Экспазіцыі музея

Гандаль

"Бакалея"

Паводле расповедаў старажыл, у Ветцы была тысяча гандлёвых крам. Шкляныя слоікі для гарбаты, скрынкі ад цукерак - упакоўка рэдка захоўваецца. Медныя расійскія манеты канца XVIII - XIX стст., лічыльнікі і купецкія рахункі, шкляныя і гліняныя бутэлькі - артэфакты, якія сёння можна пабачыць толькі ў гістарычных кінафільмах. Гэта дзіцячыя ўспаміны нашых прабабуль.


"Вагі"

"У якія-небудзь пяць-дзесяць гадоў веткаўскія слабоды разрасліся ў буйны гандлёвы цэнтр, які захапіў у свае рукі гандаль паміж Левабярэжнай Украінай і Беларуссю", - як пісаў акадэмік Нікольскі ў сваёй "Гісторыі рускай царквы". Старадаўнія шалі з меднымі чашамі, якія датаваны 1846 годам, вагі, бязмены, гіры сталі сведкамі гандлёвага росквіту гэтых месцаў.


"Карабейнік"

Старажылы ўзгадвалі аб "каробушніках", або карабейніках, заняткам якіх быў латочны, пераносны дробны гандаль. Карабейнікаў у Ветцы было шмат. Цэлыя сем’і спецыялізаваліся на гэтым. Тавары насілі ў "каробушках". Так часам называлі і саміх гандляроў. Адсюль - і прозвішча "Каробушкіны". Што было ў каробушках? Гузікі, ленты, тасьма, іголкі, іконкі, малюнкі. І той самы "бірузовы пярсцёнак" з песні. Цікава, што сярод тавараў былі і патрэбныя для веткаўскіх відаў мастацтва. Напрыклад: "Бісер, земчуг - тады насілі. Золата ў кніжачках - ведалі, што ў нас такое рукадзелле прынята было".