Экспазіцыі музея

Майстэрня іканапісца

on .

Ветка лічыцца буйнейшым стараабрадніцкім цэнтрам іканапісу першай паловы XVIII ст. Аднак веткаўскі майстар Рыгор Рагаткін пісаў сваю ікону "Іаан Багаслоў у маўчанні" яшчэ ў 1929 годзе. Экспедыцыі музея дазволілі сабраць матэрыялы, звязаныя з іканапісцамі. Тут усе прадметы - сапраўдныя. Праўда, гэта маленькі фрагмент калісьці велізарнай культурны. У знак гэтага - іконная дошка з фрагментам жывапісу.

"Іаан Багаслоў у маўчанні"

На стале - няскончаная ікона "Адзігітрыя". Гэта работа Паўлікава Рыгора Цімафеевіча (1867 - 1921), іканапісца са старадубскай слабады Шаламы. Сам ён родам з веткаўскай слабады Мар’іна. Яшчэ адзін аўтарскі падпісны твор - ікона "Сафія, Вера, Надзея, Любоў". Яго напісаў Сімяон Якаўлевіч Зайцаў у 1873 годзе "в местечке Ветке". Тэма Прамудрасці-Сафіі як маці лепшых чалавечых пачуццяў гучыць метафарычна і ў гэтым вобразе святых пакутніц ІІ ст.

"Адзігітрыя"

Раставыя іконы святых мужоў калісь знаходзіліся ў вялікіх іканастасах стараабрадніцкіх цэркваў, у большасці спустошаных і зачыненых. Тры ўзросты: юнак, мужчына, старац - гэта быццам гаспадары майстэрні, сімвал пераемнасці духоўнасці.

Інструменты, фарбы - сабраныя на гарышчах дамоў. Яны сведчаць аб сапраўднасці традыцыі, перарванай у час атэізму. У дамах нашчадкаў майстроў, а таксама паміж старонкамі старадаўніх кніг знойдзены і бясцэнныя папяровыя аркушы з малюнкамі-узорнікамі, гравюрамі. Агулам іх называюць "прорысамі". У нашай калекцыі аркушы - "прорысы" XVII - ХХ стст.

Дошка пакрывалася грунтам-"ляўкасам". Выкарыстоўвалі асятровы клей, мел, алебастр. Пігменты (мінеральныя і арганічныя) расціраліся і размешваліся жаўтком яйка, часночным "зеллем" (сокам) - у лыжках або ракавінах. Жывапіс быў шматслойны. Спачатку наносілі цёмны "санкір" у ценевых месцах. Затым пісалі "далічное" - палаты, пейзаж. На Ветцы значным з’яўляецца ўплыў новага жывапісу. "Лічное" пісьмо пакрывалі па санкіру вохрай, пракладвалі кінавар’ю, "высвятлялі" ў некалькі пластоў. Завяршалі белым колерам, што сімвалізавала "аблістанне" святога Боскім святлом. Фон - гэта таксама "свет". Часта ён пакрыты ліставым золатам. Золата і "тварылі", ператвараючы яго ў залатую фарбу для ўзораў і блікаў-"прабелаў".



Паглядзіце нашу фотагалерэю