробства, чалавек параўнаўся з багамі, бо пачаў, як і яны, ствараць цуд жыцця: сеяць зерне і  гадаваць ураджай. Аратай узяў на сябе вялізную і магічную справу: гаварыць з богам-небам і багіняй Маці-Сырой-Зямлёй, прызываючы іх да жыватворнага шлюбу-злучэння, што адбываецца падчас вясновага дажджу з сонцам і громам. Гаварыць для багоў - спяваць-гукаць, напрыклад, выклікаючы дождж… Гаварыць для іх - вадзіць карагоды, падчас руху ствараючы крокамі геаметрычныя вялікія фігуры-сімвалы: бачныя небу і чутныя зямлі. Вось чаму ўсё жыццё нібы літаральна "акружана" кругамі-абрадамі, гэта цыклы-колы на працягу ўсяго года. Гэта адвечная размова, дыялог з багамі.

І ручнікі - частка такой размовы, бо на іх - таксама геаметрычныя культавыя сімвалы. Крыжы і ромбы былі формуламі неба і зямлі, агню і вады, Айца і Маці… Злучэнне крыжоў і ромбаў сімвалізавала шлюб, сяўбу, кожны добры пачатак, дзе зачыналася жыццё: хлеба, жывёлы, чалавека, нават добрай справы ці наогул думкі, твору - усяго, што ствараецца! Цэлыя шэрагі "жаноцкіх" ромбаў з розным "начыннем" і рознымі парасткамі прысвечаны асобным "узростам" жанчыны-зямлі-нівы. Повязь жаноцкага лёсу з зямлёй налічвае тыя ж тысячагоддзі. Такая глыбіня памяці ў традыцыйнай культуры! Таму гэта ж - знакі дзяўчынкі-дзяўчыны-жанчыны-маці-старой… для ўсяго кола жыцця.

На выставе прадстаўлены тканыя ручнікі пачатку-сярэдзіны XX ст. з вёскі Неглюбка Веткаўскага раёна, рытуальныя рэчы звязаныя з каляндарна-абрадавымі святамі, фотаздымкі, што ілюструюць асноўнае абрадавае кола беларусаў: Каляды, Гуканне вясны, Пахаванне Стралы, Жніво.

Выстава працягнецца да 14 верасня 2017 года. Уваход вольны.

"Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый" г. Ветка, Беларусь - Copyright © 2012 - 2018.
Усе правы абаронены. Капіраванне матэрыялаў дазволена толькі са спасылкай на сайт-крыніцу.