Летнік на Петрыкаўшчыне-2014: справаздача

on .

З 19 па 22 жніўня на Петрыкаўшчыне праходзіў летнік пад эгідай Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама. У шэрагу іншых устаноў да арганізацыі далучыўся і наш музей. Тры з чатырох дзён летніка невялікія групы моладзі ажыццяўлялі выезды на вёскі Петрыкаўшчыны, каб сабраць этнаграфічны матэрыял.

Удзельнікі летніка былі расселены ў гасцініцы “Над Припятью” ў аграгарадку Ляскавічы. Былі ў групах як тыя, хто ўжо ўдзельнічаў ў іншых экспедыцыях раней (самыя дасведчаныя з іх былі кіраўнікамі груп), так і тыя, хто далучыўся да фальклорна-этнаграфічных вандровак упершыню.

Штодзённыя маршруты былі складзены так, каб абмінуць вёскі, што ўжо наведалі ўдзельнікі падобнага летніка залетась. У 2014 годзе экспедытары папрацавалі ў саміх Ляскавічах, а таксама з’ездзілі ў Навасёлкі, Камаровічы, Заброддзе, Галубіцу, Аголічы, Капцэвічы, Піліпоны, Міхедавічы, Вялікія і Малыя Сялюцічы, Славінск. Апошняя вёска ўвогуле апынулася нейкім зачараваным месцам: туды групы экспедытараў адпраўляліся штодня, іншым разам нават не вяртаючыся ў Ляскавічы на абед.

Усё гэта – у першай палове дня. У другой – загадзя запланаваная культурная праграма. Так, у дзень прыезду моладзь наведала “Музей прыроды” ў Ляскавічах. На другі дзень удзельнікам летніка была прапанавана прагулка на цеплаходзе па Прыпяці. Праўда, замест запланаванага “Сафары” па Нацыянальным парку “Прыпяцкі”, бо праз афрыканскую чуму свіней і пажаранебяспечную сітуацыю ў лясах гэты пункт праграмы быў заменены на іншы. І толькі ў трэці дзень культпраграма была сарваная наогул: бортнік са Славінска, да якога планавалі паехаць удзельнікі, апынуўся ў гэты час у гомельскай лякарні.

А штовечар усе збіраліся ў зале гатэля на планёрку, каб спланаваць наступны дзень і скінуць на агульны носьбіт усю сабраную за экспедыцыйны дзень інфармацыю. Па словах загадчыка філіяла Веткаўскага музея Пятра Цалкі, які два гады таму таксама ўдзельнічаў у арганізацыі летніка на Петрыкаўшчыне, гэта рэгіён тыповага Беларускага Палесся, тут больш жывая памяць, датычная абраднасці, а вось матэрыяльная спадчына прадстаўлена ў меншай ступені. Даводзіцца таксама канстатаваць, што ў 2012 годзе можна было сабраць цэлыя гурты інфарматараў, а сёлета ўдзельнікі экспедыцый мелі звычайна справу з 1-2 носьбітамі.

- Тут, канешне, цікава. Тут можна сядзець і сядзець, - дзеліцца ўражаннямі ад рэгіёну загартаваная ў экспедыцыях Студэнцкага этнаграфічнага таварыства кіраўніца адной з груп Алена Ляшкевіч, - але з песнямі складана. У мяне сярэдняя колькасць – 2 песні, сабраныя за цэлы дзень. Можа, камусьці шанцавала болей на вёскі, дзе быў нейкі гурт. Учора мы былі ў Вялікіх Сялюцічах. Там быў гурт, але ў нас не атрымалася сабраць усіх разам: хто бульбу капаў, хто не захацеў ісці, хто забыўся ўжо, бо ўзрост.

Алена лічыць, што калі б тут больш працавалі з традыцыйнай культурай, то можна было б нешта адрадзіць:

- Тут і калядавалі, тут і вяселле такое цікавае…

А вось Уладзіслаў Асіпенка ў такога кшталту вандроўцы ўдзельнічаў упершыню:

- У сацыяльных сетках прачытаў пра летнік на Петрыкаўшчыне. Даўно была ідэя паехаць у падобную экспедыцыю, тым больш што цікаўнасць да фальклору прысутнічала і раней. Уразіла больш за ўсё тое, што людзі вельмі добра ідуць на кантакт, вельмі шмат распавядаюць. Я не мог сабе ўявіць, што можна прыехаць, прайсціся па хатах, і там калі не ўсе, то многія будуць спяваць, распавядаць, як і што раней было. Уразілі вельмі добрыя адносіны людзей. Было таксама цікава паназіраць за тым, як кожны, хто раней ужо ўдзельнічаў у экспедыцыях, па-свойму вядзе гутаркі, праводзіць збор матэрыялаў.



Паглядзіце нашу фотагалерэю