Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый ім. Ф.Р. Шклярава. Ветка, Беларусь

Публікацыі супрацоўнікаў музея

“Божая адзёжка”. Аб уплыве кананічных тэкстаў на народнае хрысціянства (паводле абраду “Свяча”)

Г.І. Лапацін

Нагадаем, што “Свячой” на Гомельшчыне называюць як сам абрад, так і яго рытуальныя прыналежнасці, якія ўвасабляюцца ў абраз, які шануецца ўсімі жыхарамі вёскі, і свечку ў падсвечніку, апранутым у спецыяльна пашытае на яго адзенне [1, 84-89;124-129]. Згодна абраду, на працягу года “Свяча” захоўваецца ў адных гаспадароў, а ў дзень памяці святога, якому яна прысвечана, пераносіцца да другіх. Звычайна працэс пераносу “Свячы” адбываецца на працягу двух дзён, але ўплывовасць ад яго распаўсюджваецца і на далейшае жыццё вёскі. Гаспадары дома, у якім адбываўся абрад, і іншыя ўдзельнікі абраду беражліва захоўваюць зерне, у якім стаялі свечкі, недагаркі маленькіх свечак, салому, кветкі, палотны, па якіх пераносілі “Свячу”, ручнікі і адзенне са “Свячы”. Усё гэта лічыцца магічным і ў далейшым выкарыстоўваецца ў іншых абрадах: жывёлагадоўчых і земляробчых, метэаралагічных і хатніх, лекавых і сямейных. Выкарыстоўваецца менавіта ў статусе магічнага. “Божья саломка”, “божья адзёжка”, “яно каля Бога ляжыць”, — вызначаюць гэтыя рэчы носьбіты мясцовай традыцыі. [2] Усё гэта так званыя “другасныя рытуальныя прадметы, г. зн., прадметы, якія ўжо выкарыстоўваліся ў нейкіх абрадах: сямейных альбо каляндарных, і дзякуючы гэтаму набылі сакральныя ўласцівасці,” — грунтуючыся на высновах, якія зрабіў М.І. Талстой [3, 48; 168], вызначаем мы.

Лічым магчымым меркаваць, што выкарыстанне ў гэтай якасці атрыбутаў “Свячы” ні ў якім разе не з’яўляецца вынаходніцтвам выканаўцаў абраду, а грунтуецца на іх веданні  тэкстаў хрысціянскай літаратуры. Найбольш празрыста гэта, на наш погляд, прасочваецца на прыкладзе “свячных” тканін. Вызначэнне носьбітамі традыцыі свячных тканін як “божжай адзёжкі” і выкарыстанне яе ў лекавых абрадах дае падставы ўбачыць узор гэтай з’явы ў апісаным у “Евангеліе” цудзе ачування жанчыны, якая шмат год пакутвала на крывацёк. Вылячылася яна дзякуючы таму, што дакранулася да адзення Ісуса Хрыста.(Марк, 5, 25-34; Лука, 8, 43-48; Матфей, 9, 20-22).  На падставе падзеі, якая апісваецца ў “Евангеліе” ў асяроддзі жанчын з нашых вёсак ствараецца своеасаблівы ўзор лекавага рытуалу з выкарыстаннем “Божай адзёжкі”. Выглядае гэта наступным чынам: “Ісус Хрытсос, еслі ты датронуўся да яго краячка адзежы, і ўсё будзя харашо. Толькі ні хіці душой ніпраўду, а праўду толькі скажы. Еслі за краячку адзёжы Ісуса Хрыста датронецца, значыць, яму толькі польза будзя. Толькі польза будзя! [Вы сказалі, калі ўзяцца за кончык адзення Хрыста, а як гэта разумець?] А вот так. І там ў яго ё…прызнак іздзелаць такі, прызнак. [А як узяцца?] У Госпада Бога ўсюдах ё і ў кніжках, і на іконі ё Ісус Хрыстос прызнак. Вот, ён сядзіць, а вы, вот так к прымеру, во, ета чылавек, а ты к етаму, во, і к краёчку, дзе даўжна быць пала, прыткніся і малісь, і малісь толькі “Вотчу” — “Вотча наш”. Ета толькі Гасподзь адзін паможа”. (Ад ж-кі в. Бабічы Чачэрскага р. Радзькоўскай Наталлі Ягораўны, 1929 г. н., зап. Лапацін Г.І. у 2009 г. Сш. 130. Ар. 4) Адзначым, што задача нашых разважанняў спрошчана тым, што ў дачыненні да абразоў дастаткова часта жыхары нашых вёсак выкарыстоўваюць вызначэнне “Бог”. Паказальны ў гэтым плане наступны прыклад: “Усё баба казала: “К чыстаму чэцвяргу штоб у хаці памыта была і на Бога, тоб рушнічкі былі надзеты”. (Ад п-кі з в. Амяльное Веткаўскага р. Грэцкай Варвары Аляксандраўны, 1925 г. н., зап. Лопацін Г.І. в 2009 г. Сш. 117. Ар.188). Такім жа чынам вызначаецца і Свяча: “Спасіба, што пасецілі нашага Бога”, — менавіта так  падзякавала нас жанчына, у якой мы былі падчас святкавання. (Ад ж-кі в. Буда Жгунская Добрушскага р. Дударавай Вольгі Апанасаўны, 1929 г. н. зап. Лапацін Г.І. у  2009 г. Сш. 31. Ар.37).

