Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый ім. Ф.Р. Шклярава. Ветка, Беларусь

  • Галоўная
  • Архіў навін
  • Адкрыццё новай выставы + прэзентацыя выдання “Книжная культура. Ветка” ў філіяле Веткаўскага музея

Адкрыццё новай выставы + прэзентацыя выдання “Книжная культура. Ветка” ў філіяле Веткаўскага музея

Нягледзячы на тое, што кніга “Книжная культура. Ветка” супрацоўнікаў музея Г. Р. Нячаевай і С.І. Лявонцьевай была выдадзена ў канцы 2013 года, гамельчукам яна была прэзентавана толькі зараз. Была ўзгадана і “Живая вера. Ветка” – яшчэ адно грунтоўнае выданне, створанае паводле вывучэння іканапісу веткаўскай школы.

Аўтары і іх намаганні некалі стаялі поплеч з Ф.Р. Шкляравым ля вытокаў нашага музея:

- Гэта стала школай для нас, таму што мы ездзілі са Шкляравым,  збіралі, пыталі. Мы ўвогуле былі школьнікамі паводле сваёй свядомасці. У нас нават ніякіх кніг не было па стараверстве, - узгадвае Галіна Рыгораўна.

І сёння згаданыя выданні – вынік 30-гадовай працы аўтараў. Тады, у 80-х гадах, ім вельмі пашанцавала, бо яны мелі жывыя зносіны з інфарматарамі-стараверамі, вядомымі сваімі трапяткімі адносінамі да артэфактаў уласнай культуры.

- Як ты можаш называць кнігу “кніжкай”, - абуралася адна стараверка на Святлану Іванаўну, якая – па маладосці і недасведчанасці – не толькі “абазвала” кнігу, але і паклала яе сабе на калені, чаго жанчына-стараверка ніколі б сабе не дазволіла.

Святлана Іванаўна больш падрабязна распавяла пра змест выдання “Книжная культура. Ветка”, суправаджаючы гэта падобнага кшталту цікавымі гісторыямі, пачутымі ў паездках па стараверскіх мясцінах. А потым перавяла ўсіх у залу з новай выставай “Дорога длиною в 400 лет”.

Прысвечана яна надпісам у старых рукапісных і друкаваных царкоўных кнігах. У прысутных была магчымасць разам са спецыялістам па кніжнай культуры павандраваць у часе і прасторы, сочачы за лёсамі кніг. Гэта не проста жыццёвыя шляхі некалькіх выданняў. Гэта лёсы і гісторыі розных людзей – ад селяніна да цара – і розных мясцін, з якімі старыя кнігі на сваім шляху сутыкаліся.

Больш фота з прэзентацыі кнігі можна паглядзець тут.

Больш фота з адкрыцця выставы можна паглядзець тут.

Паглядзіце нашу фотагалерэю

"Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый" г. Ветка, Беларусь - Copyright © 2012 - 2018.
Усе правы абаронены. Капіраванне матэрыялаў дазволена толькі са спасылкай на сайт-крыніцу.