Адкрыццё выставы “Хлебам адзіным…” у філіяле Веткаўскага музея

вкл. .

Спрадвеку жыццё беларуса нельга было ўявіць без хлеба. ЖЫТА – гэта і ёсць само ЖЫЦЦЁ. І таму вакол гэтага прадукта ўтварыўся пэўны арэол – сакралізаваны, поўны глыбокай пашаны, павер’яў і забабонаў, патаемных сэнсаў…

Пачалося адкрыццё выставы са спеваў: спачатку – калыханка, потым – хрэсьбінная песня. Была разыграна нават цэлая сцэнка з “біццём кашы”, яе выкупам і ўскладаннем чарапкоў гаршка на галовы прысутных. Пазней загадчык філіяла і аўтар выставы Пятро Цалка патлумачыць сэнс гэтых і іншых абрадавых дзеянняў пры з’яўленні ў сям’і новага маленькага чалавека, звязаных з жытам, зернем, хлебам.

Але спачатку звяртаецца да прыстасаванняў, на якіх раней выраблялі муку. На выставе гэта архаічная зерняцёрка, якой церлі зерне 6 000 гадоў таму, а таксама больш новыя жорны, якімі карысталіся ўжо ў XX ст., прымацаваўшы нават да іх электрычны рухавік. На жорнах можна паспрабаваць самому змалоць муку, але ніхто з прысутных не адважваецца.

Гучаць таксама некаторыя са змешчаных на выставе тэкстаў легенд пра паходжанне хлеба. У свой час іх зафіксаваў у экспедыцыях наш супрацоўнік Генадзь Лапацін.

Ад народзінаў Пятро Цалка пераходзіць да этапу вяселля і ролі хлеба ў ім. Гучыць яшчэ адна песня, якая спявалася падчас упрыгожвання елкі. Рытуальную елку вілі на вяселлі разам з выпяканнем каравая. З аповедам пра хлеб Пятро Цалка закранае сімволіку вясельных кашуль, арнаментаў на іх.

Наступны важны этап – смерць і пахаванне. Пяецца адпаведная песня. Гэта не пахавальнае галашэнне, але песня пра труну:

- Калі чалавек цяжка і доўга хварэе, то ён можа даць зарок зрабіць сабе труну, і гэта дапаможа яму пражыць яшчэ нейкі час, - распавядае выканальніца песні Ірына Глушэц. – І ў песні жанчына дала такі зарок на 25 год, а потым паміраць ужо не хацелася. І іншага няма каго пакласці.

Беларусы сапраўды рабілі труны і рыхтаваліся да смерці загадзя. А этнаграфічныя звесткі з Веткі кажуць, што пустая труна прыцягвае смерць, і яе абавязкова трэба перасыпаць жытам. Пра гэта ўсё і шмат чаго іншага распавядае Пятро Цалка.

- Мы пачалі з археалогіі, з гэтых жорнаў і зерняцеркі, якія выкапалі з зямлі і прыйшлі да таго, што трэба таксама закапаць. Але гэта спрадвечнае кола, якое не заканчваецца, таму што род чалавека працягваецца і не мае апошняй кропкі, - кажа напрыканцы аўтар выставы.

Больш фота з адкрыцця выставы глядзіце ў нашай фотагалерэі.



Паглядзіце нашу фотагалерэю