Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый ім. Ф.Р. Шклярава. Ветка, Беларусь

Гісторыя музея

Музей заснаваны 30.11.1978 г. на аснове распараджэння № 1711 Гомельскага аблвыканкама. У аснове - асабістая калекцыя веткаўчаніна Фёдара Рыгоравіча Шклярава (1925 - 1988) - ураджэнца Веткі, выхадца са стараабрадніцкага роду, самадзейнага мастака, калекцыянера мясцовай даўніны. Пастаянная экспазіцыя адкрыта 1 лістапада 1987 года ў адрэстаўрыраваным і рэканструяваным гістарычным будынку - доме купца Грошыкава, які ўключаны ў рэестр гісторыка-культурных каштоўнасцей РБ. Рэстаўрацыі і абнаўленне экспазіцый праводзіліся ў 2002 - 2003 гг., 2005 - 2006 гг. (часткова).

У 1992 годзе музею перададзена большаячастка будынка былога райкама партыі, дзе сёння размешчаны восем фондахранілішчаў калекцый музея. У 2005 годзе перададзены ВМНТ будынак пабудовы пачатка ХХ ст. (Корпус №3), які патрабуе рэканструкцыі. Плошча экспазіцыі - 453,5 кв. м. (325,9 асноўнай + 78,7 філіял). Першы дырэктар - заснавальнік музея Ф.Р. Шкляраў, з 1978 па 1988 гг. Дырэктар з 1988 г. - Нячаева Галіна Рыгораўна. На 1 верасня 2016 года у фондах музея налічваецца 11 283 экспанатаў: АФ - 6 145, НДФ - 5 138.

Своеасаблівасць музея вызначаецца тым, што ў ім прадстаўлена мастацкая культура і творчасць некалькіх народных традыцый найцікавейшага рэгіёна на паўднёвым усходзе Беларусі, перш за ўсё, праваслаўнай беларускай вёскі і стараабрадніцкай Веткі - гістарычнага цэнтра пасадскага расколу к. XVII - XVIII стагоддзяў.

Калекцыі музея: Збор старадрукаваных кніг і манускрыптаў XVI - пачатка XX ст. - адзін з багацейшых у рэспубліцы (390 прадметаў АФ). З’яўляюцца ўнікальнымі рукапісныя ілюмініраваныя Евангеллі XVI і XVII ст., а таксама творы мясцовых майстроў XVIII - п. XX ст., выкананыя ў веткаўскім стылі кніжнага арнаменту, пеўчыя "крукавыя" рукапісы. У зборы старадрукаваных кніг - выданні Масквы, Вільна, Кіева, Магілёва XVI - XVIII ст., у тым ліку калекцыя першадрукаваных рарытэтаў XVI ст. (працы Івана Фёдарава, Пятра Мсціслаўца, Васіля Гарабурды і інш.).

У зборы ікон каля 500 памятнікаў. Гэта, перш за ўсё, творы стараабрадніцкіх майстроў, Веткаўскай школы іканапісу. З найлепшых набыткаў - "Собор архангела Михаила" і "Покров", іконы XVIII ст. з Пакроўскага храма Веткі, "Успение" XVIII ст. з Папсуеўкі; падпісныя іконы майстроў старой Веткі: Андрыянава, Фралова, Жураўлёва, Рагаткіна; калекцыя ікон з майстэрні заснавальніка музея Ф. Р. Шклярава. Гістарычны цэнтр стараабрадніцтва к. XVII - XVIII ст., рэлігійнай плыні, якая захавала да ХХ стагоддзя мастацкае мысленне і тэхналогіі старажытнарускага мастацтва, Ветка па-свойму развіла гэтыя традыцыі. Іконы XVII - XX ст., прадстаўленыя ў экспазіцыі, - гэта галоўным чынам творы мясцовай Веткаўскай школы іканапісу. З’яўляючыся культурным цэнтрам пасадскага расколу (з 1695 па 1764 г. тут дзейнічаў Веткаўскі Пакроўскі манастыр, адзінае па тым часе месца, дзе абрады спраўляліся па-старому), Ветка ўвабрала ў сваю культуру і мастацтва традыцыі розных іканапісных школ. Майстры прыходзілі разам з перасяленцамі з болей за дваццаць губерняў тагачаснай Расіі, з Ноўгарада і Ніжняга Ноўгарада, Масквы, з Дона і Украіны. Калекцыя праваслаўных народных ікон прадстаўляе асноўныя накірункі беларускага народнага жывапісу XVIII - XIX ст. Самабытная Бабіцкая школа іканапісу.

Прадстаўлены збор мелкай пластыкі (археалагічнае і стараабрадніцкае мастацкае ліццё XII - п. XX ст.). Унікальныя калекцыі мясцовых мастацкіх рамёстваў іпромыслаў XVII - п. XX ст.: залатное шыццё і шыццё бісерам; залачоная разьба па дрэве (кіёты); кавальскі метал (мясцовую спецыфіку маюць будаўнічы каваны інструмент і якары); творы мясцовых чаканшчыкаў - "златакавалёў" (каваныя аклады на іконы і кнігі). Прадстаўлены жывапіссам адзейных і прафесіянальных мастакоў, звязаных з рэгіёнам.