Як паказвае зафіксаваны намі матэрыял, аналагічныя дзеянні з тканінамі, якімі аздабляюцца абразы і Свечы, выконваюць і хворыя жанчыны ў нашых вёсках, вызначаючы гэтыя тканіны, што ў вышэйшай ступені істотна, як “Божжаю адзежку”: “Хрысьціца… кума – брала такі – зваўся “увівіч”. Там, у царкве, разьдзявалі, голінькага хрысьцілі. А тады ўжо бацюшка пахрысьця, і кума дзяржыць на руках такі во – не… не не ручнік. На ручнік – Божа ж мой! – не клалі. Рушнік жа: ета ж—  Божжая адзёжка!..”(Ад ж-ків.Неглюбка Веткаўскага р. Прыходзька Софьі Сямёнаўны, 1931 г. н.,  у 2000 г. Лапацін Г.І., Раманава Л.Д. у 2000 г.  Сш. 85. Ар. 45).

Для ілюстрацыі прывядзем некалькі нашых запісаў.

“Людзі прыносяць, хто лентачку, хто хустачку. Паляжыць хустачка месяц, тады забіраюць, носяць. І сьпяць дажа ў етай хустачцы. Думаю, вазьму эты мацерыял, і пабяру, і павяжуць. Мо ня буду балець. У міне ж баліць усё – і косьці, і ўсё. Хандроз еты муча міне страшна. І я во – і ногі папавязывала, во… Ета мне так ува сьне было сказана. І я ўзяла еты мацерыял, і людзям падавала, хто бальны. Так пабралі людзі, да пазавязывалі. Калі ня грэбуіш – так вазьмі лентачку. Завяжы – ці рука забаліць, ці нага забаліць, так павязуйся. Завяжы матузачку, калі рука баліць”.(Ад ж-кі в. Красная Буда Дубрушскага р. Мацвіенка Таццяны Іванаўны,1924 г. н., зап. Лапацін Г.І., Раманава Л.Д. у 2001 г. Сш. 76. Ар. 37а.)

“Са Сьвічы, людзі, напрымер, на Сьвячэ абрыкаліся, вешалі палаценцы, хустачкі — эта аддавалі людзям, хто бальны — ён насіў.  Асобенна цанілісь і ціпер цэняцца адзёжкі са Сьвячы. Кажды раз адзёжку міняюць. А адзёжкі эці тагда бальныя людзі  біруць. Напрымер, еслі што ў чылавека баліць, напрымер, есьлі баліць ў іго рука, ён адзёжку разрывая і усігда павязывая то места, каторая баліць — і праходзя. Адзёжка такая папала мне са Сьвічы. З “Міколы” ў міне есьць, і сьцёжычку мне прынеслі ад “Троіцы”. (Ад ж-кі в. Казацкія Балсуны ў  2005 г.  ар. 67. Гутар Марыі Васіллеўны, 1960 г. н., зап. Лапацін Г.І.  у 2008.Сш. 99. Ар.105).

