Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый ім. Ф.Р. Шклярава. Ветка, Беларусь

  • Абрады

    Свята летняга сонцавароту, вядомае ўсёй Еўропе, у нас называецца Купалле. Гэта начны абрад, ён захаваўся ў розных варыянтах. Спявалі песні, дзяўчаты пускалі па вадзе вянкі са свечкамі, моладзь танчыла, палілі вогнішча і скакалі праз агонь

  • Партрэт

    Музей у Ветцы быў заснаваны дзякуючы ініцыятыве Фёдара Рыгоравіча Шклярава, карэннага веткаўчаніна. Так выглядала майстэрня калекцыянера ў 70-я гг. XX ст., а некаторыя прадметы з яе і зараз знаходзяцца ў фондах музея

  • Майстар квітнеючых вокан

    Упрыгожваліся перш за ўсё вокны. Акрамя гэтага, разьба размяшчалася на вуглах і карнізах пабудоў, на масіўных уязных варотах, ператвараючы дом і падворак у суцэльны дэкаратыўны ансамбль

  • Кузня

    У Ветцы, што славілася сваімі верфямі здаўна шанаваліся майстры-якарнікі, самымі вядомымі былі Кавалёвы, якія забяспечвалі якарамі не толькі рачны, але і марскі рыбацкі флот

  • Гісторыя горада

    Ветка заснавана рускімі перасяленцамі ў 1683 г. Доўгі час была духоўным і культурным цэнтрам усяго стараабрадніцтва, застаючыся сімвалам волі і натхнення для шмат якіх «адзінаверцаў» на тэрыторыі Расіі

  • Райскі сад

    Матыў райскага саду стаў галоўным вобразным момантам, які аб»яднаў старажытную сімволіку іконы з натуралізмам арнаменту барока. Майстэрства рэзання пазалочаных кіётаў-«садоў» на Ветцы перадавалася ад бацькі да сына

  • Майстэрня іканапісца

    Дошка пакрывалася грунтам-«ляўкасам». Выкарыстоўвалі асятровы клей, мел, алебастр. Пігметы расціраліся і размешваліся з жаўтком яйка, часночным «зеллем» (сокам) — у лыжках або ракавінах

  • Кніжная культура

    Унікальнасць кніжнай культуры Веткі ў тым, што яна захавала старажытныя традыцыі кніжнага мастацтва. Тут працягвалі ствараць рукапісы ў 20-я — 30-я гг. XX ст.

  • Тканы космас

    Калекцыя ўзорнага ткацтва і вышыўкі музея ўнікальная. Гэты «генны фонд» нашай культуры абяцае даць у будучыні нацыянальны па значэнні «банк дадзеных» архаічных знакаў і тэхнік беларускага ткацтва

  • Чайная

    Ад малюсенькага паходнага самавара да вялізнага раскошнага ў выглядзе вазы. Ніводная стараабрадніцкая сям'я не абыходзілася без самавара

  • Веткаўскі іканапіс

    Веткаўская ікона паслядоўна ўвабрала рысы рэнесансу, барока, ракако, класіцызму, мадэрну, а таксама дасягненні іншых відаў беларускага выяўленчага мастацтва

  • Гандаль

    Шкляныя слоікі для гарбаты, скрынкі ад цукерак — упакоўка рэдка захоўваецца. Паводле расповедаў старажыл, у Ветцы была тысяча гандлёвых крам. Пад час жа кірмашоў з навакольных вёсак прыязджалі ў 2-3 гадзіны ночы, каб заняць месца бліжэй да цэнтра

  • Уздоўж ракі

    Многія веткаўчане звязалі сваё жыццё з рачным флотам: хтосьці быў капітанам парахода, хтосьці членам каманды, хтосьці будаваў рачныя судна, хтосьці сплаўляў плыты

  • Майстэрня златакаваля

    Раслінны ўзор на адзенні святых то рупліва «тчэцца» чаканамі, гравіруецца і «чарніцца», узнаўляючы старажытную парчу, то абгортваецца жывымі веткамі з кветкамі

  • Мы так даўно тут жывем...

    Найстаражытнейшыя знаходкі, што сведчаць аб знаходжанні першабытнага чалавека на Веткаўшчыне, адносяцца да эпохі палеаліту і датуюцца 100-40 тыс. г. да н. э.

Па традыцыі ў маі Веткаўскі музей зладзіў акцыю “Ноч музеяў”. На гэты раз мерапрыемства, прысвечанае святкаванню Міжнароднага дня музеяў, прайшло не ў гомельскім філіяле, а ў самой Ветцы.

Уваход у музей у дзень правядзення акцыі быў бясплатны, а вось выхад каштаваў 5 000 рублёў, за якія кожны наведнік мог атрымаць падарункі. А да пачатку праграмы, якая адбывалася на вуліцы, можна было трапіць і на бясплатныя экскурсіі ад нашых навуковых супрацоўнікаў і дырэктара Галіны Нячаевай. Акрамя таго, на другім паверсе праходзіў мастацкі пленэр "Музей, які натхняе…", а з музеямі свету госці маглі пазнаёміцца дзякуючы 250 сучасным выданням, якія падрыхтавалі для экспанавання Веткаўскі музей і Гомельская абласная ўніверсальная бібліятэка імя У.І. Леніна.

Вулічную праграму распачаў калектыў “Стаўбунскія вячоркі” (в. Стаўбун, Веткаўскі р-н). Яны паказалі частку абраду “Ваджэнне і пахаванне стралы”. Ужо хутка – 21 мая – “хаваць стралу” жанчыны будуць у самім Стаўбуне.

Далей працягнулі моладзевыя гурты. Сярод іх – як тыя, з кім мы ўжо не першы раз сустракаемся на нашых акцыях (гомельскія калектывы “Біфолк”, “Ягорава Гара”, “Млын Сонца”), так і тыя, хто падтрымаў нашу “Ноч музеяў” упершыню (“Літы талер”, г. Мінск). Сярэднявечная музыка, якую выконвалі гурты “Млын Сонца” і “Літы талер”, не магла абысціся без заўсёднікаў-танцораў – клуба гістарычнага танца “Бельфіорэ”.

Завяршыў праграму, як і ў мінулым годзе, тэатр агню Atesh.

На жаль, сёлета нам вельмі не пашанцавала з надвор’ем: холад , моцны вецер і нават дождж. Ад таго не былі рэалізаваныя некаторыя задумы.

- Планаваліся актыўныя пляцоўкі для моладзі з выкарыстаннем музейных адукацыйных напрацовак, майстар-класы, мастацкі пленэр, кніжныя выставы, што раскрывалі тэматыку музеяў і музеязнаўства… - падзяліўся нерэалізаванымі планамі загадчык філіяла Веткаўскага музея Пятро Цалка.

Але пачатак правядзенню “Ночы музеяў” у Ветцы быў пакладзены і, магчыма, падрыхтаваныя напрацоўкі можна будзе скарыстаць у будучым.

Дапамаглі ў правядзенні акцыі ЧСУП “Линия сноса” і аператар вонкавай рэкламы “ДиМедиа”.

Глядзіце фота з “Ночы музеяў-2015” у Ветцы. Больш здымкаў з акцыі можна паглядзець у нашай фотагалерэі.

"Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый" г. Ветка, Беларусь - Copyright © 2012 - 2018.
Усе правы абаронены. Капіраванне матэрыялаў дазволена толькі са спасылкай на сайт-крыніцу.