Адраджэнне традыцый

on .

У матэрыяльна-культурнай спадчыне беларусаў народнае ўзорыстае ткацтва займае адно з самых пачэсных месцаў. Стагоддзямі адточвалася графіка арнаментальных матываў, набываліся практычныя навыкі, удасканальвалася тэхналогія вырабу. У працэсе жыццядзейнасці чалавека і ткацкія вырабы, і абрады ды звычаі цесна перапляліся. Увесь працэс вырабу тканіны - ад пасеву лёну, які быў асноўнай сыравінай для прадзення і ткацтва, да самога ткання - арганічна ўваходзіў у сетку народнага календара, па якому вызначаліся пачатак і канец усялякай земляробчай працы, дні святаў, прысвяткаў і пастоў. А тканыя рэчы - ручнікі, абрусы, наміткі, паясы і інш. удзельнічалі ў разнастайных дзействах. Звязаных з сямейнымі і рэлігійнымі абрадамі, рознымі павер'ямі. Усё гэта давала падставы для няспыннага развіцця ткацкіх традыцый, якія перадаваліся з пакалення ў пакаленне і былі цесна звязаны з працоўным, духоўным і эстэтычным выхаваннем беларусаў.

Праз абставіны, што склаліся ў нашай краіне ў цяперашняе стагоддзе, страцілася пераемнасць шмат якіх культурных традыцый, у тым ліку і ткацкіх. Толькі часткова працягвалі яны сваё існаванне дзякуючы намаганням асобных сялянскіх майстрых.

Зал "Жывое рамяство" і клуб "Параскева" з'яўляеца спробай наладзіць паслядоўнае комплекснае вывучэнне традыцый беларускага народнага ткацтва. Усе сустрэчы, якія праводзяцца ў межах клуба "Параскева" складаюцца  з тэарэтычных і практычных заняткаў. Тэарэчытычная частка прадугледжвае знаёмства з гісторыяй развіцця ручнога ткацтва на тэрыторыі Беларусі, з выкарыстаннем тканых рэчаў у хатнім побыце, сямейных і каляндарных абрадах, з семантыкай арнаменту, з рэгіянальнымі асаблівасцямі даматканых рэчаў, развіццём ткацкіх традыцый на сучасны момант, а таксама з мастацка-тэхналагічнымі асаблівасцямі кожнай тэхнікі ткацтва.

Практычная частка накіравана на знаёмства з асноўнымі тэхнікамі беларускага народнага ткацтва - закладной, бранай, выбарнай, ажурнай, пераборнай, тканнем на рознай колькасці нітоў, падвойнай, асваенне канкрэтных прыёмаў ткацтва.

 

Асаблівая ўвага ў рабоце клуба надаецца знаёмству з мясцовымі ткацкімі традыцыямі (неглюбская, казацка-балсунская і інш.). Пры вывучэнні кожнай тэмы за аснову бярэцца мясцовы аўтэнтычны матэрыял, які ў вялікай каолькасці размешчаны ў экспазіцыях і фондах музея.

Самае галоўнае, што спасцігнуць таямніцы ткацкага майстэрства можа кожны ў каго знойдзецца жаданне і час, каб завітаць у філіял Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава ў Гомелі.



Паглядзіце нашу фотагалерэю