Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый ім. Ф.Р. Шклярава. Ветка, Беларусь

Публікацыі супрацоўнікаў музея

Ручнік-шлях (1999)

Галіна Нячаева

Ручнік-шлях

Е. і М.Барсуковы. Ручнік (фрагмент). Веткаўскі раён, в. Неглюбка.

Свет гэтага ручніка мае цэнтр з усімі прыкметамі сакральнасці, дзе змешчаны галоўныя сімвалы. Прастора адносна цэнтра разгортваецца сіметрычна. Калі позіркам замкнуць усе паўторы ўэораў, узор нагадвае кругі на вадзе ці гадавыя кольцы на зрэзе дрэва. Дарэчы, старажытныя свяцілішчы, цэнтры нейкіх а-круг, а-кол-іц, таксама сведчаць пра такую самую пабудову культурнай прасторы — да мяжы са стыхіяй ці іншым Родам.

Сакральная зона цэнтра і ёсць тое, што ахоўваецца ўсімі "хрястамі" (неглюбская назва кожнай узорнай паласы) у Родзе. У цэнтры ўвасоблены вяселле, радзіны, пахаванне і памінанне. У хаце такі цэнтр — Покуць. Апошнія рубяжы Роду ахоўвае сам ручнік.

Можна параўнаць сіметрычны свет дывана і ручніка. Першы ёсць месца медытацыі і фізічнага спынення. Другі разгортвае, быццам вядзе прастору ўздоўж. I ягоны вобраз — гэта шлях да святой сярэдзіны, сэрца.

Тканы "ў дзевяцера хрястоў", ручнік праводзіць праз іх тры-чатыры тэмы. У развіцці і змене знакаў вырашаюцца некалькі апазіцый, узрост якіх вымяраецца тысячагоддзямі.

Бесперапыннае і раздзельнае

Адна з апазіцый: "недыскрэтнае — дыскрэтнае". Першае датычыцца стыхіі, другое — культуры. Бесперапынныя хвалі завуцца "крывулямі", і гэта дастаткова архаічны тэрмін (так звалася жазло крыўскіх і балцкіх жрацоў).

У ручніку два віды стыхійных сімвалаў (вады-змяі-плыні). Крайняя "крывуля" — зігзаг, быццам ручаіна за вёскай, край і мяжа. Тысячагоддзямі вызначаліся верхнія і ніжнія воды (усё залежыць ад таго, ляжыць ці вісіць ручнік). "Крывуля" заўсёды — падзел стыхійнай, непазнанай і культурнай, забудаванай прасторы. Яшчэ раз стыхійны сімвал бесперапыннасці ўзнікае перад самым цэнтрам ці, дакладней, ахоплівае яго. Гэта таксама "крывуля", але ў Неглюбцы (Веткаўскі раён) і наваколлі яна завецца "вялікая крывуля". Яна мае выгляд пульсуючай плыні, мы бачым маленькія знакі агню каля яе і нават усярэдзіне. Гэта "крывуля", якая вырасла і насыцілася жыватворнаю сілай (вада + агонь). Параўнайце ўяўленне пра "бялесага змея", які шкодзіць чалавеку, і пра "жарага змея", які дапамагае (запіс Г.Лапціна, в. Барталамееўка Веткаўскага раёна).

Уражвае, што ўсе тыпы крывуляў выконваюцца на белым фоне, які тчэцца спецыяльна дзеля іх. Іншыя знакі белых фонаў усе незямныя — "чаўны", "вуткі", "зоркі-васьмірогі", "сонейкі".

Слова "фон" паходзіць ад лацінскага "дно". У нас жа было для яго сваё слова: "зямля". Тэхніка выканання белафонавых і чырвонафонавых фігур розная. "Па белым" чырвоныя ўзоры нібы льюцца лускаватымі двухбаковымі пераборамі. Белыя ж фігуры на цёмнай "зямлі", здаецца, складаюцца з асобных цаглінак і слупкоў… ці, наадварот, разбіваюцца на часцінкі, каб скласціся ў іншы, не падобны на пачатковыя сімвалы ўзор. Ці не так засяваецца поле (дзявоцкі луг змяняецца радамі), ці не так высякаецца лес і будуецца хата? Тое — супрацьпастаўленне стыхіі і культуры ці маленне пра яго пераадоленне?

Ромбы, крыжы і іх узаемадзеянне, геаметрызаваныя выявы раслін — архаічны фонд зямных фонаў.

І яшчэ: на старых ручніках чырвоны колер "агнявідных" белафонавых знакаў эаўсёды адрозніваецца ад чьрвонага ў цёмных фонах. Першы больш светлы, больш палымяны. I чырвоныя палосы ўзораў — быццам азораная тым полымем і святлом эямля. А "на зямлі" ўзоры ткуцца белым, светлым. Мо таму, што жыццё ад Бога? Да таго зямля была "пуста н темновидна"?

