Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый ім. Ф.Р. Шклярава. Ветка, Беларусь

Экспазіцыі музея

Тканы космас

Калекцыя ўзорнага ткацтва і вышыўкі  музея (звыш 3200 тканін) — унікальная, прадстаўляе рэгіён паўднёвага ўсходу Беларусі і памежжа з Расіяй і Украінай.

Дзясяткі і сотні варыянтаў старажытных геаметрычных знакаў. Гэта — "генны фонд" нашай культуры. Узорны канец ручніка, ды і ўвесь ён — тканая мадэль культурнай і абрадавай прасторы. Узнікаюць паралелі паміж кодам ткацтва і земляробчым архаічным кодам, аж да каляндарнага і жыццёвага цыкла поля і чалавека.

У зале ткацтва — 23 вітрыны. Праз прасвет відны сімвалічныя інтэр’еры: "Чырвоны Кут", "Ганак", "Камора". У цэнтральным комплексе — "Стварэнне  свету" на мове ткацтва. Архаічны станок — кросны — на пары ствалоў з каранямі-нагамі. Вобраз кабыл-коней і навояў-кроснаў — калясніцы. Бёрды апускаюцца з неба-столі.

Тэхніка ткання — нібыта падарожжа ў свет продкаў. Прысутнічае дакладная атрыбуцыя. Увогуле, ў экспазіцыі прадстаўлена 168 тканых прадметаў з 68 вёсак і пасёлкаў 10 раёнаў Гомельскай, Магілёўскай і Бранскай абласцей. Знакі-сімвалы над вітрынамі сплецены і падняты ўгору, каб злучыць "неба-зямлю".

"Чырвоны Кут" (Покуць) — неглюбскі. Пяць вітрын перад ім — развіццё знакамітай неглюбскай традыцыі: ад браных старадаўніх ручнікоў з узростам знакаў у некалькі тысяч гадоў — да шматколерных сучасных. Менавіта комплекс тканага ўбору Вугла-Кута з абразамі-ручнікамі дазволіў дайсці да нас архаічным сімвалам, якія пераўтварыліся ва ўзор.

Насупраць — пяць мясцовых традыцый ткацтва з характэрным для кожнай з іх "сінтаксісам" узорнай кампазіцыі. Гэта блізкія нам традыцыі, якія "заходзяць" на тэрыторыю раёна і "перацякаюць" у суседнія мясцовасці.

У кожнай вітрыне тут таксама — вясковая народная ікона і абрадавы комплекс "Свяча" гэтай мясцовасьці, рэканструяваны па аўтэнтычных узорах.

Падборкі-даследванні на тэмы: "Жанчына-Дрэва", "Чалавек і Бог", "Нябёсныя знакі", "Райскія птушкі". Усё — на мове ручнікоў. Кампазіцыі прадстаўляюць народны жаночы строй Неглюбкі ("Кола жыцця") і розныя тэхнікі і тэмы вышыўкі: ад архаічных сюжэтаў  язычніцкага паходжаньня да "перакладаў" са старажытнай сімвалічнай геаметрыі на выяўленчую мову сюжэтных матываў пачатку-сярэдзіны ХХ ст.

Здаецца, што ідзеш праз бясконцы ручніковы лес, які разыходзіцца ва ўсе бакі. Кожны ручнік — гэта лёс. І сыходзіць — у глыбіню часу і памяці. І прыходзіць да нас.

Тэгі: ткацтва, неглюбка, арнамент, строй, ручнік, вышыўка, кросны

"Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый" г. Ветка, Беларусь - Copyright © 2012-2018.
Усе правы абаронены. Капіраванне матэрыялаў дазволена толькі са спасылкай на сайт-крыніцу.