Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый ім. Ф.Р. Шклярава. Ветка, Беларусь

Адкрыццё выставы "Хай будзе цвердзь пасярод вады ..."

26 лютага ў філіяле Веткаўскага музея адкрылася персанальная выстава мастака-кераміста Аляксандра Наўгародскага. Асноўная ідэя выставы: мастак - творца Свету. Менавіта такім уяўляецца нам майстар, які з звычайнага бясформавага і безжыццёвага кавалка гліны можа стварыць усю касмалогію светабудовы: ад "маўклівых" -рыб пано да "галасістых" музычных інструментаў. Што тычыцца музыкі, то Аляксандр можа не толькі зрабіць "гуляючую" форму, але і па-майстэрску гуляць на створаных ім жа акарынах і флейтах. Мастацтва здабываць з "кавалка гліны" чароўныя мелодыі Аляксандр Наўгародскі прадэманстраваў падчас правядзення майстар-класу па вырабе глінянай свістулькі.

- Такімі свістулькі-акарынамі нашы продкі карысталіся здаўна. Праўда, часцей гэта насіла больш рытуальны характар, чым проста эстэтычны. Вось такімі птушачкамі-свістулькі маглі заклікаць вясну, імітуючы спевы птушак, - захоплена распавядае майстар, працуючы з кавалкам пакуль яшчэ "безгалосай" гліны.

Якім жа чынам беларусы "ажыўлялі" прыроду вясной пры дапамозе песень і музыкі, прадэманстравалі на адкрыцці выставы вучні этна-школы "Традыцыя" (СШ № 30 г. Гомеля). Веснавыя песні-заклічкі прагучалі як першыя прыкметы ўжо надыходзячай вясны.

Што тычыцца самой экспазіцыі, то супрацоўнікі Веткаўскага музея змаглі стварыць наноў атмасферу "Стварэння Свету" ... Тут і водная стыхія, адлюстраваная праз шкляную "роўнядзь" вітрын, дзе этнаграфічныя рыбалоўныя сеткі суседнічаюць з разнастайнымі рыбамі, што плывуць то на пано сярод карэнняў дрэў, то на лістах паперы, па-майстэрску выведзенымі рукой аўтара. Тут і "Дрэва Жыцця", акружанае "зямным войскам" Аляксандра Наўгародскага. Праз стыхію агню прайшлі практычна ўсе экспанаты выставы, і асабліва яскрава гэта праглядаецца пры дапамозе каляровых эмаляў, пераліўных пад святлом лямпаў.

- Цікавая колеравая палітра: паміж колерам віна і крыві! - Каментуе чырвоны колер на адным з кубачкаў дырэктар Веткаўскага музея Галіна Нячаева.

Сам жа аўтар быў нешматслоўным, але ... за яго гавораць самі працы. Працы, якія ўвабралі ў сябе ўсю глыбіню традыцыйнага мастацтва і ў той жа час падкрэсліваюць непаўторны аўтарскі стыль Аляксандра Наўгародскага.

Цікавая інфармацыя: на працягу сакавіка месяца будуць арганізоўвацца майстар-класы па вырабе гліняных свістулек-акарын. Так што сачыце за навінамі на нашым сайце і на нашых старонках у сацыяльных сетках.

Ещё больше фотографий с открытия выставки смотрите в нашей фотогалерее.

"Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый" г. Ветка, Беларусь - Copyright © 2012-2018.
Усе правы абаронены. Капіраванне матэрыялаў дазволена толькі са спасылкай на сайт-крыніцу.