Ромб, як сімвал зямлі-цаліны, мусіць быць узараны і засеяны. 3 "глухоўкі" (так завецца просты ромб) ён павінен ператварыцца ва "ўзор". Мы ведаем, як тое адбываецца ў браным чыне ткацтва: спалучаюцца ромбы і касы крыж. У пераборным жа чыне крыж — дзяліцель. I калі браныя фігуры можна спалучыць звязваннем, рухам па паверхні (як, скажам, вяжа петлі "крывы танок", карагод), то ў другім выпадку гэта нібы падзенне прамога крыжа з неба на зямлю. Бо як інакш атрымаеш гэты расколаты на чатыры часткі ромб, які і завецца "расколкаю"? Так, на чатыры, мы колем дровы, так рэжам яблык, перакрэсліваем аркуш паперы… Але так і хрысцімся…

У ручніку, які тчэ майстрыха да вясны, адчуваюцца рытмы нашых дзей, яны складаюцца ў каляндар, у год.

Пасля змяінай і вадзяной мяжы зімы і вясны (1-ая паласа, "крывулька") зямля сапраўды расколваецца, размыкаецца (2-ая паласа, “расколкі"). I тут, каля расколак, часта бываюць маленькія крыжыкі — зерне ці агеньчыкі, промні цяпла, а яшчэ — "ключыкі". Апошні сімвал вядомы ва ўсёй векавой абраднасці. I з такім "эскортам" расколкі ўжо завуцца "кучяраўкамі".

Магчыма, жаночы варыянт разумення гэтага тэрміна ў календары — "Дабравешчанне". Лічылася, што менавіта да Дабравешчання нельга кранаць зямлю. I менавіта ў гэтуга пару расчынялі вокны, выпускалі птушак, ды і агонь пачыналі выкарыстоўваць па-летняму. Дарэчы, у гэты час адбываецца вясновы сонцаварот, зімовае сонца перасякае зямную мяжу на ўсходзе, адкрывае зямлю, бы хату, для святла і цяпла. Адкрыты ромб —  знак гэтае хаты; лічыцца, што падобны знак спрыяе паспяховым родам. Але ж ці адно ў народзе свята адмыкання? 3 народнай паэзіі вядома, што ключы ад зямлі мае Багародзіца. 3 ключамі едзе Ягорый, які выпускае расу і вядзе статак у поле, адчыняючы вёску ўздоўж вуліцы і ўпоперак —  па прагону, гэта значыць з поўдня на поўнач, з захаду на ўсход. Георгій, у якім дрэмле ўспамін пра маладога Ярылу, паўтарае архаічны паядынак са змеем і наследуе тую ж энергію.

Скрозь насычаны абрадавымі земляробчымі дзеямі і Страсная, і Светлая сядміцы. На Вялікдзень мы разбіваем чырвоныя яйкі, дзелім святочныя хлябы. 3 імі ідзём потым засяваць поле. I ўвесь час абрад як бы прачышчае касмалагічны праход. Усю вясну водзяць карагоды і "Стралу". Але ж адсеяліся. А куды ісці, каму маліцца ў канцы вясны? Чоўнік жыцця ляціць ад берага да берага, за ім відаць свет іншых "хрястоў", трэцяй паласы. Гэта зямля мае ў сабе вядомыя ідэаграмы Сусветных Дрэваў. Пара, яе апяванне. Маладыя дрэвы "растуць" на волі. Гэтыя знакі маглі быць сімваламі і Семіка, і Тройцы, і Русальнага тыдня, і "куста" (палескі абрад другога дня Тройцы). Дарэчы, наш знак больш за ўсё падобны менавіта на куст. У кнізе пра старажытнагерманскія руны і іх каляндарныя колы мы ўбачылі васьміканцовы крыж (вельмі падобны на наш). Ён стаяў, калі верыць даследчыку, у пазіцыі перад летнім сонцастаяннем. I зваўся "бог" і… "куст"!

Далей, вышэй падымаемся мы па святочнай, чырвонай зямлі. I перад чацвёртаю паласою спыняемся "на беразе". Так, бо перад намі "вялікая крывуля", цякучая і агністая. Менавіта яна аддзяляе нас ад сакральнага месца сярэдзіны. Чым і хто пераадолее магутную плынь, роўную вогненнай рацэ, мору і нават небу (бо бываюць тут і зоркі, і сонейкі)? Вогненную раку пераадольвае герой казкі, калі крадзе ў трыдзевятым царстве нявесту. Вымушаныя пераадолець яе і нябожчыкі, дзяды, душы якіх птушкамі адлятаюць падчас Траецкіх дзядоў.