“Вот, заўтра “Сьвяча”, сёньня людзі знашыюцца. “Сьвячу” пераматывалі платочкамі галаўнымі, палаценцамі. А тыя платочкі, што была наматана, распрадаюць. Бяруць жэншчыны, што голавы баляць, абыкнавенныя платочкі, гарусовачкі.(Ад п-кі з в. Шалухоўка Веткаўскага р. Беланожкі Паліны Іванаўны, 1927 г. н. зап. Лапацін Г.І., Раманава Л.Д. у 2000 г. у Ветцы. Сш. 52. Ар. 98-97).

Цікавыя звесткі ў гэтым плане паведаміў гамельчанін Андрыявец Рыгор Мікалаевіч, 1950 г. н., згодна якіх, яго маці, жыхарка в. Пустая Грыва Лоеўскага р., дала яму шарсцяную хусту, намоленаю на Свячы, і параіла падкладаць яе на падушку пад час сну, каб не балела галава. (Архіў аўтара)

“…бралі палатно,  дапусьцім, палаценцы, каторыя слалі. Ета дзіржалі як лікарства. Вот, дапуьсцім, жара станя ў чылавека. Хто іго зная, ад чыго. І, вот, выцірыцца етым палаценцам, і палучаіцца, што жара спадая”.(Ад ж-кі в. Хальч Веткаўскага р. Караткевіч Марыі Васіллеўны, 1931 г. н., зап. Лапацін Г.І. у 2009 г. Сш. 135. Ар. 13)

Прыведзеныя намі прыклады лекавых абрадаў са “Свячнымі” тканінамі, красамоўна сведчаць аб тым, што змена асобных дэталяў, прынамсі: віды хваробы, віды тканін (непасрэдна “адзёжкі”, ручнікі, “мацерьял”); дзеянні з тканінамі (абгарнуць, перавязаць, апрануць) не толькі не ўплываюць на агульную семантыку і структуру зыходнага тэксту, а нават ствараюць ад яго своеасаблівую парадыгму.

Трэба адзначыць, што ўсімі папярэднімі дзеяннямі з ручнікамі, палаценцамі ды іншымі тканінамі выканаўцы абраду не проста аздабляюць Чырвоныя Куты, абразы ды падсвечнікі. Яны апранаюць Ісуса Хрыста, Маці Божаю, святых угоднікаў. І гэта не нашыя асабістыя фантазіі. Менавіта так вызначаюць свае дзеянні выканаўцы абраду. Мы толькі зафіксавалі: 

Адзёжка — абізацільна нада, як паложына, начная адзеянія, і верхнія. Як чылавек ходзіць. Счас жы, вот, маладзеж, рубахі ні адной німа, а Мацер Божжай, ніжняя більле пакрываіцца, а патом паверху — цьвятным якім, які ў каго мацір’ял быў. І падсьвечнік так, так і ікона. Два адзіянія, два плацеццы: ніжняя і верхнія. Так жы і людзям паложына быць”.(Ад ж-кі в. Залаты Рог Веткаўскага р. Нятылькінай  Ніны Рыгораўны, 1937 г. н., зап. Лапацін Г. І. у 2007 г.  Сш. 123.  Ар. 20).

“ …хазяін тэй абізацільна даўжон павесіць, у каго ікона стаяла. Абізацільна даўжон павесіць на ікону ручнік, штоб адправіць ні голаю іе”. (Ад былой ж-кі п. Юрга Веткаўскага р., ж-кі Веткі Лутковай Марыі Іванаўны, 1942 г. н., зап. Лапацін Г.І. у 2008 г. Сш. 73. Ар. 74).

