У філіяле Веткаўскага музея завяршыўся фестываль “Кросенцы”

вкл. .

Падыйшоў да завяршэння рэгіянальны фестываль ткацтва “Кросенцы”. За плячыма – экспедыцыя ў Рэчыцкі раён, фестываль ткацтва “Кросенцы” ў Неглюбцы, этна-вандроўка ў Чачэрскі раён, 5-дзённая дзіцячая школа ткацтва “тКачаняты” і сустрэча з этнографам Зінаідай Зіміной. А 30 жніўня прайшла заключная праграма, дзе даведацца больш пра традыцыйнае ткацтва змагло шырокае кола людзей.

Акрамя выстаў унутры філіяла Веткаўскага музея, дзейнічала пляцоўка звонку. Тут таксама можна было пабачыць выставы: ручнікі, тэматычныя фотаздымкі. Дзейнічала літаратурная пляцоўка са стэндамі тэматычных выданняў, а таксама дзіцячая, дзе былыя “тКачаняты”  знаёміліся з беларускімі традыцыйнымі строямі праз размалёўку.

Але ж галоўныя госці фестывалю – гэта майстрыхі Веткаўскага, Жыткавіцкага, Калінкавіцкага, Светлагорскага раёнаў Гомельскай вобласці. Як і на мінулым фестывалі, ткачыхі працавалі самі за станкамі і давалі майстар-класы ўсім цікаўным.

Як доказ таго, што традыцыя можа быць актуальнай, прэзентавалі свае калекцыі майстэрні сучаснага адзення этнанакірунку Elen Carotte і “Мой родны кут”. Майстры першай прыехалі з калекцыяй арнаментаванага  школьнага адзення, другая прэзентавала штодзённае адзенне з машыннай вышыўкай, якая цалкам капіруе аўтэнтычную.

Прадэманстраваў сваю калекцыю і захоплены традыцыйнай культурай калекцыянер Віктар Шыпкоў: дзяўчаты прадэфіліравалі ў традыцыйных строях, сабраных ім у вёсках Маркавічы, Гадзічава, Будзішча Гомельскага раёна. Некаторыя элементы, па словах калекцыянера, давялося ўратоўваць ледзь не з-пад колаў бульдозера з хат, што ішлі пад знос.

На працягу ўсёй праграмы працаваў кірмаш вырабаў ручной работы, а на музычнай пляцоўцы адзін аднаго змянялі фальклорныя калектывы са Светлагорскага, Чачэрскага, Жыткавіцкага, Веткаўскага, Калінкавіцкага раёнаў.

- Сучасны чалавек настолькі загружаны інфармацыяй, што не заўсёды ўсведамляе, што ёсць спраўднае, а што – не, – распавядае загадчык філіяла Веткаўскага музея Пятро Цалка. – І мэта нашых сустрэч, у тым ліку і гэтага фестывалю, паказаць сапраўднасць, аўтэнтычнасць. Другі бок – гэта моладзевая ініцыятыва. Мы заўжды імкнемся моладзевую культуру развіць у бок сучаснасці.

Пятро Цалка адзначыў, што мэты былі дасягнутыя: моладзь сапраўды не засталася абыякавая да таго, што адбывалася новокал. Так, напрыклад, не толькі наведнікі школы “тКачаняты” выказалі жаданне далей працягваць асвойваць майстэрства, але і новыя дзеці захацелі пачаць навучацца ткацтву з нуля.

Больш фота з заключнага дня фестывалю глядзіце ў нашай фотагалерэі.



Паглядзіце нашу фотагалерэю