Веткаўскі музей: працоўныя будні і перспектывы развіцця

вкл. .

У апошні час у прэсе РБ і іншых СМІ прайшло гарачае абмеркаванне пытанняў, звязаных з лёсам філіяла Веткаўскага музея ў г. Гомелі. Задаваліся пытанні аб дарэчнасці гэтай "раённай ўстановы" на тэрыторыі Гомельскага палацава-паркавага ансамбля. Рэзананс быў мацней, чым хто бы там ні быў мог чакаць. У падтрымку дзейнасці філіяла і яго карысці для культурнага жыцця горада выказваліся людзі з усёй рэспублікі.

Сёння пара растлумачыць сутнасць пытання і павярнуць паток ўстрывожаных лістоў у рэчышча стваральнага супрацоўніцтва.

Паведамляем, што Веткаўскі музей не атрымліваў ніякіх афіцыйных рашэнняў дзяржаўных органаў аб закрыцці філіяла. Ён працягвае паспяхова ажыццяўляць сваю рознабаковую працу на ранейшых умовах. Гэта арэнда будынка (былога шахматна-шашачнага клуба), які належыць Гомельскаму палацава-паркаваму ансамблю. Ніякіх абмежаванняў у правядзенні мерапрыемстваў няма, яны праходзяць па ўзгадненню з гаспадарамі будынка і гарадскімі ўладамі, як і раней. А мерапрыемстваў такіх шмат, дастаткова заходзіць на сайт музея і глядзець запрашэнні, анонсы, творчыя справаздачы.

Філіял Веткаўскага музея ў Гомелі

Гісторыя ж унікальнай з'явы філіяла раённага музея ў абласным цэнтры такая. Высока ацэньваючы творчы патэнцыял Веткаўскага музея і непаўторнасць яго калекцый, абласныя ўлады яшчэ ў 1990-м годзе прынялі рашэнне аб "набліжэнні" ўнікальнай спадчыны продкаў і аўтарскіх праектаў музея да гарадской моладзі, да дзяцей. Быў заснаваны філіял. Вырашальны ўдзел прынялі ў гэтым тагачасны губернатар вобласці Аляксандр Серафімавіч Якабсон і старшыня абласнога Савета дэпутатаў Валерый Сцяпанавіч Сяліцкі, сам вельмі творчы чалавек. Ён, дарэчы, "хросны бацька" і выдатнага Ваеннага музея ў Гомелі. Філіял некалькі разоў мяняў адрасы (арэнда ў ЖЭУ). Пакуль у 2009-м годзе не адбылося ўрачыстае адкрыццё ў адрэстаўраваным будынку па адрасу Плошча Леніна, 4. Цудоўнае месца, адразу за Саборам Пятра і Паўла. Святы ў філіяле прыйшліся па душы гамяльчанам. Яны збіраюць людзей розных пакаленняў: ад аўтэнтычных фальклорных "гуртоў" (а гэта людзі часам за 70 гадоў) - да фолькрокераў з запалам (яны складаюць рок-музыку з нацыянальнымі каранямі). Школьныя конкурсы, супрацоўніцтва з мастацкімі каледжамі, з турыстычнымі арганізацыямі, з гарадскім і раённымі аддзеламі культуры, з абласным цэнтрам народнай творчасці, з цэнтрамі па працы з дзецьмі і моладдзю, з майстрамі-рамеснікамі, з мастакамі - усё гэта не разнастайныя мерапрыемствы, а мэтанакіраваная дзейнасць у адзіным рэчышчы. Шматгадовы праект "Моладзь і традыцыйная культура" паспяхова развіваецца і атрымлівае ўсё больш разнастайныя формы. Ткацкая майстэрня ў філіяле (4 запраўленых і дзеючых старадаўніх станка - Кросен) - гэта своеасаблівы інтэрактыўны праект. Усе супрацоўнікі ўмеюць ткаць, прычым з вывучэннем і укараненнем сапраўдных мясцовых традыцый, перш за ўсё, неглюбскай спадчыны. У гэтай майстэрні падчас кожнай экскурсіі можна ўбачыць, як гэта робіцца, і самому паспрабаваць. Але не толькі. Дзейнічае клуб рукадзелля "Параскева". У ім ткуць, шыюць лапікавае шыццё, вышываюць людзі - ад школьнікаў да студэнтаў і пажылых. Некаторым за 80 гадоў. Арганізавалі і для самых маленькіх: Клуб "Ткачаняты".

Выйгралі прэзідэнцкі грант і аднавілі ў дакладнай тэхніцы (вывучылі ў апошніх майстрых Неглюбкі) некалькі жаночых касцюмаў неглюбскага "строю". Аднавілі такія рэдкія тэхналогіі, як ткацтва андарака і пляценне чырвоных паясоў. У выніку прадставілі рукатворныя ансамблі: дзявочы, жаночы малады і пажылы варыянты (з андарака).

Экспазіцыя ткацтва ў Веткаўскім музеі

Моладзь у майстэрні філіяла сама шые і вышывае сабе народную вопратку, нават вясельную. А потым у гэтых уборах танчаць у "школкі бытавога танца". Аднаўляюць і праводзяць каляндарныя абрады. Сярод іх любімы і ўсё больш папулярны - "Гуканне вясны" на беразе палаводнага Сожа.