“Яна ж стаяла ў палаценцы. Я ж забірала з палаценцам. Абізацільна палаценца даўжно вісець, штоб яна ні голая была. (Ад п-кі з в. Старыя Грамыкі Грамыка Софьі Іванаўны, 1928 г. н., зап. Лапацін Г. І.У 2008 г. Сш. 7. Ар. 18).

Адзенне на Свячу бывае жаночае ў выглядзе спадніц, кашуль, фартушкоў і мужчынскае. Аднак трэба заўважыць, што мужчынскае адзенне для Свячы дастаткова рэдкая з’ява, і адзінае сведчанне пра яе прыводзіць у сваёй публікацыі Лістова Т. А. па матэрыялах Мсціслаўскага раёна:“…у Никольскай свечи мужская адзежда, как штаны сшивали”. [4, 146]

Свячу апраналі і пераапраналі, шылі ёй адзенне з новага магазіннага “мацерьяла” і шылі як старыннае, яе адзявалі, як нявесту, і аддавалі за ёй пасаг, яе шылі асобныя гаспадары і шылі грамадой, да Божага адзення адносяцца не толькі спаднічкі, фартушкі, кашулі, наміткі, але і проста тканіна і рушнікі, якімі пакрываюць абразы. І зноў-такі гэта не нашыя асабістыя фантазіі, а вызначэнні, якія робяць носьбіты традыцыі:

“Сьвечка была большая, толстая, в руку. На Сьвечу шили платье с брыжами, затягивали шнурок сверху и сборочку. Отделывали тесёмочкой и кружевами. Делали как старинное платье”.(Паводле аповеда  ж-кі п. Зацішша Веткаўскага р. Гарэлавай Ганны Калінаўны, 1920 г. н. зап. Лабацкая Г. А. у 1996 г. Сш. 59. Ар. 5).

“Эта ж Мацер Божая. Пакрываіш споднік, а патом на споднік вешаіш плаціццэ, адзіёш у плаціццэ”.(Ад  ж-кі в. Залаты Рог Веткаўскага р. Нятылькінай Ніны Рыгораўны, 1937 г. н., зап. Лапацін Г. І.  у 2007 г.  Сш. 123. Ар. 26).

“Сьвечка была. Кадушычка была. Там зярно насыпана ў кадушычкі. І сьвечка  стаіць бальшая. [А на кадушычцы была адзёжка? — Г.Л.]Быў… “сарафанчык” называіцца. Такей, як на малага дзіцёначка пашыюць, толькі рукаўчыкаў німа, а так у зборачку зьбяруць сарафанчык тэй і павясюць. Была адзета і кадушычка тая”. (Ад ж-кі в. Янова Веткаўскага р. Блошык Фядосья Фядосаўна 1928 г. н., зап. Лапацін Г. І. у 2008 г. Сш. 100. Ар.17).

 “Наніз, ідзе ківот, фартух, а сюда сплашная. [Так і казалі “фартух”?] Фартух. Мы звалі “фартух”. [Не казалі, чаму так прыдумалі, каб ўнізе фартух?] Патаму шта жэншчыны кагда-та без фартуха ні хадзілі. Як замуж зайдзя — і ўсё! Усе з фартухамі былі. Толькі дзеўкі без фартухоў былі. А жэншчыны з фартухамі. [То “жэншчыны” — а гэта Сьвяча. — Г.Л.]  А эта Сьвяча — жэншчына. Дзед ціпер, вот, гавора: “Як так ногі будуць голыя ў ківоці”? (Ад ж-кі в. Шарсцін Веткаўскага р. Чуяшковай Ганны Даніланы, 1927 г. н., зап. Лапацін Г. І. у 2009 г. Сш.  126. Ар. 18).

