Адкрыццё выставы “Дивен Бог во святых Своих” у філіяле Веткаўскага музея

on .

20 лістапада ў філіяле Веткаўскага музея адкрылася новая выстава “Дивен Бог во святых Своих”. Гэта другі па ліку сумесны праект Веткаўскага музея і Гомельскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы. Прысвечаны ён роздумам аб паняцці святасці.

Арганізатар выставы і навуковы супрацоўнік Веткаўскага музея Андрэй Скідан сцвярджае, што тэма святасці добра распрацаваная ў багаслоўскім дыскурсе, аднак для музейшчыкаў важна было таксама адлюстраваць яе праз уласную калекцыю, збіральніцкі, даследчы падыход.

- Святасць – глабальная якасць чалавечага існавання. Мы кажам, што бог святы, але ён вышэй святасці. І адным з адбітакў гэтай надзвычайнасці бога з’яўляецца святаць чалавека, - пачынае Андрэй Скідан расповед пра канцэпцыю выставы і далей тлумачыць само паняцце ў хрысціянскай культуры, якое ёсць ні што іншае, як “жыццё дзеля бога”.

Царква цягам развіцця мастацкай культуры выпрацавала шэраг прынцыпаў і правілаў выяўлення досведу дасягнення святасці. І адлюстраваўся ён у іканапісе, прадстеўленым на выставе ўзорамі розных часоў і стыляў. Але не толькі: тут прысутнічаць таксама літургічныя тэксты – акафесты, зборнікі жыцій, тэксты малітваў і песнапенняў і г. д. Пры падрыхтоўцы выставы былі выкарыстаны і вусныя тэксты народнай культуры – яшчэ адна сфера бытавання святых.

Пасля Андрэя Скідана слова ўзяў айцец Аляксандр Лапушанскі. Ён распавёў пра Аляксея Лельчыцкага – аднаго з прадстаўленых на выставе святых, пра якога захаваліся дакументы, апошні з якіх датуецца 1998 годам.

Напрыканцы дырэктар музея Галіна Нячаева зрабіла на некаторых экспанатах свае мастацтвазнаўчыя акцэнты, аздобіўшы іх здабытай у экспедыцыях інфармацыяй і гісторыямі з’яўлення ікон у фондах.

Больш фота з адкрыцця выставы глядзіце ў нашай фотагалерэі.



Паглядзіце нашу фотагалерэю