Адкрыццё выставы “Два мастакі: размова праз гады” ў філіяле Веткаўскага музея

on .

9 снежня ў філіяле Веткаўскага музея адкрылася выстава жывапісу Фёдара Шклярава і Алеся Цыркунова. Гэта была шчырая і цёплая “размова”, якую завёў у межах экспазіцыі Алесь Цыркуноў з нашым былым дырэктарам, а працягнулі ў сваіх успамінах і каментарыях усе, хто ведаў некалі асабіста Фёдара Рыгоравіча.

Дарэчы, у гэты ж дзень у раённай бібліятэцы Веткі таксама адкрылася выстава жывапісу Алеся Цыркунова, прысвечаная беларускім жынчынам-паэтам. Пра гэта паведаміла супрацоўніца Веткаўскага музея Ларыса Раманава. Яна ж, як куратар выставы ў філіяле, увяла прысутных у тыя кантэксты, якія стварылі нашыя супрацоўнікі вакол карцін мастакоў з дапамогай ікон, кніг, ручнікоў, асабістых рэчаў творцаў…

Шмат увагі было нададзена знакамітай карціне Алеся Цыркунова “Веткаўчанін”. На ёй – Фёдар Шкляраў у сваёй майстэрні. Палатно ў свой час было набыта для фондаў Міністэрства культуры, а адтуль ужо трапіла ў музей.

- Мы яе прывялі ў парадак і павесілі. І вы бачылі, як яна сустракае кожнага, хто прыходзіць да нас у музей, там, дзе ў нас каса, дзе самы пачатак, а ў гэтай вітрыне – ужо нібыта маленькае акно ў мінулае, сучаснае і будучае, - кажа пра карціну сённяшні дырэктар Галіна Нячаева.

З гэтага твора мастацтва, па словах Галіны Рыгораўны, і зарадзілася ідэя выставы. Сам жа спадар Цыркуноў распавёў пра гісторыю і таямніцы стварэння карціны (адкуль узяўся надпіс уверсе? чый адбітак у люстэрку на палатне?..), а таксама пра сябе і Фёдара Шклярава.

Урэшце ўспаміны-развагі захапілі ўсіх настолькі, што яшчэ доўга ніхто не разыходзіўся. Бадай, гэткая “размова праз гады” можа цягнуцца бясконца.

Больш фота з адкрыцця выставы глядзіце ў нашай фотагалерэі.