Гісторыя музея

Музей заснаваны 30.11.1978 г. на аснове распараджэння № 1711 Гомельскага аблвыканкама. У аснове - асабістая калекцыя веткаўчаніна Фёдара Рыгоравіча Шклярава (1925 - 1988) - ураджэнца Веткі, выхадца са стараабрадніцкага роду, самадзейнага мастака, калекцыянера мясцовай даўніны. Пастаянная экспазіцыя адкрыта 1 лістапада 1987 года ў адрэстаўрыраваным і рэканструяваным гістарычным будынку - доме купца Грошыкава, які ўключаны ў рэестр гісторыка-культурных каштоўнасцей РБ. Рэстаўрацыі і абнаўленне экспазіцый праводзіліся ў 2002 - 2003 гг., 2005 - 2006 гг. (часткова).

Агульныя звесткі аб музеі

Дзяржаўная ўстанова культуры "Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава".

Профіль - мастацкі (мастацтвазнаўчы). Юрыдычная асоба з 1999 г. З’яўляецца дзяржаўнай установай, якая фінансуецца з бюджэту, уваходзіць у сістэму ўстаноў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і знаходзіцца ў непасрэдным падпарадкаванні аддзела культуры Веткаўскага райвыканкама.

На 1 верасня 2016 года ў фондах музея налічваецца 11 283 экспаната (асноўны фонд - 6 145, навукова-дапаможны фонд - 5 138).  Экспазіцыйныя плошчы - 404, 6 кв. м; выставачныя - 127, 6 кв. м. (філіял). 2 кіёскі - творы мясцовых майстроў, сувенірная і друкаваная прадукцыя, ут. л. уласныя выданні музея або выданыя па яго матэрыялах.

Агульная канцэпцыя экспазіцый музея

"Для таго, каб вандраваць, патрэбна выбудаваць прастору!"

Фрагмент экспазіцыі ткацтва ў Веткаўскім музеі

Веткаўскі музей першапачаткова быў задуманы як музей мастацтвазнаўчага профілю. Гэтыя мясціны - "запаведнік" старажытных ікон і цудоўна дэкарыраваных рукапісаў, як старажытных, так і тых, што выйшлі з-пад рук мясцовых майстроў. Яшчэ да адкрыцця сталых экспазіцый маленькі калектыў праводзіў сотні экспедыцыйных паездак. У выніку ў музея вырасла другое, "ручніковае" крыло: мы адкрылі для сябе і для наведвальнікаў найбагацейшы рэгіён беларускага народнага ткацтва. А яшчэ - сабралі калекцыі касцюма, прыкладаў драўлянага разнога дэкору дамоў. Пачалі запісваць тэхналогіі старажытных па паходжанні традыцыйных відаў мастацтва і рамёстваў - сабралі калекцыю інструментаў і станкоў. Зараз цяжка было б уявіць, як такія разнародныя творы "акадэмічна" змесцяцца побач адзін з другім у адных сценах. Ад этнаграфічнага прынцыпа - прамой цытацыі ўзноўленых інтэр'ераў побыту - таксама адмовіліся. Сталі вывучаць мясцовыя абрады і псіхалогію майстроў, збіраць фальклор - і раптам зразумелі: кожны прадмет, кожны твор традыцыйнай культуры, або, як зараз прынята называць, "артэфакт" - не только "факт" мастацтва, але і "тэкст" мастацтва. Нібы сама Традыцыя дазволіла нам размаўляць з ей!

Гісторыя назваў музея

Поўная назва музея на час яго заснавання (1978 г.) - установа "Веткаўскі музей народнай творчасці" (абрэвіятура - "ВМНТ").

У лютым 2011 г. музею было нададзена імя Фёдара Рыгоравіча Шклярава. Поўная назва музея з лютага 2011 г. па 10 снежня 2012 г. - установа "Веткаўскі музей народнай творчасці імя Ф.Р. Шклярава" (абрэвіятура - "ВМНТ").

10 снежня 2012 г. рашэннем Веткаўскага райвыканкама ўстанова "Веткаўскі музей народнай творчасці імя Ф.Р. Шклярава" перайменавана ў дзяржаўную ўстанову культуры "Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава" (абрэвіятура - ДУК "ВМСіБТ")



Паглядзіце нашу фотагалерэю