Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый ім. Ф.Р. Шклярава. Ветка, Беларусь

Адкрыццё выставы “Чалавек – Строй – Абрад” у філіяле Веткаўскага музея

У філіяле Веткаўскага музея адкрылася выстава, якая распавядае, якім чынам чалавек і яго строй звязаны з каляндарна-абрадавай сферай. За аснову былі ўзяты жаночыя строі Гомельшчыны, дапоўненыя прадметамі побыту і археалогіі, народным іканапісам і фотаздымкамі з экспедыцый ды сучасных рэканструкцый абрадаў.

Расповеды загадчыка філіяла Пятра Цалкі і дырэктара музея Галіны Нячаевай пераконваюць: жанчына апранала святочны строй не толькі для таго, каб быць прыгожай. У арнаментах, колерах, кроі ды іншых асаблівасцях народнага адзення схаваны сакральныя сэнсы, якія мусілі спрыяць дачыненню чалавека з навакольным светам. Усё разам – адзенне, абрадавыя дзеянні, спевы – дапамагала выконваць жанчыне, так бы мовіць, ролю жрыцы, адведзеную ёй беларускай традыцыяй. Гэта сапраўдная магія…

Адчуць гэтую магію на адкрыцці выставы дапамаглі Наталля Дуброва і спеўны гурток ГМКГА “Талака”, выканаўшы некалькі песень, якія ў традыцыі суправаджалі і працягваюць суправаджаць згаданыя на выставе абрады.

Напрыканцы музейшчыкі пачаставалі наведнікаў квасам і малаком, а таксама смачным веснавым абрадавым печывам у форме птушак.

Яшчэ больш фота з адкрыцця выставы глядзіце ў нашай фотагалерэі.

Паглядзіце нашу фотагалерэю

"Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый" г. Ветка, Беларусь - Copyright © 2012 - 2018.
Усе правы абаронены. Капіраванне матэрыялаў дазволена толькі са спасылкай на сайт-крыніцу.