Калядна-навагодняя Ялінка ў музеі

вкл. .

24 снежня ў філіяле Веткаўскага музея ў Гомелі прайшла дзіцячая калядна-навагодняя Ялінка. Замест традыцыйных Дзеда Мароза і Снягуркі, галоўнымі героямі ранішніка былі Каза з Мядзведзем, калядоўшчыкі ды батлейка.

Паўсотні беларускамоўных дзетак і іх бацькоў сабраліся ва ўтульнай зале філяіла Веткаўскага музея, каб паглыбіцца ў традыцыі беларусаў, якія асабліва перад Калядамі і Новым годам напаўняюцца цудамі і чараўніцтвам.

Галоўнае дрэўца ранішніка, ялінка, была ўпрыгожана не толькі бліскучымі гірляндамі ды шарамі, але яшчэ і найпрыгажэйшымі традыцыйнымі "арнаментамі" ды саламянымі жар-птушкамі. Да таго ж, вакол навагодняй ялінкі, узвышаўся чароўны лес з неглюбскіх ручнікоў.

Ранішнік пачаўся з "куцці", бо менавіта гэтай стравай і аднайменным абрадам пачыналася святкаванне Каляд у беларусаў. Затым у госці завіталі калядоўшчыкі і праспявалі традыцыйныя калядныя песні, якія цудоўна паклаліся ў рытмы карагодаў, што завялі чароўныя героі разам з дзеткамі вакол ялінкі. Як аказалася, усе дзеткі падрыхтваліся, каб атрымаць салодкія падарункі з гаршочка "куцці". Наперабой разліваліся па залах музея то калядныя спевы, то беларускія вершыкі, то проста прыгожыя беларускія песні ў выкананні самых маленькіх наведвальнікаў. Узрадавалі ўсіх удзельнікаў ранішніка і адмысловыя госці - "Каза вучоная, кіем хрышчоная" і "Мядзведзь са Смаргоньскай семінарыі". Пад вясёлыя рытмы "Го-го-го, каза! / Го-го-го, сера…", галоўная гераіня гэтай песні гарэзліва скакала сярод дзетак, а пасля стаміўшыся "ўпала, здохла-прапала". Дзеткі аказаліся вельмі кемлівымі і адразу пачалі "лячыць" Казу цукеркамі. У адказ, яна дазволіла пацягаць сябе за рожкі, даруючы гэтым дабрабыт і багацце на ўвесь наступны год - "Дзе каза рогам, там жыта стогам". Далей у залу заваліўся Мядзведзь, які адразу ж пачаў танчыць і даказваць сваю "вучонасць": "Мішка, а пакажы як бабы бялізну мыюць, а як хлопец да дзяўчыны заляцаецца, а як дзяўчына саромеецца" - камандаваў прытупваючы нагой павадыр. Батлеечнае прадстаўленне "Цар Ірад" таксама вельмі захапіла гледачоў, якія суперажывалі героям п’есы, то наракаючы на ўчынкі Цара Ірада, то ўсхваляючы думкі Анёла і асуджаючы Чорта, то разліваючыся гучным смехам над гандлем паміж Мужыком і Цыганам. Адмыслова для ялінкі супрацоўнікі музея падрыхтавалі і творчую майстэрню ў якой дзеткі размалёўвалі фарбамі "салёных" пеўнікаў, ялінкі ды зорачкі. І, як аказваецца, жыццё многіх сучасных дзетак не ўсведамляецца без прагляду "Свінкі Пэппы". Таму яны, утульна уладкаваўшыся на цёплых пледах ў імправізаванай кіназале, атрымлівалі асалоду ад навагодняга паказу мультфільма "Свінка Пэппа і Снег".

Дзіцячая Ялінка - то пэўны цуд, у які вераць і дзеткі, і дарослыя ў тым ліку. А беларускамоўная Ялінка для Гомеля, на жаль, таксама цуд. У нас у музеі расце шмат нашых музейных дзетак, ды і шмат сяброў музея таксама завітваюць да нас з дзеткамі, таму ялінку праводзім у першую чаргу для "сябе". Але ў разуменне слова "сябе" мы ўкладваем усю супольнасць, якая імкнецца правесці частачку свайго жыцця ў нашым музеі.



Паглядзіце нашу фотагалерэю