Этна-вечарына на тэму “Вяселле” прайшла ў філіяле Веткаўскага музея

вкл. .

Вечарына на тэму “Вяселле” пачала сезон тэматычных этна-вечарын у філіяле Веткаўскага музея. Прысутныя змаглі не толькі даведацца болей пра традыцыйнае беларускае вяселле, пра асаблівасці вясельных строяў вёскі Неглюбка, але і паспрабаваць зрабіць уласнымі рукамі кветкі для шлюбнага вянка.

Напачатку загадчык філіяла Пятро Цалка распавёў пра асаблівасці беларускага вяселля, завастрыўшы ўвагу на вясельных строях. Пераважна – на строі маладой. Бо менавіта дзяўчына імкнулася адметным чынам упрыгожыць сябе ў такі выключны ў жыцці кожнага час. Тое ж самае можна сказаць і пра сённяшніх нявест.

- За тое, што замужняя жанчына выйшла на вуліцу з непакрытай галавой, муж мог яе выгнаць з хаты, - распавядае Пятро Цалка. – Прывелеяй незамужняй дзяўчыны была непакрытая галава. Прыгажосцю касы яна прываблівала хлопцаў, і таму далей яна хавала сваю прыгажосць пад чапец, пад хустку выключна для мужа.

Вясельныя вянок адлюстроўваў памежны стан адначасова пакрытай і непакрытай галавы. Пасля падрабязнага аповеду пра гэты галаўны ўбор, прысутныя пад кіраўніцтвам навуковага супрацоўніка Вольгі Вінаградавай пачынаюць вырабляць вясельны вянок. А дакладней – бутаньерку для яго, бо працэс працаёмкі, і зрабіць цэлы вянок цягам адной вечарыны фізічна немагчыма.

Наведнікі робяць кветкі з дроту, паперы, клею і парафіну. На гэта сыходзіць амаль дзве гадзіны. Пасля Пятро Цалка зноў вяртаецца да вясельных строяў. Але цяпер – выключна неглюбскай традыцыі.

Напрыканцы – вячэра і традыцыйныя танцы пад музычнае суправаджэнне гарманіста Віктара Шыпкова.

Больш здымкаў з вечарыны глядзіце ў нашай фотагалерэі.



Паглядзіце нашу фотагалерэю