Веткаўскі музей у межах фестывалю "Кросенцы" зладзіў экспедыцыю ў Рэчыцкі раён

вкл. .

18 - 21 жніўня Веткаўскі музей у межах фестывалю "Кросенцы" зладзіў экспедыцыю ў Рэчыцкі раён. Супрацоўнікі музея разам з валанцёрамі наведалі вёскі Глыбаў, Мілаград, Берагавая Слабада, Вятхінь, Горваль, Ровенская Слабада, Пасека, Пескаполле, Белае Балота. Асноўныя тэмы, на якія звярталі ўвагу экспедатары, гэта жаночыя рамёствы (прадзенне, ткацтва, вышыўка і г.д.), традыцыйны строй, абрадавыя тканіны, аброчныя крыжы, "Свечы". Аднак, натуральна, не абміналася ўвагай і іншая цікавая для этнографаў інфармацыя, рэшткамі якой яшчэ могуць падзяліцца нешматлікія старажылы.

- На жаль, даводзіцца канстатаваць факт, што з кожнай экспедыцыйнай выпраўкай носьбітаў аўтэнтычнай і захавальнікаў традыцыйнай культуры становіцца ўсё меней і меней…  - распавядае арганізатар экспедыцыі Пятро Цалка. - Але не ўсё так сумна, у гэтай экспедыцыі давялося сустракацца і з бабкамі-шаптухамі, і з удзельніцамі шматлікіх абрадавых дзеянняў, і нават з выканальніцамі аднаго з самых архаічных язычніцкіх абрадаў "араць скрыжаванні", асноўнай мэтай якога было выклікаць дождж.

Нагадаем, што сёння, 22 жніўня, фестываль ткацтва "Кросенцы" праходзіць у вёсцы Неглюбка Веткаўскага раёна, а 23 жніўня адбудзецца этна-вандроўка “Аброк на сем рок” (традыцыя аброчных крыжоў, Веткаўскі і Чачэрскі раёны). Вядзецца запіс на вандроўку ўсіх ахвотных.

Заключная ж праграма фестывалю пройдзе ў Гомелі 30 жніўня.

Падрабязнасці па спасылцы, а таксама па тэлефонах: 8 (0232) 74-10-40, 74-88-87.



Паглядзіце нашу фотагалерэю