Пад адным сланечнікам: Продкі і сучаснікі, аб’яднаныя таемнай мовай ткацтва

on .

Дзіцячая памяць – крыніца будучыні.
Анатоль Жук

Гістарычная памяць народа – адзін з абавязковых атрыбутаў нацыі. У сваю чаргу для захавання  народных традыцый і абрадаў, экспаніравання элементаў, з якіх традыцыі і абрады складаюцца, закладваюцца і функцыянуюць музеі. А што ж непасрэдна робіцца (калі робіцца) дзеля адраджэння і існавання саміх традыцый? Ёсць пытанне, ёсць і станоўчы адказ на яго, з дапаўненнем нават: тое, што робіцца дзеля гэтага, робіцца вельмі ўдала.

Так, у філіяле Веткаўскага музея народнай творчасці імя Ф. Р. Шклярава прадстаўлена інтэрактыўная экспазіцыя “Жывое рамяство”, дзе кожны можа ўбачыць, як ткуць на кроснах, даведацца шмат цікавага пра старажытнае рамяство і, акрамя таго, пры жаданні паспрабаваць сябе ў якасці ткача. Да таго ж пры філіяле працуе этнаклуб “Параскева”, які прымае ўсіх, хто хоча далучыцца да ручных рамёстваў: ткацтва, вышыўкі, вязання. Якім жа чынам адбываецца адраджэнне нацыянальнай памяці? – задаюся пытаннем і вырашаю наведаць сустрэчу этнаклуба.

Чэрвеньская нядзеля вырашыла парадаваць надвор’ем: сонечна і цёпла. Залы музея дораць прыемную прахалоду. У пазначаны час з’яўляюцца і дзяўчаты-ўдзельніцы этнаклуба Васіліса, Настасся і Алеся – і музей літаральна ажывае. А як жа: трэба і апошнімі навінамі падзяліцца, і  рэальнае становішча рэчаў у свеце абмеркаваць! Вось і зараз дзеляцца думкамі наконт правільнасці зробленай харчовай пакупкі для корму птушак. Вырашаюць, што варта: птушкі – вястункі Бога, менавіта праз іх пасылаем мы свае жаданні да яго. Ледзь не забылася! Клуб наведвае і хлопец – Нікіцін Аляксандр, – і, дарэчы, не беспаспяхова: ў дзень майго наведвання клуба Аляксандр скончваў ткаць сабе пояс.

Абмяркоўваючы набалелае, дзяўчаты бяруцца за справу: хто – за ткацтва, хто – за пляценне фенечак. Знаходзіцца занятак і для мяне: ўтульна ўладкоўваюся ля вертыкальнага  станка па вырабу дарожак са шматкоў адслужыўшага адзення, які тут жа ахрышчаны намі ў “безадыходную” вытворчасць. А калі да гэтага яшчэ дадаць, што само пляценне прасякнута спакоем і раўнавагай, то становіцца зразумела, якім чынам нашы продкі лячылі нервовую сістэму. Ды яшчэ возьмем у разлік наяўнасць побач нязменнага памочніка і дарадцы ў сферы народных рамёстваў Пятра Цалкі, навуковага супрацоўніка музея. А размова, перапоўненая жартамі, песнямі, байкамі, усё не сціхае!

Пасля маленькага перапынку прыступаюць да наступнага пункта – вывучэння новага ўзора ткацтва. Такія арнаменты, як “зубатая калодка”, “мышыная сцежка”, “лапа на восем растоў”, “жабкі”, “вядзьмедзь” дзяўчаты ўжо ведаюць. Сёння для іх падрыхтаваны новы ўзор – “кручча” і яго прыватны выпадак “спорыш”. Для яго вывучэння адпраўляюцца ў залу, дзе прадстаўлена выстава “Міколіна трава”, уладкоўваюцца ў чоўне, як зручней, размяшчаючы на каленях сшытачкі. І – пачынаецца вучоба. Адзначым, што ў аснове этнаклуба не механічнае спасціжэнне сутнасці ці то традыцыі, ці то абрада, ці то арнамента ў рэшце рэшт, таму і вывучэнне ўсяго пачынаецца са спасціжэння зместу, што пасля пераносіцца на знешні бок яго ўвасаблення.

