Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый ім. Ф.Р. Шклярава. Ветка, Беларусь

Стартаваў праект “Адзіны квіток +” з удзелам філіяла Веткаўскага музея

14 кастрычніка Гомельскі палацава-паркавы ансамбль прэзентаваў карту-даведнік па гістарычным цэнтры Гомеля. З гэтага ж дня стартаваў і праект установы “Адзіны квіток +”. Яго сутнасць патлумачыла дырэктар музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля Аксана Торапава:

- У нас ужо ёсць Адзіны квіток, па якім можна наведаць усе музейныя аб’екты ўстановы ў любы зручны для наведніка час. А гэта іншы праект. Мы рухаемся наперад, і на аснове “Адзінага квітка +” будзе магчымасць наведаць і іншыя музейныя аб’екты: філіял Веткаўскага музея і Музей гісторыі горада Гомеля.

Адзіны квіток будзе каштаваць Br80 000 (дзіцячы – Br40 000). У дадатак да яго бясплатна будзе ісці і прэзентаваны даведнік, але яго, пры жаданні, можна набыць і асобна. Па словах Аксаны Валер’еўны, пры падрыхтоўцы праекта ўлічвалася, перш за ўсё, зручнасць для наведнікаў, мэтаў аб звышпрыбытках ад рэалізацыі такіх квіткоў ніхто не ставіў. Асабліва цікавым праект мусіць стаць для тых, хто наведвае гістарычны цэнтр упершыню.

Аксана Торапава прызналася, што на дадзены момант тэхнічныя магчымасці не дазволілі пазначыць надпісам на карце філіял Веткаўскага музея. Але дырэктар установы запэўніла, што плануецца перавыданне даведніка, дзе недахопы будуць выпраўлены.

У межах прэзентацыі на тэрыторыі ансамбля прайшоў квэст. Вучні СШ № 11, адказваючы на пытанні аб розных вартых увагі аб’ектах тэрыторыі, мусілі сабраць пазл – часткі вышэйзгаданай карты-даведніка.

Паглядзіце нашу фотагалерэю

"Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый" г. Ветка, Беларусь - Copyright © 2012 - 2018.
Усе правы абаронены. Капіраванне матэрыялаў дазволена толькі са спасылкай на сайт-крыніцу.