Адкрыццё выставы “У АБ’ЕКТыве” ў філіяле Веткаўскага музея

on .

Экспедыцыйна-збіральніцкія высілкі не прайшлі дарэмна: 21 лістапада ў нашым філіяле адкрылася новая выстава "У АБ'ЕКТыве". Але, натуральна, эскпазіцыю склалі не толькі фотаздымкі з фондаў музея і сабраныя намі ў апошняй экспедыцыі. Экспанаты былі прадстаўлены і іншымі ўстановамі: Музеем гісторыі горада Гомеля, Дзяржаўным музеем архітэктуры і побыту. Не абышлося і без шматгадовых напрацовак нашых супрацоўнікаў у галіне этнаграфіі.

Фотаздымак – жанчына, фотаздымак – гаспадар, фотаздымак – род, фотаздымак – майстар, фотаздымак – абрад… У аб’ектыве – не проста людзі, а ўсё, што іх атачала. І яно, нібы найбуйнешым планам, пацвярджаецца, дублюецца аб’ектыўнай рэальнасцю – тымі прадметамі, што былі ва ўжытку каля 40, 70, 100 гадоў таму.

- Мы можам праадчуваць энергетыку чалавека, які ствараў усё гэта. І фотаздымак дапамагае нам сказаць: так было ў тыя гады, нам не хлусяць, - кажа арганізатар выставы Пятро Цалка, спаняючыся ля “абрадавай” часткі выставы, але гэтыя словы могуць тычыцца і ўсяго астатняга, пра што ён распавёў на адкрыцці.

Дырэктар музея Галіна Нячаева, як і госці, наведала выставу ўпершыню:

- Я вельмі радая таму, што вам удаецца захоўваць стыль нашага музея. А я магу толькі вакол “патанчыць” крыху.

І Галіна Рыгораўна сапраўды пачынае славесна “танчыць”. Не толькі вакол непасрэднай тэмы выставы, але і вакол ручнікоў ды той архаікі, што звязана са знакамі-сімваламі.

- Я сам з-пад Веткі, з вёскі Хальч, - дзеліцца думкамі пасля адкрыцця студэнт Дзмітрый, - і магу сказаць, што ўсё, што сёння распавядалі, насамрэч так і ёсць. Спадабалася, як зроблена выстава: кожны здымак на сваім месцы, няма нічога, што адцягвае ўвагу.

Яшчэ больш фота з адкрыцця выставы глядзіце ў нашай фотагалерэі.



Паглядзіце нашу фотагалерэю