Экспазіцыі музея

Гісторыя горада

"Стары горад"

Ветка, заснаваная рускімі перасяленцамі ў 1683 г. была пасяленнем вольных людзей. Раней такія пасяленні называліся "слабодамі". У іх канцэнтравалася рамесніцкая і гандлёвая дзейнасць. Акрамя гэтага, Ветка доўгі час была духоўным і культурным цэнтрам усяго стараабрадніцтва, застаючыся сімвалам волі і натхнення для шмат якіх "адзінаверцаў" на тэрыторыі Расіі.

Расійскія ўлады, занепакоеныя аўтарытэтам сваіх былых падданых, рабілі захады поўнага знішчэння веткаўскіх слабод. Ветку спальвалі двойчы - у 1735 і 1764 гг. Але зноў і зноў Ветка адраджалася з попелу.


"Летапіс"

Раскол - драматычны перыяд рускай гісторыі, які падзяліў царкву і грамадства на два варожых лагера. Па-сярэднявечнаму жахлівае знішчэнне паслядоўцаў старых абрадаў змянілася больш гуманнай блакадай у сферы сацыяльных адносін, эканомікі, права, рэлігіі і культу. І ўсё ж, нягледзячы на гэтыя санкцыі, стараабрадніцтва здолела не толькі выжыць, але і захаваць унікальную культуру генетычна звязаную з культурай Русі Маскоўскай, Кіеўскай і Візантыйскай імперыі.


"Легенда"

У кожнага горада ёсць свая легенда. Ёсць яна і ў Веткі. І звязана яна, канешне, з ракой. Распавядалі, што рускія перасяленцы ідучы ўздоўж Сожа ўніз па цячэнню, пусцілі на воду ікону - так у старажытнасці людзі вызначалі месца для горада. Праз ікону Гасподзь даваў знак. Каб пабачыць ікону з берага, да яе прывязвалі ветку дрэва. Па ёй ікону і знайшлі: хваля прыбіла яе на водмель вострава, крыху ніжэй мястэчка Хальч. Востраў назвалі Веткай, а пасля і пасяленне, якое на ім размясцілася.

А яшчэ Ветку магчыма зразумець як метафару. Бо дзеці - гэта таксама "ветка" бацькоў. Стараабрадцы падкрэслівалі сваю сувязь з Радзімай - Расіяй. Старыя нагадвалі ўнукам, што яны - "ветка" Масквы.

Каб "ветка" не была сухой, патрэбна было стала жывіцца сокам дрэва, стала падтрымліваць сувязь з Айчынай, з верай продкаў.



Паглядзіце нашу фотагалерэю