"Стрэльную вандроўку" ў вёску Стаўбун зладзілі супрацоўнікі Веткаўскага музея

on .

Не прайшло і тыдня, як мы зноў сустрэліся з калектывам "Стаўбунскія вячоркі". На гэты раз - у іх на радзіме з нагоды абраду "Пахаванне стралы", які прайшоў 21 мая.

Сёлета, у адрозненні ад мінулага года, у супрацоўнікаў Веткаўскага музея атрымалася пабываць на абрадзе ад пачатку і да канца. "Стралу" павялі адразу ад вялікага скрыжавання ля дома культуры, а не з розных канцоў вёскі. Але і на гэтым шляху шэсце "абрастала" новымі ўдзельніцамі, што паступова далучаліся да сваіх аднавяскоўцаў. А яшчэ абрад у гэтым годзе вылучаўся тым, што да ліку актыўных удзельнікаў прымкнулі маленькія дзяўчынкі - мясцовыя выхаванкі кіраўніцы "Стаўбунскіх вячорак" Святланы Парашчанка.

Акрамя таго, пасля ўсіх абрадавых дзеянняў жанчыны вярнуліся назад не адразу, а затрымаліся каля адной з вясковых хат, каб патанчыць і паспяваць прыпеўкі пад гармонь.

Госці з Мінску прывезлі з сабой добрую навіну: распачаўся збор подпісаў за наданне "Пахаванню стралы" ў Стаўбуне статусу нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці. Ініцыяваў яго Інстытут культуры Беларусі.

Глядзіце фота з абраду. Яшчэ больш фота ў хуткім часе з'явіцца ў нашай фотагалерэі.



Паглядзіце нашу фотагалерэю