За апошнія гады істотна ўзраслі калекцыі: археалагічных артэфактаў, у тым ліку калекцыя прадметаў з аленевага рога і косткі (мяркуецца, мезаліт, пад’ёмны матэрыял з берага Сожа), упрыгожванняў з радзіміцкіх курганоў (раскопкі М. І. Бруевіча ва ўрочышчы Каменная Гара, 2004 - 2005 гг.); элементаў архітэктурнага дэкору народнага жылля (ліштвы, падзоры і г. д.).

У калекцыях народнай тканіны (касцюм, дэкаратыўная тканіна, ручнікі) больш за 1800 прадметаў. Прасочваюцца адметнасці розных традыцый ткацтва нашага рэгіёна і наяўнасць знакамітага неглюбскага ткацтва (XIX ст. - 1990-я гг.). Экспазіцыі размешчаны ў 11 залах на трох паверхах асноўнага корпуса ў Ветцы і ў чатырох залах філіяла ў г. Гомеле. Комплексы пабудаваны як вобразныя мадэлі прасторы культуры і ўпісаны ў гістарычны кантэкст. Мастацкія творы (н-д, ікапаніс, мастацтва кнігі, разьба, чаканка, кавальская справа, ткацтва) прадстаўленыя как акадэмічна, так і "ўпрацэсе стварэння", г. зн. суправаджаюцца ўнікальнымі мясцовымі матэрыяламі: старажытнымі інструментамі і станкамі, фарбамі, малюнкамі і ўзорамі, дакументамі. Узнаўляецца абрадавы, фальклорны і шырэй - духоўны кантэкст. Вялікая ўвага надзелена комплексам з расшыфроўкай сімволікі. Такімі з’яўляюцца "веткаўскія іканаграфіі" ў Зале іконы; вітрыны ручнікоў "Чалавек і Бог", "Знакі земляробчага календара", "Ткацтва як стварэнне свету" і інш.

Музей - навукова-даследчы і асветніцкі цэнтр рэгіёна ў галіне традыцыйнай культуры. Асноўныя накірункі навукова-даследчай работы музея - экспедыцыйная і збіральніцкая, даследчая, сістэматызацыйная, а таксама ўдзел у рэспубліканскіх і міжнародных навуковых канферэнцыях, семінарах, падрыхтоўка да выдання навуковых прац калектыва музея, публікацыя артыкулаў у навуковых зборніках, перыядычным друку.

Навукова-даследчая праца музея прысвечана вывучэнню стараабрадніцкай культуры: манаграфія Г. Р. Нячаевай "Ветковская икона" (Мінск, 2002), альбом "Веткаўскі музей народнай творчасці" (тры выданні 1994, 1999, 2001 гг.), дзе разгядаецца веткаўская школа іканапісу і старажытная мастацкая культура кнігі. Выйшлі два зборнікі навуковых работ: "Музейныя сшыткі. Веткаўскі музей" (Мінск, 1999) і "Навуковыя запіскі Веткаўскага музея народнай творчасці" (Гомель, 2004).

Вывучаюцца традыцыйныя тэхналогіі, семантыка беларускага арнаменту, народнае ткацтва ў кантэксце фальклорных і абрадавых традыцый. Комплексныя экспедыцыі музея (праграма ВМНТ "Па шляхах старажытных радоў") прайшлі па левых прытоках Дняпра: "Уздоўж Бесядзі" (1998), "Уздоўж Сожа" (1999), "Уздоўж Іпуці" (2001), "Паміж Беседдзю ды Іпуццю" (2002 - 2003). Выдадзена калектыўная манаграфія "Арнаменты Падняпроўя"(Мінск, 2004), якая налічвае каля 700 фота. Вынік апошняга праекта - калектыўная манаграфія "Голоса ушедших деревень" (Мінск, "Белорусская наука", 2008 г.; более 400 иллюстраций). Музей - "герой" шматлікіх кінастужак ітэлеперадач. Бібліяграфічныя звесткі абмузеі: "Веткаўскі музей народнай творчасці" : бібліяграфічны паказальнік / Гомел. Абл. Універсальная б-ка імя У. І. Леніна. - Гомель, 2007. - 48 с.

Збіраюцца матэрыялы па духоўнай культуры рэгіёна. Сістэматызуюцца "Экспедыцыйныя матэрыялы ВМНТ" (на 01.01.2008 г. - сто дваццаць пяць сшыткаў). Тэматыка матэрыялаў: тапаніміка, земляробчыя і жывёлагадоўчыя абрады, дэманалогія, культ Міколы і Юрыя, ікона-свяча, ткацтва, касцюм, тэрміналогія арнаменту, песенны фальклор, замовы, стараабрадніцкая культура. Экспедыцыйныя матэрыялы ВМНТ актыўна выкарыстоўваюцца ў навуковай, публіцыстычнай і асветніцкай дзейнасці. Фонд аўдыя- і відэазапісаў налічвае сотні гадзін фіксацыі.