Выставы ў філіяле абавязкова выкарыстоўваюць матэрыялы з фондаў Веткаўскага музея: самі экспанаты і творчыя распрацоўкі: расшыфроўку старажытных арнаментаў, рукадзельныя рэканструкцыі тэхнік ткацтва, даследаванні па іканаграфіі Веткаўскай школы іканапісу, па старадаўніх кнігах, па дамавой разьбе. Прадметы паўстаюць адрэстаўраванымі. Наш музей - адзіны раённы, дзе ўдалося стварыць штат уласных рэстаўратараў. Але ўсё больш выставачная дзейнасць "прарастае" і ў гарадское асяроддзе. Шэраг выстаў - даследаванне народнай культуры горада. Так, толькі што адкрылася цудоўная выстаўка "Кветкі ля хаты", дзе культура кветнікаў, дамоў, упрыгожаных разьбой у раслінным стылі - сталі асяроддзем для яркай творчасці мастачкі Ганны Пугачовай: для трапяткіх акварэляў растучых кветак з натуры - і вельмі тонкіх вышывак з імі жа. У суседнім зале - таксама тэма "райскага саду". Гэта знакамітыя веткаўскія шытыя жэмчугам і бісерам аклады на іконах. Многія адрэстаўраваны рукамі музейных спецыялістаў. І шмат - пра сімволіку, пра гісторыю гэтага рукадзелля на Ветцы. А яшчэ ў адной зале - гісторыя, як вучыліся яшчэ ў пачатку XX стагоддзя дзеці стараабрадцаў. І там ёсць нават пропіс XVIII стагоддзя. Вось неяк так.

Фрагмент выставы "Кветкі ля хаты" ў філіяле Веткаўскага музея

А сам Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый, які носіць імя свайго заснавальніка, Фёдара Рыгоравіча Шклярава, па-за ўвагай народа і зацікаўленасці органаў улады ніколі, па сутнасці, і не заставаўся. Гэты аб'ект уваходзіць у турыстычны маршрут "Залатое кальцо Гомельшчыны". У 2014 г. ў наш музей прыязджаў губернатар Уладзімір Андрэевіч Дворнік і спытаў, чым трэба дапамагчы. У выніку ў 2015 г., пасля бягучага рамонту 2014 г., прайшло абнаўленне экспазіцыі на ўсіх трох паверхах. Рабілі сіламі супрацоўнікаў: ад наглядчыкаў да рэстаўратараў і "адмiнiстрацыi". Але затое - у новым абсталяванні, замоўленым (па аўтарскім праекце) і зманціравываным на другім і трэцім паверхах, з новай сістэмай асвятлення. Па даручэнню губернатара, 700 мільёнаў вылучыў аблвыканкам на заказ. А яшчэ, нарэшце, новенькую машыну купілі - таксама 550 мільёнаў тады.

Заснавальнік Веткаўскага музея Ф.Р. Шкляраў

Фёдар Рыгоравіч Шкляраў

У гэтым годзе ў Ветцы вялікія перамены па добраўпарадкаванню. Музей двума карпусамі ўдзельнічае ў архітэктурным абліччы Чырвонай плошчы. За сродкі абласнога бюджэту адрамантаваны і выдатна выглядаюць фасады абодвух карпусоў музея. Здолелі адрамантаваць дах, аднавіць сігналізацыю ў корпусе №1, зрабіць бягучы рамонт у некаторых памяшканнях.

Веткаўскі музей

Абласныя ўлады прапанавалі распрацаваць канцэпцыю далейшага развіцця музея - пераабсталявання корпуса №2 пад адкрытае захоўванне фондаў і выставачныя залы. Праўда, для гэтага патрэбна сур'ёзная рэканструкцыя будынка.

Сваімі сіламі робім касметычны рамонт першага паверха купецкага асабняка Грошыкава, рыхтуем абнаўленне экспазіцый "Кузні", "Чаканнай майстэрні", "Майстэрні іканапісца", экспазіцыю "Агнялікія і агняпальныя", прысвечаную лёсу Веткі ў розныя стагоддзі. А яшчэ ў нас цудоўныя экспазіцыі на другім і трэцім паверхах: іканапіс, бісер, пазалочаная разьба, пузатыя самавары, унікальныя рукапісы, пачынаючы з XVI стагоддзя і старадрукаваныя фаліянты яшчэ часоў Івана Фёдарава. І адзіная ў рэспубліцы экспазіцыя дамавой драўлянай разьбы, самабытнай, як і наш лёс, чым наша зямля і адрозніваецца ад усіх іншых.

Фрагмент экспазіцыі "Кузня"

Бісерныя аклады на іконы

Кніжная культура Веткі

Веткаўскі іканастас

Нават не верыцца, што ўсё гэта ўдалося сабраць і пабудаваць за жыццё двух пакаленняў захопленых энтузіястаў (Музей пачаў працу ў 1979 г., тры паверхі экспазіцый адкрыліся ў 1987 г.). Я працую там з самага пачатку. Пачыналі ўтрох: заснавальнік музея і два навуковых супрацоўніка.

Адзін - з 1988 г. - дырэктар гэтай арганізацыі. Другі - цяпер галоўны захавальнік, Святлана Іванаўна Лявонцьева, кандыдат мастацтвазнаўства, самы вядомы спецыяліст па кніжнай культуры.

Калісьці Фёдар Шкляраў навучыў нас актыўнасці і захопленасці ў гэтым жыцці, якой не паўтарыць. І трэба быць шчаслівым тут і цяпер, і трымаць руку на пульсе той крыві, што звязвае пакаленні: продкаў - нас - нашчадкаў!

Дырэктар ДУК "Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава"

Заслужаны дзеяч культуры РБ Нячаева Г.Р.

Дырэктар Веткаўкскага музея Галіна Нячаева