Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый ім. Ф.Р. Шклярава. Ветка, Беларусь

“Стрэльная” экспедыцыя: Пералёўка – Стаўбун – Неглюбка.

Сёлета супрацоўнікі Веткаўскага музея задаліся звышмэтай папрысутнічаць на Ушэсце аж у трох вёсках Веткаўшчыны, дзе дагэтуль хаваюць Стралу. Абрад выклікання дажджу і адвядзення маланкі ад вёскі пад назвай “Пахаванне Стралы” ў трох мясцінах – Пералёўцы, Стаўбуне і Неглюбцы – захаваў сваю архаіку і адметнасць у рознай ступені. Паназіраць за гэтым і прыехалі ўсе, хто далучыўся да нас у гэтай экспедыцыі.

А гэта быў цэлы аўтобус людзей, не толькі з Гомеля, але і з Мінску, Санкт-Пецярбургу, Кіева. Па дарозе загадчык філіяла нашага музея Пятро Цалка, які і сабраў усіх у паездку, распавядае пра сам абрад, а таксама пра яго асаблівасці ў кожнай з вёсак.

Пералёўка

Тут, як і ў мінулым годзе, усё пачалося са Свячы. Але ранішняя служба на гэты раз адбылася ў новай царкве, у якую перарабілі адну з вясковых хат. Пасля застолля ў хаце, дзе стаяў абрадавы комплекс Свяча, пачаўся рух. Але значнай часткі абраду з адмысловымі спевамі – “лёлюшкамі” – паназіраць не атрымалася. Справа ў тым, што частку комплексу “Свяча” – ікону – вырашылі перанесці ўсім шэсцем у новую царкву. І нягледзячы на тое, што ў сённяшніх абрадах са старажытнымі каранямі вельмі шмат ад хрысціянства, бабулі жорстка размяжоўваюць дзве падзеі: перанос іконы і непасрэдна Пахаванне Стралы.

- Ікону нясом, якія лёлюшкі? – абураецца адна з жанчын на пытанні, чаму ніхто не пяе “стрэльных” песень.

Такім чынам, да самага цэнтра вёскі наперадзе шэсця пад спевы псальмаў ішлі святар, жанчына з іконай і дзяўчынка з лялькай-абярэгам – унікальным на сённяшні дзень мясцовым атрыбутам Пахавання Стралы. Карагоды пачаліся толькі пасля таго, як ікона была занесена ў царкву. Ды і тое частка жанчын адасобілася і далей не пайшла, застаўшыся ў царкве. Шэсце накіравалася да жыта хаваць ляльку, але пабачыць гэта ў нас не атрымалася, бо давялося ехаць у Стаўбун.

Стаўбун

У Стаўбуне ўсё, як звычайна, прайшло без нечаканасцяў. Тут ужо даўно перасталі азірацца на царкву і святароў, не адступаючы ад тых канонаў абраду, якія захаваліся да сучаснасці. Мы напаткалі ўдзельніц пахавання, калі два шыхты з розных канцоў вёскі ўжо сыходзіліся ў адзін вялікі карагод. Па дарозе да жыта з хутара пачуліся нешматлікія, але звонкія галасы: яшчэ дзве жанчыны нечакана далучыліся да шэсця.

У жыце быў заведзены апошні карагод, закапаны ў зямлю невялічкія прадметы – звычайна гэта металічныя элементы ўбрання. Хто хацеў, пакачаўся ўдосталь у жыце, забяспечыўшы сабе моцнае здароўе на цэлы год. А таксама нарваў сабе дзевяць каласкоў, якія прыносяць з поля і ставяць у Чырвоны Кут у якасці абярэга.

Неглюбка

А ў Неглюбцы нібыта ніхто і не збіраўся хаваць Стралу. Не было нават гарманіста, які штогод прыходзіў пад краму весяліць народ. Здавалася, што “гледачоў” на абрад прыехала болей, чым было на вёсцы людзей, якія хацелі і маглі ў ім паўдзельнічаць. Некалькі чалавек з нашай экспедыцыі адасобіліся, каб трошкі паагітаваць мясцовых жыхароў. У выніку праз некаторы час з’явіліся Старац са Старчыхай – персанажы абраду, якія мусілі блазнаваць і ганяць дзятву, што з іх насміхалася.

- Бабанькі, запявайце, - падбухторвала жанчын Старчыха заспяваць “стрэльныя” песні, але тыя аднекваліся: “мы не памятаем”, “вунь, на той вуліцы жывуць лепшыя пявунні”… Мясцовы люд быў пасіўным, хаця і адорваў, паводле традыцыі, пераапранутых блазнаў грашыма.

Такім чынам, сапраўднага абраду ў Неглюбцы мы так і не дачакаліся. Ды і часу чакаць не было: трэба было з’язджаць, каб госці з Мінску паспелі ў Гомелі на цягнік.

Носьбіты традыцыі тут выміраюць, але вартыя велічэзнай павагі такія людзі, як тая жанчына, што выйшла да крамы, нягледзячы на сваю нядужасць, у святочнай неглюбскай кашулі і спявала абрадавыя песні. Такія людзі – цяпер адзінкі, якія цудоўна ведаюць, дзеля чаго ўсё гэта робіцца і не могуць жыць не па традыцыі, хаця і сілаў на ўсё гэта ўжо не стае.

Паглядзіце нашу фотагалерэю

"Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый" г. Ветка, Беларусь - Copyright © 2012 - 2018.
Усе правы абаронены. Капіраванне матэрыялаў дазволена толькі са спасылкай на сайт-крыніцу.