Веткаўскі музей зладзіў сустрэчу з вучнямі САШ № 24 г. Гомеля

вкл. .

“Расліны і дрэвы ў абрадах і традыцыйных уяўленнях жыхароў Веткаўскага раёна”, — пад такой назвай 22 студзеня ў аддзеле абслугоўвання вучняў 1-5 кл. Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі імя У.І. Леніна адбылася сустрэча вядучага навуковага супрацоўніка Веткаўскага музея Ларысы Дзмітрыеўны Раманавай з вучнямі САШ № 24 г. Гомеля.

Побач з намі растуць надзвычай прыгожыя кветкавыя расліны, дрэвы. Без садавіны, агародніны, драўніны нам, людзям, аніяк не абыйсціся. Дрэвы, кветкі ствараюць адну з галоўных частак ландшафту ды нясуць у сабе архаічны сэнс Сусветнага дрэва.

Даўней і цяпер  многія расліны, дрэвы  згадваюцца ў традыцыйных уяўленнях, выкарыстоўваюцца ў абрадах. Каб абясшкодзіць нядобрую сілу заломаў, у в. Ягаднае Гомельскага раёна (на пачатку 20 ст.) жнеі звівалі вянкі з васількоў і развешвалі на галінах у полі. Каля вясковага дома стараюцца пасадзіць каліну, рабіну, каб яны ахоўвалі дом ад нячыстага. Знойдзеная купальская папараць-кветка дае людзям надзвычайныя веды і магчымасці… На Троіцу, Духаў Дзень явар (нюнькі) кладуць на вокны, усцілаюць ім падлогу, галінкамі клёна, ліпы, бярозы ўпрыгожваюць дом унутры і звонку — уся раслінная сіла зямлі асвячаецца ў гэтыя дні. Галінкі бэзу, чаромхі, якія квітнеюць у траўні, ствараюць непаўторны узнёслы настрой…  Кветкі ў вазонах, дрэвы, вышытыя на ручніках, расцвітаюць у Чырвоных кутах ды ў душах тых, хто жыве ў доме.

Амаль пра кожную расліну, дрэва існуе легенда. Шкада, многія з іх губляюцца ў народнай памяці, ды й забываюцца самі назвы раслін: шчамялінка, медуніца, трыпутнік, лілея, смолка, барвінак, зялюльчыны слёзкі, чабор, трыпутнік, іван-ды-мар’я, сонцацвет, святаяннік, дзівасіл…

З сітніка, які расце каля рэк, веткаўскія падлеткі яшчэ не так даўно рабілі адмысловыя матрацы, на якіх плавалі па Сажы…

Пра кіта, які пасяліўся ў Сажы, пра назву ракі, пра мясцовыя кветкі, адценні якіх падобны да святла зорак, Ларыса Дзьмітрыеўна Раманава стварыла казку, якую сама і прачытала падчас сустрэчы з дзецьмі.



Паглядзіце нашу фотагалерэю