Адкрыццё выставы "Што ў Неглюбцы ў сяле..."

вкл. .

16 снежня (субота) 2016 года ў філіяле Веткаўскага музея ў Гомелі адкрылася адна з самых знакавых выстаў гэтага года - "Што ў Неглюбцы ў сяле…"

Мастацтва, магчыма, самай унікальнай вёскі ў Беларусі сабрана ў адной выставачнай зале. Неглюбскія майстры, па-праву, і ў ранейшыя часы і зараз займаюць адны з лідзіруючых пазіцый па вырабу традыцыйнага мастацкага тэкстылю. Яшчэ з сярэдзіны ХХ стагоддзя Мінск, Масква, Ленінград, Манрэаль, Осака, Лондан, Нью-Йорк сустракалі знакамітыя неглюбскія ручнікі. І ў наш час не знікае цікавасць да гэтага архаічнага рамяства. Толькі ў 2016 годзе, які адбвешчаны ў Беларусі Годам культуры, саматканыя ручнікі з Неглюбкі вандравалі ледзь не па ўсім свеце: Віцебск ("Славянскі базар у Віцебску"), Мінск (Фестываль "Вясновы букет"), Масква (Пасольства Беларусі ў Расіі), Ашхабат ("Дні культуры Беларусі ў Туркменістане"), Вільнюс (Фестываль "Пакроўскія званы").

У 2015 годзе "Неглюбскі сельскі цэнтр ткацтва" быў узнагароджаны дыпломам Прэзідэнта Беларусі “За духоўнае адраджэнне”, у 2016 годзе на 30-ю гадавіну трагедыі на Чарнобыльскай АЭС неглюбскімі майстрамі быў вытканы 30-ці мятровы ручнік і падораны прэзідэнту Беларусі, каб упрыгожыць Палац Незалежнасці ў Мінску. І, відаць, самая знакавая падзея 2016 года, гэта ўнясенне "Неглюбскіх тэкстыльных традыцый ткацтва" ў "Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі".

Веткаўскі музей на выставе імкнуўся паказаць усю шматграннасць майстэрства Неглюбкі і яе пасёлкаў.

- Самы прыгожы чырвоны кут у Беларусі, ды і ва ўсім свеце, гэта неглюбскі - заявіла на адкрыцці дырэктар Веткаўскга музея Галіна Нячаева.

І не згадзіцца з гэтым немагчыма. Як мінімум тры ручніка, набожнікі і накутнікі, вышыты падзор-пелена ўпрыгожваюць святыя абразы ў Неглюбцы і ў наш час.

- Мы і зараз упрыгожваем іконы ручнікамі і дома, і ў царкве. Хто тчэ, дык і новы сатчэ, каб павесіць да Вялікадня прыгажэйшы. А хто ў нас час ужо не тчэ, то мы за жыццё іх столькі стварылі, што і ўнукам яшчэ хопіць - кажуць самі неглюбчане, што прыехалі на адкрыццё выставы.

Падчас прэзентацыі выставы ў прысутных была ўнікальная магчымасць пачуць тых, для каго ткацва было не проста працай ці рамяством, а спосабам і філасофіяй іх жыцця. Так, Дзямчыхіна Ефрасіння Іванаўна, Суглоб Улляна Рыгораўна, Барсукова Ганна Васільеўна шчыра дзяліліся сваімі ўспамінамі і развагамі аб жыцці ранейшым і цяперашнім.

І сапраўды, нягледзячы на цяжкае жыццё, і працаваць шмат трэба было ў  калгасе, і дзяцей гадаваць, і гаспадарку даглядаць, увесь час неглюбскія жанчыны не развітваліся з кроснамі.

- А як жа так жыць ды не ткаць. Бяжыш з працы, каб хутчэй за кросны сесці. Дзень працуеш, а ноч тчэш. І старыя і малыя. Маці, бывае на працу, а я яшчэ малая была да панажоў не даставала, дык брат меншы пад кросны залезе нажымае на панажы, а я ўжо чаўнок кідаю - узгадваюць пра сваё жаданне ткаць падчас адкрыцця выставы неглюбчанкі.