 “… як ужэ сталі багацей, харошыя куплялі гардзіны, пакрывалі іе”. (Ад ж-ки в. Хальч Веткаўскага р. Караткевіч Марыя Васіллеўна, 1931 г. н., зап. Лапацін Г.І. у 2009 г. Сш. 135. Ар. 8)

“Станок быў зьдзеланы. І іна прыдзелана к станку. Вот, я біру, я касьцюм новы шыю на іе. Той ужэ касьцюм знімаіш, складзеш, а ўжэ свой, набіраю сітцу, і вышывання было. Сітцу набіраіш…кругом…палаценца вышываная на ікону вешаіш”. (Ад п-кі з в. Вераб’ёўка Веткаўскага р.  Шэхавай Варвары Іванаўны, 1919 г. н., зап. Лапацін Г. І. у 2010 г.  Сш. 136. Ар. 1).

“Одна женщина переносила, а другая  брала. Наряжали её, как невесту, і стояла она в Красном углу на столе, делали юбочку, украшали”. (Ад ж-кі Веткі Рослікавай Марыі Фёдараўны, 1953 г. н., родам з в. Быстра Клімаўскага р. Бранскай вобл., зап. Лапацін Г. І. у 2006 г. Архіў аўтара).

“Сьвяча — как жэншчына. Нада і рубашачку адзець, нада і плаціцца ей. Сьвяча — жэнскага рода”.(Ад ж-кі в. Вялікія Нямкі Веткаўскага р. Кавальковай Ніны Міхайлаўны, 1958 г. н., зап. Лапацін Г. І.  у 2007 г. Сш. 125. Ар. 2)

“Готовились как-бы провожать ее, то есть шились для нее наряды, новый наряд, чтобы проводить ее в путь. Всегда к празнику шилась обновка. Она одевалась в новый наряд. А все одежки, что были, они передавались. Люди брали, потом что-то стиралось, одевалось”.(Ад ж-кі Гомеля Дрозд Тамары Ігнацьцеўны, 1952 г. н., родам з п. Пабеда Хальчанскага с/с Веткаўскага р., зап. Лапацін Г. І. у 2007 г. Сш. 97. Ар. 123).

“Чымадан адзёжы ў міне ляжыць… цэлы чымадан адзёжы за ёй аддаю”.(Ад ж-кі в. Старое Сяло Веткаўскага р. Дзярбеевай Валянціны Міхайлаўны, 1939 г. Лапацін Г. І. у 2007 г. Сш. 101. Ар 27).

“Хто што возьме сашыя, кругом. Тамака яна пад сьцяклом, а ета, на тумбаццы на етай, дзе сьвечкі стаўліваюць, ета людзі абракаліся, шылі, хто ету занавеску на вікону на бальшую вешая, тожа павеся прынясе. І так з міру па нітцы і голаму рубаху дзелалі”. (Ад ж-кі в. Шарсцін Ганчаровай  Еўдакіі Яфрэмаўны, 1919 г. н. Лапацін Г. І. у 2008 г. Сш. 126.  Ар. 2-3).

“Рушнікі вешаюць на картачкі. На партрэты ці на картачкі. А на віконы платкі вешаюць. На картачкі вешаюць узоры малінькія, малыя такія, узоры, а на віконы бальшыя”. (Ад ж-к п. Зялёная Хвоя Веткаўскага р. Лебедзевай Анастасіі Андрэеўны, 1921 г. н., Лебедзевай Софьі Сяргеяўны, 1933 г. н., зап. Лапацін Г. І. у 2008 г. Сш.127.  Ар. 26).

Такім чынам, прыведзеныя прыклады, а іхнюю колькасць можна неабмежавана павялічваць,  сведчаць аб тым, што зыходны тэкст, якім з’яўляецца евангеліская легенда, дастакова актыўна ўжываецца носьбітамі народнай традыцыі, якія ствараюць ад яго шматлікія дыялектныя варыянты. У апошнім яны грунтуюцца і на асаблівасцях мясцовых строяў адзення, і асаблівасцях аздаблення Чырвоных кутоў, на ўяўленнях аб святых, якім прысвечана тая ці іншая “Свяча”, і на ўяўленнях аб святах і пастах, і на асаблівасцях некаторых абрадаў (прынамсі, вясельнага) сямейнага кола, і, безумоўна,  на асабістым вопыце лекавай практыкі.