Мора мусіць пераплываць нявеста (паводле беларускага вясельнага абраду): "А за морам — уся радзіначка…"

Па небу ж нехта едзе ў вогненнай калясніцы…

Нельга пасеяць, уэрасціць і не чакаць зерня. Нельга, каб дзеці не прывялі ўнукаў… Таму па-вольнае развіццё веснавой расліннай сілы павінна перацярпець нешта, і гэта канец яе дзявоцкасці. Топяць бярозку, паляць кола і пускаюць уніз, да ракі. Праз агонь і ваду праходзяць і злучаюцца. Купальская песня: "Кругом, кругом дажджы ідуць, а ў нашым сяле дажджоў няма…"

Не першы раз згадваюцца словы-разгадка цэнтральнага ўзору (мы пачулі іх у Ялоўцы, за некалькі кіламетраў ад Неглюбкі, але ўжо ў Расіі): "Хіба ж вы не ведаеце? Гэта ж воз, калёсы!" Словы ўзрушылі нас да глыбіні душы, і не таму, што былі падобныя на казку. Мы шмат гадоў займаліся расшыфроўкай арнаменту і якраз напярэдадні прыйшлі да такога разумення сярэдзіннага ўзору. I вось на свае вушы пачулі пацвярджэнне нашай эдагадкі. У мове і ў арнаменце ўтрымліваецца архаічная балта-славянская міфалагема пра нябеснае вяселле. Так ці не, а ў сакральным цэнтры, на вяршыні года, ехала сонечная калясніца, а ў ёй былі тыя самыя веснавыя, траецкія Сусветныя Дрэвы — параю ўзведзеныя на вазок з сонечнымі коламі, якія пераехалі смерць — лёгка і нязмушана (так нашыя маладыя садзяцца ў "Мерседэс"…).

Малюнак 1. Мадэль культурнай (рытуальнай) прасторы, праз якую вядзе шлях ручніка.

Такім чынам, пятая паласа, адзіная, што не паўтараецца, знаходзіцца ў цэнтры сакральнасці. Купалле? Усё, усё пра тое ж… Згадайце купальскую ваду, якая грае і зіхаціць да глыбіні, і сонца, і культ дрэваў, што размаўляюць, і шлюб, і ваду, і агонь, і палаючыя колы… I тыя напаўразбураныя вазкі, перадкі, што ператвораны ў двухколкі, на якіх хлопцы падчас купальскіх гуляў каталі дзяўчат…

Але ёсць яшчэ і вогненная калясніца — з Іллёвымі вогненнымі коньмі. I грымотныя "вялікія крывулі”-навальніцы сцелюць пад яе чырвоны шлях… Сапраўды, ад Іллі (2-гажніўня) цэлы шэраг (шостая паласа?) навальнічных святаў уваходзіць у плады і зерне і цячэ ракой-смерцю для коласа.

А што ж эноў "хрясты"-"кусты"-"багі" — у сёмай паласе? Тут свята "хрястоў", бабак, сціртаў — і зноў, і паўсюдна — снапоў: першага жьггняга, і ячменнага, і аўсянага, і зборнага, і апошняга, надзеленых магічнай сілай. У геаметрычных высновах старажытнага мастацтва складаць і вязаць снапы, бароды, вянкі і знакі з саломы ёсць услаўленне веснавой расліннай сілы бога-куста і ўзнаўленне яе ў саламяных выявах. "Сноп” у перакладзе — "свяшчэнная павязка жраца". А яшчэ ёсць тэма восеньскай абраднасці: ніва ўзнаўляе сваю дзявоцкасць. Такім чынам (чынам нашага арнаменту) яна раўняецца са сваім траецкім вобразам. Так, бацькам, якія ажанілі апошняе дзіця, надзявалі на галовы вянкі.

Восьмая паласа — ніву зноў узаралі і засяваюць, потым зямлю замыкаюць ключамі, настае пара восеньскіх вяселляў… Канцом перыяду мог быць Пакроў. Але тут здагадкі множацца…

I апошнюю "змяю" дзевятай паласы замыкаюць Здзвіжанне (27.ІХ) і Сямён-Стоўп (14.ІХ), а апошняе замыканне зямлі робіць Дзмітрый, які да таго ж адмыкае ваўкам зубы і выпускае гуляць тое, для чаго на ручніку ўжо і слова няма…

Малюнак2. "Лёс” ромба розны для ручнікоў браных і пераборных: а) замок, месца; б) крыж gрамы і касы; в) "ключыкі' адмыкаюць ромб-зямлю-жанчыну.

 

Малюнак3. Варыянты ўзору "воз", "калёсы", "калессе”.

Галіна Рыгораўна Нячаева,

дырэктар Веткаўскага музея

стараабрадніцтва і беларускіх традыцый ім. Ф.Р. Шклярава.

Апублікавана: Мастацтва, 2’1999.

Паглядзіце нашу фотагалерэю

"Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый" г. Ветка, Беларусь - Copyright © 2012 - 2018.
Усе правы абаронены. Капіраванне матэрыялаў дазволена толькі са спасылкай на сайт-крыніцу.