Прастора выставачнай залы паступова ператварылася ў звычайную вясковую, магчыма, неглюбскую хату, дзе ўсе сабраліся пагутарыць аб жыцці, аб мастацтве, падзяліцца досведам. Ды і доўгае сяброўства супрацоўнікаў музея з неглюбчанамі стварае атмасферу сям’і. Як распавядае дырэктар Веткаўскага музея Галіна Нячаева, сяброўства і давер у неглюбчан музей заслужыў яшчэ ў далёкія 1980-я гг., калі ўсё толькі распачыналася:

- Першыя разы неглюбчане нам не надта давяралі, калі мы бралі рэчы на выстаўкі, таму што трэба вяртаць своечасова. Аднойчы мы ўзялі ў вас ручнікі на абласную выстаўку і паабяцалі вярнуць менавіта ў пэўную дату. І тут здараецца, што ў гэты дзень да Неглюбкі ні прайсці, ні праплыць. Вясна мокрая надарылася. Шкляраў Фёдар Рыгоравіч, першы дырэктар нашага музея, давёз нас да развілкі Стаўбунскай і мы завязалі як вы, неглюбцы, "ношкі" на сябе ў платкі і панеслі, таму што абяцалі вярнуць. І мы панеслі і ў Неглюбку, і ў Рэпішча, дзе Мар’я Паўлаўна нябожчыца жыла. І з тых часоў, калі неглюбчане паглядзелі, што мы на сабе неслі пятнаццаць і дваццаць кіламетраў тыя ручнікі, і ўсім прынеслі і своечасова аддалі, як і абяцалі. Пасля гэтага нам, Веткаўскаму музею, сталі верыць.

І тут пачынаецца сапраўднае сумеснае жыццё музея і Неглюбкі. Сотні і сотні вандровак ў Неглюбку, сотні і сотні сустрэч з ткачыхамі, каб зразумець, што такое Неглюбка і яе мастацтва.

- З часам мы навучыліся не толькі сярод астатніх вызначаць, дзе неглюбскія ручнікі, а дзе не неглюбскія, а нават пазнаваць іх па асобах. Мы адрознівалі ручнікі Барсуковай ад Дзеранок Тоці, ад Халюковай. Хоць, здаецца, тое ж самае, але калі глядзелі мы, то адразу бачылі дзе чый ручнік - узгадвае галоўны захавальнік музея Святлана Іванаўна Лявонцьева.

- Чалавек, які сам зрабіў ручнік, пакладзіце дваццаць аднолькавых і кожны скажа, вось гэта мой. Ніколі не пераблытае. Майстры заўжды сваё ведаюць - падтрымліваюць думку Святланы Іванаўны і самі неглюбчане.

Заўжды здзіўляла, як звычайныя жанчыны маглі ствараць такі цуд. Ад бела-чырвоных і бела-чырвона-чорных да неверагоднай колькасці колераў, часам неглюбскі паліхромны ручнік даходзіць да 30 аддзеццяў. Як, як жа гэтыя вясковыя жанчыны змаглі ўтрымаць усё буйства фарбаў у такой мілагучнай гармоніі? І адказам на гэта былі раззвагі Марыі Паўлаўны Каўтуновай з неглюбскага пасёлка Рэпішча:

- Я проста гляжу на ручнік, калі ў ім ёсць згода, тады ён удаўся і атрымаўся прыгожым. Згода павінна быць паміж усімі ўзорамі на ручніку. Да прыкладу, я захацела саткаць ручнік "яблакі ў пагонах" ці "кручча". Я бяру сшытачак у клетачку і малюю гэты ўзор і кладу яго. Пасля малюю наступны і падкладваю да папярэдняга. Пакладу яго да цэнтра, а ён "нагамы, рукамы ўпіраецца не йдзець", ён не хоча з імі. Я яго тады прыбіраю і падкладваю та тога часу пакуль яны не прыйдуць у згоду. Тобок цэнтр згадзіўся з гэтымі двума, затым наступны арнамент і зноў яны павінны згадзіцца адзін з адным. І калі ўсе арнаменты адзін з адным прыйшлі да згоды і ткачыха таксама з імі ў згодзе, тады ўжо можна сядаць за кросны і ткаць ручнік. І атрымліваецца тады гэта вялікая згода - успамінае пра свае сустрэчы з Мар’яй Паўлаўнай галоўны захавальнік Веткаўскага музея.

З часам, афіцыйная прэзентацыя выставы перарасла ў душэўную сямейную бяседу, усе прысутныя падзяліліся па групкам і завялі размовы, пацягваючы з кубачкаў гарачую травяную гарбату.

Калі ў вас ёсць час і жаданне акунуцца ў прыгажосць неглюбскага мастацтва, выстава "Што ў Неглюбцы ў сяле.." будзе чакаць вас у філіяле Веткаўскага музея ў Гомелі да канца лютага 2017 года.



Паглядзіце нашу фотагалерэю