Удзельніцы “Стаўбунскіх вячорак” зрабілі вясельны каравай для Веткаўскага музея

on .

29 лістапада ў філіяле Веткаўскага музея пройдзе вечарына “Кудзеліца” з удзелам носьбітаў спеўнай традыцыі з в. Стаўбун - калектыву "Стаўбунскія вячоркі". Спявачкі прывязуць з сабой вясельную праграму "Ляцелі галачкі…". Але да вечарыны мы папрасілі іх прыгатаваць неад’емны атрыбут вяселля – каравай. І наўмысна з’ездзілі ў Стаўбун, каб паназіраць за працэсам яго вырабу.

Перш чым прыступіць да справы, гаспадыня Ганна Ільінічна запрашае нас – сваіх гасцей – на печ, каб сагрэліся. Ад печы патыхае вясковай утульнасцю, з ёй не хочацца развітвацца. Але не для таго мы сюды прыехалі, каб праляжаць цэлы дзень у цяпле.

Пачынаецца замес цеста. Спявачкі цудоўна ўжываюцца ў ролі баб-каравайніц і пачынаюць сыпаць рознымі прымаўкамі-пажаданнямі:

- Мясі харашо цеста, штоб харошая была нявеста.

- Хто каравай мясіў, штоб маладым у Бога долі прасіў.

І гэтак далей. Большасць прыгаворак прамяўлялася тады, калі каравай падносілі да стала. А вось сам выраб патрабаваў цішыні. Таму і каравайных песень у Стаўбуне не спявалі. Зрэшты, рыфмаваныя жарты-прымаўкі – своеасаблівы стыль зносін стаўбунцаў. Немажліва ўтрымацца да смеху ад іх трапнасці і дасціпнасці.

Нягледзячы на тое, што “каравай любіць цішыню”, мы ўсё ж просім крыху паспяваць жанчын мясцовых вясельных песень. Акрамя таго, жанчыны распавядаюць пра этапы традыцыйнага вяселля, пра асаблівасці дзяльбы каравая, прыгадваюць першыя пасляваенныя вяселлі (“Хіба такі каравай тады быў?..”), пра наступствы расколатага ў печы каравая (“Дзеці спаць у кучы не будуць, а разойдуцца”).

Гадзіны дзве цеста стаіць у цёплым месцы, а пасля яго пачынаюць рыхтаваць да выпякання. Каравай упрыгожваецца кветкамі-ружамі, лісточкамі, каласкамі, зноў ставіцца ў цёплае месца на некаторы час, змазваецца зверху яйкам і толькі тады ставіцца ў печ.

- Печку затопяць, у печцы пагарыць, жар адзін застанецца. Вышкрабуць жар той. А тады за каравай – і на под. Лісце дубовае хто падкладзе, а ў каго няма – саломы. І каравай спячэцца.

Нарэшце, гатова:

- Не раскалоўся, будзе пара ў кучы жыць, да самай смерці.

Па пакоі распаўсюджваецца неверагодны водар і спрыяе міжвольнаму слінавыдзяленню. Разам з іншымі вясковымі пачастункамі ў нас атрымалася пакаштаваць другі каравай, які жанчыны пакінулі сабе, і праверыць, ці такі ён на смак, як і на пах. “Стаўбунскія вячоркі” зноў пяюць песні і выпраўляюць нас дадому. А каравай, відаць, да вечарыны знойдзе сваё пачэснае месца ў выставе “Хлебам адзіным…”, бо без яго было неяк сумнавата.



Паглядзіце нашу фотагалерэю