Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый ім. Ф.Р. Шклярава. Ветка, Беларусь

Выстава "Пейзажы малой радзімы" ў Ветцы

Шляхам вады

Любите живопись, поэты!
Лишь ей, единственной, дано
Души изменчивой приметы
переносить на полотно…
— заклікаў рускі паэт Мікалай Забалоцкі.

Ягоныя словы можна адрасаваць усім тым, хто любіць непаўторнае хараство навакольных краявідаў.

У веткаўчан ёсць магчымасць дакрануцца — вачыма і сэрцам — да 17 жывапісных палотнаў, якія экспануюцца ў відэацэнтры "Веткаўскі" з 27 ліпеня да 30 жніўня. Супрацоўнікамі Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава С.І. Лявонцьевай, П.М. Цалка тут наладжана выстава "Пейзажы малой радзімы". На ёй прадстаўлены карціны з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь і Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава.

Карцін — параўнальна нямнога. Гэта — пейзажы, здольныя выклікаць пачуцці, эмоцыі, якія напаўняюць душу таямніцамі суладдзя, гармоніі.

Мастакі прапануюць убачыць незвычайнае ў звычайным.

І таму я ўглядаюся ў надзвычай светлыя штрыхі, якія ёсць на карціне Анатоля Бараноўскага "Аксамітавы туман" (2008); уявіце сабе дрэвы ў вэлюме срэбнага туману. Светлыя, рознаколерныя штрыхі — і на карціне "Каля крыніцы" (2002), якую стварыла яго дачка, беларуская мастачка Алена Бараноўская.

Самой крыніцы, у звыклым уяўленні, не відаць, як не відаць і драўлянага зруба, які звычайна ахоўвае крыніцу. Не відаць аброчных крыжоў з аброчнымі ручнікамі (дзе-нідзе на яве ў розных мясцінах Беларусі іх можна ўбачыць). Перада мной — шлях вады, які яна праклала, вынікнуўшы з зямных нетраў. Амаль фізічна адчуваеш, як вада цячэ, пераадольвае перашкоды, намацвае сваё рэчышча. Крыніцы даюць пачатак ручаям. Ручаі напаўняюць рэкі. Сама рака робіцца шляхам — для вялікіх і малых падарожжаў, злучае сусветы. І вось так, стоячы перад карцінай — адбіткам зямной прасторы, вандруеш, знаходзішся ў іншым вымярэнні.

Анатоль Бараноўскі (1937-2017) — майстра станковага жывапісу ў жанры пейзажу, народны мастак Беларусі. Гэтае званне ён атрымаў у 2012 годзе. Ягоная творчасць была прадстаўлена ў Італіі, Англіі, Польшчы, Германіі, Бельгіі, Швецыі, Швейцарыі, Францыі, ЗША, Украіне, Расіі, Балгарыі, Даніі, Японіі, Кітаі, ды іншых краінах свету.

Анатоль Бараноўскі — адзін з 32 народных мастакоў Беларусі.

Роберт Ландарскі. "Луг квітнее". 1977
Роберт Ландарскі. "Луг квітнее". 1977

На выставе прадстаўлена карціна "Рака Бесядзь. Старыя Грамыкі" (1970-ыя гг.) заснавальніка гомельскай школы жывапісу Дзмітрыя Алейніка. Тут жа — карціна знанага гомельскага мастака Роберта Ландарскага "Вёска Грамыкі" (1978). Гэтыя карціны — дакументальныя сведчанні пра вёску Старыя Грамыкі, якая знікла пасля Чарнобыльскай трагедыі. Аднак жа, на шашы "Ветка-Стаўбун" на адным з паваротаў і сёння можна ўбачыць указальнік з назвай "Старыя Грамыкі", — настолькі клапоцяцца веткаўскія аўтадарожнікі пра захаванне памяці аб А.А. Грамыку.

Дзмітрый Алейнік. "Рака Бесядзь. Старыя Грамыкі". 1970-ыя гг.
Дзмітрый Алейнік. "Рака Бесядзь. Старыя Грамыкі". 1970-ыя гг.

Краявіды каля Старых Грамык, відаць, былі настолькі дзівоснымі, што мастакі не змаглі застацца абыякавымі і перанеслі іх на палатно.

На адной з карцін — надта высокі бераг Бесядзі з дрэвамі. На заднім плане — вясковая вуліца — у далечыні, унізе, віднеюцца маленькія дахі драўляных хат.