Дзейнічае Школа традыцыйнай культуры "Аз-буки-веди". Арыгінальная праграма разлічана на 12 гадоў, з 5 па 17-гадовы ўзрост. Заняткі маюць характар гульні, праходзяць у спецыяльнай зале для заняткаў з дзецьмі і ў экспазіцыях музея. Выдадзены "Методические рекомендации Школы" (Гомель, 1999) і кніжка-маляванка "Ветковская буквица" (Гомель, 2000). Матэрыялы і методыка заняткаў публікаваліся ў перыядычным друку і прадстаўляліся на канферэнцыях.

Арганізаваны Цэнтр па захаванні і адраджэнні рамёстваў (вывучэнне і аднаўленне тэхналогій старажытных рамёстваў, перш за ўсё, мясцовых традыцый ткацтва, навучанне). Дзейнічае рэстаўрацыйная майстэрня. Спецыялістамі музея праводзяцца рэстаўрацыйныя работы па кансервацыі, раскрыцці, аднаўленні ікон, бісерных акладаў, прадметаў з металу, побытавых прадметаў з дрэва, рэстаўрацыя тканін.

26 верасня 2008 года адкрыты новы філіял ВМНТ у г. Гомеле ў адрэстаўрыраваным памяшканні, размешчаным на тэрыторыі дзяржаўнай гісторыка-культурнай установы "Гомельскі дварцова-паркавы ансамбль". 4 залы тут аб’яднаны тэмай Традыцыі. Арыгінальныя канцэпцыі прадугледжваюць пастаянныя раздзелы: 1."Шэдэўр" (выстава аднаго прадмета); 2. "Чалавек традыцыі"; 3. "Прадмет як тэкст удухоўнай культуры"; 4. "Жывое рамяство", і ўсе яны запаўняюцца зменнымі выставамі. Праводзяцца экскурсіі аглядныя і тэматычныя, лекторый (цыкл публічных лекцый па традыцыйнай культуры). У філіяле ВМНТ у г. Гомеле "адпрацоўваюцца" канцэптуальныя выставы, якія далей праходзяць у іншых гарадах рэспублікі. Напрыклад, выстава "Георгий Победоносец и всё святое воинство" (вобраз воіна ў традыцыйнай культуры): 1995 - Ветка - Гомель, 1997 - Магілёў, 2001 - Віцебск, 2005 - Мінск. Узровень экспанавання і экскурсій адлюстроўвае даследчы ўзровень дзейнасці музея і навуковы патэнцыял яго супрацоўнікаў, якія сёння з’яўляюцца ўдзельнікамі міжнародных профільных канферэнцый, аўтарамі шматлікіх публікацый і выданняў па культуры.

Усе праекты музея - вынік асабістых распрацовак калектыва музея. Дзякуючы творчым дасягненням сваіх супрацоўнікаў Веткаўскі музей застаецца "жывым" і цікавым - нездарма ён лічыцца адной з жамчужын Беларусіі з 2004 года ўключаны ў турыстычны маршрут "Золотое кольцо Гомельщины". У 2-м рэспубліканскім конкурсе "Познай Беларусь" у намінацыі "Лепшы музей года" ВМНТ быў адзначаны спецыяльнай граматай "За захаванне і адраджэнне традыцый". За плённую працу па вывучэнні і прапагандзе беларускай нацыянальнай культуры, значны ўклад у захаванне і адраджэнне гісторыка-культурнай спадчыны ў студзені 2008 г. музей атрымаў спецыяльную прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва ў намінацыі "Музейная справа”.

Музей гатовы сустракаць значна вялікую колькасць гасцей і запрашае да супрацоўніцтва ўсіх зацікаўленых ў вывучэнні і папулярызацыі багатай спадчыны традыцыйнай культуры Беларусі, а таксама жадаючых і здольных аказаць падтрымку ў справе выратавання і захавання ўнікальных памятнікаў, на якія багатая наша зямля. Высокі мастацкі і духоўны патэнцыял напрацаванай продкамі спадчыны павінен перадавацца як набытак сучаснаму пакаленню. Гэта асабліва важна для моладзі, для якой усведамленне ўласных культурных каранёў - крыніца сілы і ўпэўненасці ў будучым. Замежным жа гасцям заўсёды важна знаёміцца з культурай краіны, куды яны прыехалі. Менавіта праз культуру і выяўляецца народ, адкрыты для зносін.

"Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый" г. Ветка, Беларусь - Copyright © 2012-2018.
Усе правы абаронены. Капіраванне матэрыялаў дазволена толькі са спасылкай на сайт-крыніцу.