Экспазіцыі музея

Агнялікія і агняпальныя

on .

Вобраз агню ў культуры Веткі

Лёс Веткі, паводле словаў гісторыкаў, гэта лёс вогненнай птушкі Фенікса. Горад двойчы спальваўся царскімі войскамі: у 1735 і 1764 гг., пакутаваў у агні ўсіх войнаў, перанёс вялікія пажары 1846 і 1890-х гг., але кожны раз Ветка адраджалася з попелу. Мы падалі тэму трагічнага агню ў іконе "Пакроў" і ў чырвоным ківоце для ліцця. Апошні нагадвае аб Чарнобыльскай трагедыі і высяленні стараабрадніцкіх вёсак.

"Пакроў"

Вобраз агню блізкі культуры стараабрадцаў і таму, што гэта сімвал духоўнага палання, прасветленасці боскім агнём. Такімі з’яўляюцца агнялікія, "агнявідныя" вобразы-сімвалы. Сафія - Прамудрасць Божая - іканаграфія, якая прынесена наўгародскімі пасяленцамі Веткі. Архангел Міхаіл-Ваявода на вогненным крылатым кані - ён перамагае Сатану ў апошняй бітве са злом. Сама Багародзіца "Агнявідная" вядома тут як агнялікая дзева. Лічыцца, што гэта веткаўская іканаграфія і вобразна, пачуццёва ўвасабляе сабой эпітэты: "Заря умнаго солнца" і "Огнезрачная колесница". У народнай культуры ёй маліліся ад пажару, а таксама, гледзячы па святых на палях іконы, аб пазбаўленні ад ліхаманкі-"агнявіцы": часта побач Марой і Фацінія, якім маліліся "от трясовичныя болезни".

"Сафія - Прамудрасць Божая"

Яшчэ адна "вогненная" іканаграфія - "Неапалімая купіна", якая з’явілася прароку Маісею ў выглядзе куста, які гарыць і не згарае. Гэта прадракальны вобраз - сімвал Марыі. У народнай культуры - таксама - абярэг ад пажару. У час пажару з гэтай іконай абыходзілі дом, які гарэў і агонь, верылі, суціхае.

"Неапалімая купіна"

Любілі ў Ветцы і пісалі на іконах "Вогненнае ўзыходжанне прарока Іллі". Гэты святы быў жывым узяты на неба, куды падняўся на вогненнай калясніцы, у якую былі запрэжаны вогненныя крылатыя коні. На іконе падрабязна паказаны эпізоды жыцця святога. Яго вучню, Елісею, дастаўся плашч настаўніка. На прорысу (малюнак для пісьма іконы) можна пабачыць, што і колы - таксама сонцы. У фальклоры Ілля - грамаўнік, і ездзіць па нябеснай цвердзі на калясніцы, загадвае громам і дажджамі.

"Вогненнае ўзыходжанне прарока Іллі"

У залах, прысвечаных іканапісу, вы яшчэ не раз пабачыце "агнявідныя" вобразы. Увесь жывапіс Веткі - напоўнены любоўю да пылаючай гамы.



Паглядзіце нашу фотагалерэю