1. Найбольш падрабязна гісторыя абраду, яго структура, арэал распаўсюджвання, бібліяграфія разглядаюцца намі ў наступных публікацыях: Лапацін, Г. І. Абрад свячы ва Ўсходнім Палессі // “Аутэнтычны фальклор: праблемы бытавання, вывучэння, пераймання”: матэрыялы навукова-практычнай канферэнцыі. / рэдкал М. Л. Кузьміч (адказ. Рэд) [і інш]. — Мінск: Бел. Дзярж, ун-т культуры і мастацтваў. 2007. с.  Лапацін Г. І., З вопыту вывучэння дыалектнай фразеалогіі. Фразеалагізмы з кампанентам “сьвяча” // Материалы V Международнай конференции “Славянская фразеология в ареальном, историческом и этнокультурном аспекте”. Гомель. 2007.   с. Лапацiн Г.I.  “Ікона звалась свячой…” Из опыта изучения обряда “Свечи” в Восточном Полесье. [Текст] / Лапацiн Г.I. // Антропологический форум. Санкт-Петербург. 2008, № 8.

2. Па аповеду ж-кі в. Неглюбка Саломенай Вулляны Мікалаеўны, 1930 г. н., г., зап. Лабацкая Г. А. у 1996 г. Сш. 58. Ар. 7. Ад п-кі  з в. Амяльное Грэцкай Варвары Аляксандраўны, 1925 г. н. зап. Лапацін Г. І., у Ветцы,   у 2006 г.  Сш. 117.  С. 84. Ад ж-кі в. Неглюбка Веткаўскага р. Саломенай Вулляны Мікалаеўны, 1932 г. н.., зап. Лапацін Г. І. у 2008 г. Сш. 131. Ар. 5. Тут і далей экспедыцыйныя матэрыялы атрыбутуюцца па фонду захоўвання Веткаўскага музея народнай творчасці.

3. Толстая С.М., Толстой Н. И. Заметки по славянскому язычеству. 5. Защита от града в Драгачеве и других сербских зонах. [Текст] / С.М. Толстая, Н.И. Толстой // Славянский и балканский фольклор. Обряд. Текст. Москва. Наука, 1984. 280 с. Толстой, Н.И., Вторичная функция обрядового символа. [Текст]  / Н.И. Толстой Язык и народная культура. Очерки славянской мифологии и этнолингвистике  — Москва: Индрик, 1995.Традиционная и духовная культура славян / Современные исследования.)— 512 с.

4. Листова,Т.А. Братский праздник “Свеча”на белорусско-русском пограничье. Ареал распостранения и локальные особенности. [Текст]/ Т.А. Листова Пытанні мастацтвазнаўства, этналогііі і фалькларыстыкі. Вып. 3, ч. 2. Мн., ВТАА “Права і эканоміка”, 2007 // Матэрыялы Міжнароднай навуковай канферэнцыі, прысвечанай 50-гадоваму юбілею ІМЭФ імя Кандрата Крапівы нацыянальнай акадэміі навук Беларусі “Мастацтва, фальклор, этнічныя традыцыі ў выражэнні актуальных задач сучаснай культуры”, Мінск, 7-8 чэрвеня 2007 года . С. 145-151.

Генадзь Ісакавіч Лапацін,
вядучы навуковы супрауоўнік Веткаўскагя музея
стараабрадніцтва і беларускіх традыцый ім. Ф. Р. Шклярава.

Апублікавана: Аўтэнтычны фальклор: праблемы захавання, вывучэння, успрымання: зборнік навуковых прац удзельнікаў Vміжнароднай канферэнцыі (Мінск. 29-30 красавіка — 1 мая 2011 г.) БДУ КМ; рэдкал: Мажэйка М.А. (адказ. рэд.) [і інш.]— Мінск: БДУ КМ, 2011, 268 с. С. 93-97.

/em

Паглядзіце нашу фотагалерэю

"Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый" г. Ветка, Беларусь - Copyright © 2012 - 2018.
Усе правы абаронены. Капіраванне матэрыялаў дазволена толькі са спасылкай на сайт-крыніцу.