Абрад Русалле правялі ў вёсцы Вялікі Бор Хойніцкага раёна

on .

Тры гады таму мы распавядалі, як трапілі на старажытны абрад Русалле ў Добрушскім раёне. А сёлета нам давялося пабываць на гэткай жа падзеі напрыканцы Гранога тыдня, толькі са сваімі лакальнымі асаблівасцямі, у вёсцы Вялікі Бор Хойніцкага раёна.

Русалка тут усяго адна. Праўда, распавядаюць, што раней было дзве і вадзілі іх з розных канцоў вёскі. Але гэта не адзіная змена, якая адбылася з памяншэннем колькасці вяскоўцаў і стратай маладымі вялікаборцамі цікаўнасці да абраду.

Прыгажуню-Русалку ўбіраюць у кветкі, хмель і папараць ды выводзяць з вёскі да жытнёвага поля. “Правяду, правяду Русалачку да бору…” – гэтая і іншыя песні суправаджаюць шэсце. За Русалкай нясуць сплецены загадзя вялізны вянок. Каля поля водзяць карагод з тымі ж самымі абрадавымі спевамі.

Пасля над вогнішчам асвячаюць вянкі, у тым ліку і вялікі абрадавы. Вянкі з галоваў трапяць на градкі для паляпшэння ўраджаю цэлымі, вялікі ж папярэдне разарвуць на кавалкі адразу пасля асвячэння. З асаблівым захапленнем дзеляць паміж сабой вянок малыя дзеці.

Русалка разам з двума хлопцамі, якія суправаджаюць яе падчас шэсця, бяжыць у поле, дзе яе “распранаюць” дзеці – здымаюць з яе галінкі і кветкі. Пасля гэтага ўсе скокаюць праз вогнішча, а жанчыны запяваюць пазаабрадавыя песні.

Вядучы метадыст па народных традыцыях і абрадах абласнога цэнтра народнай творчасці Людміла Мельнікава лічыць добрай сённяшнюю захаванасць абраду, які ўнеслі ў спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь:

- Гэты абрад напрацягу вякоў існаваў у вёсцы Вялікікі Бор. Але з цягам часу ён паступова стаў знікаць. І потым па мясцовых запісах ад носьбітаў фальклорна-абрадавай традыцыі мясцовыя жыхары з дапамогай культработнікаў вялікаборскага сельскага дома культуры зноў аднавілі яго. І, што важна, захаваліся ўсе абрадавыя рытуальныя яго часткі, а – галоўнае – захавался песня, і не адна.

Пасля таго, як правялі Русалку, жыхары вёскі могуць цэлы год не турбавацца, што шкодны нячысцік іх патрывожць. Здзейсніць гэты абрад для вялікаборцаў – значыць забяспечыць здароўе, добрае надвор’е і добры ўраджай.



Паглядзіце нашу фотагалерэю