Адкрыццё выставы “Огневидные и огнепальные” ў філіяле Веткаўскага музея

on .

Абмежаванне для экскурсій у філіяле Веткаўскага музея – 25 чалавек. Аднак на адкрыццё выставы ў самай маленькай яго зале сабралася больш людзей, і ў неверагодна халодным да пачатку атапляльнага сезону музеі становіцца горача.

- Дык выстава вогненная, таму і цёпла, - мяркуе нехта з прысутных.

Як бы там ні было, выстава сапраўды атрымалася бліскучай ад вялікай колькасці пазалоты, яскравай і цёплай ад чырвонага колеру, натхнёнай ад намоленых стараверскіх каштоўнасцяў. Ды не толькі агонь стваральны прысутнічае лейтматывам у выставе, але і спапяляльны. Гэта абгарэлыя “прорысі”, абвугленая кафля і іншыя сведкі спальвання Веткі ў 1735 і 1764 гадах, а таксама пазнейшых бядот, што пракаціліся па гэтай зямлі.

Кожная рэч на выставе так ці інакш звязана са стыхіяй агню. Дырэктар музея Галіна Нячаева, як звычайна, не скупіцца на вобразы, раскрывае таемныя сэнсы сімвала агню ў іконах, распавядае шмат звестак з гісторыі стараверскіх земляў і нават адкрывае сакрэт паходжання эмблемы МНС. А напрыканцы, узгадваючы трагічныя паслячарнобыльскія старонкі жыцця стараверскіх слабод, падсумоўвае:

- На Ветцы заўсёды адбывалася, адбываецца і будзе адбывацца барацьба агню і цвіцення, разбурэння і ўзнаўлення, смутку і радасці. Я зычу кожнаму з вас, каб у вас унытры была такая вялікая амплітуда, вольнае дыханне, радасць да жыцця, вера ў тое, што ўсё адно цудоўны, духоўны, душэўны агонь будзе перамагаць той агонь, які знішчае.



Паглядзіце нашу фотагалерэю