У філіяле Веткаўскага музея здзейснілі фольк-этна-вандроўку “Вурай”

вкл. .

Менавіта пад такой назвай 19 чэрвеня прайшла імпрэза. У гэты вечар можна было не толькі пабачыць і паслухаць гасцей з Мінску – гурт “Вурай”, але і, сапраўды, здзейсніць своеасаблівую вандроўку ў свет традыцыйнай культуры.

А адбылося гэта дзякуючы ГМКГА “Талака”, якая і была ініцыятарам “вандроўкі”. Арганізацыя прэзентавала свой ART-праект “Сушка” – выставу фотаздымкаў з экспедыцый па Гомельшчыне. Ва ўступным слове маршалак “Талакі” Марыся Тульжанкова запрасіла ўсіх да ўдзелу і ў сёлетняй экспедыцыі на Лоеўшчыну.

Потым зайгралі музыкі. Гурт “Вурай” ужо не першы раз прыязджае да нас, але ў гэты вечар праграма была асаблівай: музыкі завіталі з новым альбомам “Rajok”. Каб “раскруціць” публіку на танцы, лідар гурта Сяржук Гаюн зладзіў конкурс паміж трыма танцавальнымі парамі пад кампазіцыю “Полька”. Але да танцаў далучыліся і іншыя.

Калі крыху сцямнела, надыйшоў час для яшчэ аднаго сюрпрызу ад “Талакі” – прэзентацыі кнігі “Традыцыйнае вяселле: рэканструкцыя вясельнага абраду паводле Брагінскай традыцыі”. Гэта невялікае выданне, над якім працавалі Марыся Тульжанкова і Алёна Паўлава, даступнай мовай распавядае пра тое, як, паводле этнаграфічных звестак, ладзілі вяселле ў вёсках Брагіншчыны.

– Мы – збольшага не навукоўцы, а рэканструктары. Мы прапаноўваем вам сцэнар, падрабязна распісаны, каб самы звычайны чалавек, які не мае дачынення да этнаграфіі, мог, прачытаўшы гэтую кнігу, зрабіць сваё вяселле менавіта так альбо выкарыстаць нейкія элементы,  - кажа Марыся.

А потым талакоўцы прэзентавалі і свой “Мульт пра вяселле”, над якім, акрамя Марысі, працавалі Аляксандра Падкапаева і Марыя Булавінская. Дарэчы, кнігу і дыск з мульфільмам кожны прысутны мог атрымаць у падарунак.

Скончылася ўсё, зноў-ткі, на спевах гурта “Вурай”. Цяпер народ не толькі танчыў, але і спяваў разам з музыкамі.

Філіял Веткаўска музея таксама спрычыніўся да падзеі: этна-вандроўку можна было ажццявіць у дзве залы філіяла на выставы “Хлебам адзіным…” і “Жывое рамяство”. А на выхадзе з музея можна было атрымаць гарбату і печыва ад нашых спонсараў - Becker Bar.

Больш фота з фольк-этна-вандроўкі глядзіце ў нашай фотагалерэі.



Паглядзіце нашу фотагалерэю