Адкрыццё выставы “Шляхецкія сядзібы Гомельшчыны” ў філіяле Веткаўскага музея

on .

У філіяле Веткаўскага музея адкрылася выстава “Шляхецкія сядзібы Гомельшчыны”. Яе ініцыятары – неабыякавыя да краязнаўства, апантаныя людзі, заклапочаныя станам большасці палацаў і сядзіб, якія ў XIX – пачатку XX стагоддзяў будавала тутэйшая шляхта. Ну а Веткаўскі музей не толькі арганізаваў прастору для выставы, але і падключыў іншыя музейныя ўстановы – Гомельскі палацава-паркавы ансамбль і Хойніцкі раённы краязнаўчы музей – для насычэння экспазіцыі рэчамі, без якіх цяжка ўявіць жыццё тагачаснай шляхты.

Аўтар задумы, гісторык-краязнаўца Марыя Булавінская, яшчэ са студэнцкіх гадоў захаплялася ўсім, што звязана з прадстаўнікамі знатных родаў.

- Гэтыя людзі рабілі шмат карыснага і вельмі любілі гэтую зямлю. І вельмі шкада, што парэшткі шляхецкай культуры збольшага зараз знішчаны, - кажа Марыя пасля зачытвання шчымлівых успамінаў аб родным доме прадстаўніцы роду Лісоўскіх, якая, як і многія ў першай палове XX стагоддзя, вымушына была з’ехаць. – Мы можам вярнуць памяць аб тым, што было на нашай зямлі, для гэтага трэба даследаваць усё больш дасканала.

На дапамогу Марыі ў сумесным праекце прыйшоў архітэктар Сяргей Ляпін. Ён склаў карту з выявамі сядзіб Гомельшчыны, на якой пэўным чынам пазначаны разбураныя, паўразбураныя і захаваныя будынкі. Рэканструяваць выгляд знішчаных пабудоў даводзілася з розных крыніц, шмат людзей далучылася да гэтай справы. Але выгляд некаторых сядзіб узнавіць так і не атрымалася, і аўтары ідэі выказалі спадзяванні на далейшае папаўненне гэтай карты.

Неверагодную працу прарабіла і мастачка Ірына Панкова, якая аб’ездзіла  ўсю вобласць, каб стварыць цудоўныя выявы сядзіб і палацаў у акварэлі. Сучасны выгляд сядзіб Ірына адлюстравала ў колеры, дарэвалюцыйны – у тэхніцы грызайль.

Напрыканцы адкрыцця выставы з песнямі выступіла бард Вальжына Цярэшчанка. Але гэта не адзіны сюрпрыз, які чакаў наведнікаў: кожны мог узяць на памяць серыю паштовак і каляндарык з акварэллю Ірыны Панковай, а таксама прэзентаваную карту “Шляхецкія сядзібы Гомельшчыны”.

Больш фота з адкрыцця выставы ў хуткім часе з'явіцца ў нашай фотагалерэі.



Паглядзіце нашу фотагалерэю