 

Паколькі нецікава рабіць “кручча”, не ведаючы якім сэнсам напаўнялі гэты арнамент продкі (а арнамент – гэта заўсёды сімвал), вырашаюць ісці ад самага пачатку. Так, Пятро з дзяўчатамі малююць ніву, дзеляць яе на загончыкі, засяваюць зернем, назіраюць за першымі ўсходамі і кветкамі, збіраюць ураджай пасеянага, фіксуючы ўсё на сваіх малюнках. Пасля ўвага дзяўчат скіроўваецца на ручнікі. У залу “Міколіна трава” прыйшлі нездарма: адна з іпастасей Міколы – Мікола-сявец; менавіта на ручніках, якімі пакрывалі іконы, адлюстраваны дадзеныя арнаменты. Таму знаходзяць на ручніках і засеяную ніву, якая прымае выгляд ромба з кропачкамі, і кветачкі з усходамі, што ўвасабляюцца ў вывучаным дзяўчатамі арнаменце “лапа”, і, нарэшце, налітыя сонцам каласы, якія нават на ручніках нізка пасхілялі галовы. Гэта і ёсць “кручча”.

 

Усё ў сваю чаргу суправаджаецца каментарыямі, падводзяцца вынікі працы. Для большай зацікаўленасці і асэнсавання праробленага праводзяцца паралелі мінулага з сучасным. Пятро тлумачыць, што калі раней набожнікі, ручнікі, якія насілі да крыжоў, крыніц, святых месцаў, з’яўляліся своеасаблівай ахвярай і просьбай добрага ураджаю і дастатку, то і выраб ручнікоў у сучасным свеце мае ўсе падставы надзяляцца сэнсам, сімволікай, перадаючы самыя патаемныя мары і жаданні вырабніка. Узяўшы на ўзбраенне магчымасць расказваць ручнікам самае дарагое, дзяўчаты спяшаюцца рабіць схему арнамента.

Так, аднойчы з настаўніцай прыйшоўшы ў музей на экскурсію, дзяўчаткі вырашылі прысвяціць свой вольны час спасціжэнню народных рамёстваў. Не дзіва: тут яны не толькі весела і радасна бавяць час, але і далучаюцца да таямніц старажытных рамёстваў, спрабуюць сягнуць у беларускі менталітэт, робячы лялькі-абярэгі і саламяных птушак. Можа, і не ўсё пакуль зразумела дзяўчаткам дасканала (малодшай з іх 8 гадоў, старэйшай – 12), але “закладваць падмурак пад нацыянальную гістарычную памяць патрэбна пачынаць з маленства”, упэўнена канстатуе Пятро. Таму і з дзяўчатамі размаўляе па-беларуску, на роўных, чым заслугоўвае іх павагу. Ды і самі дзяўчаты час ад часу спрабуюць прымерыць беларускую мову на сябе, што само па сабе ўжо з’яўляецца заслугай Пятра.

Заканчваецца сённяшняя сустрэча сумесным кормам птушак ля будынка музея. Відаць, ёсць-такі патаемныя мары, якія птушкі і данясуць да Бога. Дзяўчаты ж будуць шчыра чакаць іх рэалізацыі.

P.S. Быццам падгледзеўшы збег падзей і падслухаўшы ўсё, чым гэтыя падзеі суправаджаліся, Анатоль Жук, аўтар аповесці, да якой вечарам звярнулася, даводзіць наступнае: “Ашукваць можна ўсё і ўсіх. Адных нельга – дзяцей. Тут магчыма прывесці параўнанне з будаўніцтвам моста, наступны пралёт якога раптам пачынаеш майстраваць з пылу. І калі яно так, то на жаданы бераг Будучыні доўга, а можа, і ніколі не ступіць нага твайго народа, так і будзе ўсё жыццё над прорвай…”. У этнаклубе “Параскева” дзяцей не толькі не ашукваюць, але і адкрываюць шырокі свет гістарычнага багацця з яго сімволікай і атрыбутыкай. Хочаце далучыцца да нацыянальнай скарбніцы – дзверы музея адчыненыя для ўсіх. Просім!



Паглядзіце нашу фотагалерэю