Літаральна на гэтым самым месцы мне давялося быць у далёкім 1984 годзе. Пасля заканчэння дзевятага класа школьнікі будучых 10 "А" і 10 "Б" класаў Свяцілавіцкай сярэдняй школы (я — адна з іх) адправіліся на некалькі дзён з настаўнікамі ў турыстычны паход. Пешкі йшлі, многія кіламетры адольваючы, па асобных мясцінах Чачэрскага, Веткаўскага раёнаў. Ці не Канстанцін Канстанцінавіч Палтарацкі — на той час настаўнік фізкультуры Свяцілавіцкай школы ведаў пра гэты высокі бераг па-над Бесяддзю? Увечары, 4 чэрвеня 1984 года, мы паставілі тут намёты і заначавалі. Раніцай, у шэсць гадзін, прачнуліся ад гучнага рыкання кароў. Адкуль каровы?! Глянулі з берага ўніз і ўбачылі цэлы статак. Гаспадыні адна за адной выпускалі іх на вуліцу са сваіх двароў. Кароўкі марудна ішлі па гэтай самай вясковай вуліцы…

Мастакі пішуць на палотнах тыя краявіды, якія іх нечым уразілі. Вось і Фёдар Шкляраў занатаваў для вечнасці імгненні часу і прасторы: "Рака Шпонка" (1975), "Павожбар" (1978), "Узлесак" (1979).

Фёдар Шкляраў. "Рака Шпонка". 1975
Фёдар Шкляраў. "Рака Шпонка". 1975

Фёдар Шкляраў. "Павожбар". 1978
Фёдар Шкляраў. "Павожбар". 1978

Экспануюцца наступныя карціны беларускіх мастакоў: "Лета" (1964), аўтар — Ліўшыц Х.М., "Пейзаж над Соламі" (1972), аўтар — Савіцкі В.М., "Паланевічы", аўтар — Лагун В.А., "Пушыстая зіма" (1963), аўтар — Васільеў В.І., "Паўночныя бярозкі" (1990), аўтар — Фяцісаў І.Я., "Гальшаны. Касцёл францысканцаў" (1989), аўтар — Шарыпа П.П., "Хутарок на балоце" (1990), аўтар — Зайцаў Е.А., "Вечар" (2006), аўтар — Гаўрын Ю.В.

Шарып П.П."Гальшаны. Касцёл францысканцаў". 1989
Шарыпа П.П. "Гальшаны. Касцёл францысканцаў". 1989

На выставе прадстаўлена карціна "Восень" (1974), створаная яшчэ адным нашым земляком, ураджэнцам Веткі, беларускім мастаком Сяргеем Цуканавым. Нарадзіўся ён у 1936 годзе. Сяргей Цуканаў зрабіў свой унёсак у беларускі жывапіс. Засталіся карціны, ім напісаныя: "Мінск будуецца" (1973), "На сваёй зямлі" (1982), "Даяркі саўгаса "Хальч"" (1977), "Дары прыроды" (1985) ды многія іншыя.

Зрэшты, у кожнага наведвальніка, хто завітаў ці яшчэ завітае на выстаўку, абавязкова з'явяцца свае — неабыякавыя адносіны да нашых пейзажаў, свае эмоцыі і перажыванні. Добрага настрою, я ўпэўнена, толькі прыбудзе.

У апошнія гады ўсё часцей Веткаўскі музей наведваюць турысты — жыхары Беларусі, Расіі, Украіны, якія кажуць: "Мы аб'ехалі ўсю Еўропу, і не толькі, многае бачылі, а што ёсць цікавае ў нас, у Беларусі — пра тое мала ведаем. Вось і прыехалі да вас..." Пачуць такое — не ў навіну, бо яшчэ некалькі дзесяткаў гадоў таму беларускі паэт Алесь Ставер напісаў вельмі праўдзівыя радкі:

Каб любіць Беларусь нашу мілую,
трэба ў многіх краях пабываць…
Разумею цяпер, чаму з выраю
жураўлі на Палессе ляцяць...

7 жніўня выставу ў відэасалоне ўбачылі вучні 8, 9-ых класаў СШ №1 г. Веткі імя А.А. Грамыкі — удзельнікі лагера працы і адпачынку.

Наведванне выставы — бясплатнае: такі вось падарунак веткаўчанам.

Прыходзьце, запрашаем усіх!

Здзіўляйцеся… 

Тэкст: Ларыса Раманава — вядучы навуковы супрацоўнік.

Фота: Наталля Цітушкіна — супрацоўнік "Голаса Веткаўшчыны"

Тэгі: ветка, выстава, жывапіс, карціна, раманава

"Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый" г. Ветка, Беларусь - Copyright © 2012-2018.
Усе правы абаронены. Капіраванне матэрыялаў дазволена толькі са спасылкай на сайт-крыніцу.