Феномены Веткі - Стараабрадніцкая Ветка

Кніжная культура Веткі

Аўтар: Лявонцьева С.І. on .

Ветка - край багатай кніжнай культуры. На працягу двух з паловай стагоддзяў з усіх канцоў Расіі неслі сюды стараверы сваю духоўную культуру. Цэрквы і манастыры былі "школай кніжнасці і пісьменнасці".

Найбольш рэдкія выданні адносяцца да даніканаўскага друку. Гэта кнігі першых рускіх і беларускіх майстроў: "Апостал" (1574, Львоў), "Евангелле" (1575, Вільня), "Евангелле вучыцельнае" (1569, Заблудаў) Івана Фёдарава і Пятра Мстіслаўца; "Триод цветная" (1591), "Апостол" (1597, Масква) Андроніка Цімафеева Нявежы. Іх копіі зроблены ў канцы XVI ст. В. Гарабурдам у Віленскай друкарні купцоў Мамонічаў, лепшых майстроў маскоўскіх друкарскіх двароў першай паловы XVII ст. Асаблівай прыгажосцю і дасканаласцю афармлення вылучаюцца выданні Анісіма Радзішэўскага "Евангелле" (1600 - 1606), "Устав - Око Церковное" (1610), першая кніга друкарскага двара Кіева-Пячэрскай лаўры "Анфалагіён" (1619). Шырокаму распаўсюджванню друкаванай кнігі ў народным асяроддзі ў XVIII ст. спрыялі стараверскія друкарні ў Супраслі, Пачаеве, Вільні, Гародні, Магілёве. У стараверскіх выданнях захаваліся фрагменты старажытнарускіх летапісаў, жыцій, аповесцей. Выдадзеныя ў XVIII ст. у падпольных друкарнях кнігі, такія як "Кветнік" і "Маргарыт", уключалі мноства замоў і заклінанняў.

У Ветцы былі свае летапісцы, пісцы і нават філосафы. Адным з першых перапісчыкаў кніг быў святар Веткаўскай царквы Феадосій. Вядомы напісаныя ім у пачатку XVIII ст. "Пасланні ў Керманскія скіты". Пётр Тараканаў з в. Тарасаўка ў 1917 - 1918 гг. перапісаў "Пасляслоўе" да Евангелля. Цікавая гісторыя гэтага рукапісу. Адыходзячы на ваенную службу ў першую сусветную вайну, Пётр Тараканаў даў сабе зарок: вярнуся жывым - перапішу Евангелле. І выканаў сваё абяцанне.

Склаўся веткаўскі стыль пісьма. Ён вызначаўся раскошай і вытанчанасцю афармлення рукапісаў, разнастайнасцю і маляўнічасцю.

І сапраўды, тут сфарміраваўся самастойны своеасаблівы рукапісны напрамак. Ён характарызуецца засваеннем "старадрукаванага" стылю і маскоўскага барока XVII ст. Веткаўскія майстры выкарыстоўвалі раслінны арнамент: яны быццам вырошчвалі літары з маленькіх завіткоў, якія ператвараліся ў буйны сад. Па старажытнай традыцыі гэты дзіўны сад населены райскімі птушкамі. Гэта жывое адчуванне рытму вызначае дынамічныя формы кніжнага арнаменту і ў канцы XIX - пачатку XX ст. Застаўкі і літары цешаць вока яркімі фарбамі. Калі паморскія і гусліцкія майстры выкарыстоўвалі ў каларыце сваіх рукапісаў тры-чатыры колеры, то веткаўскія - да традыцыйнага чырвона-залатога дадалі практычна ўсе адценні колеравай гамы.

На Веткаўшчыне сустракаюцца рукапісы, упрыгожаныя паморскім і гусліцкім арнаментамі. Магчыма, шматлікія кнігі перапісваліся мясцовымі майстрамі, якія валодалі гэтымі стылямі.

Рукапісныя і гісторыка-культурныя традыцыі Веткі яскрава адлюстраваны ў пеўчых рукапісах, якія захавалі старажытны спосаб запісу музыкі - "крукавую натацыю". Тут не проста перапісвалі пеўчыя кнігі, але і стваралі свае мясцовыя распевы. Веткаўскі распеў, як і кнігі, быў вядомы далёка за межамі свайго рэгіёна. Рукапісы і старадрукі мела амаль кожная стараверская сям'я. Гэта перш-наперш Мінеі, Евангеллі, Апосталы, Трыодзі, Пролагі, Псалтыры, Часоўнікі, Часасловы. Апошнія асабліва часта перавыдаваліся ў XVIII - XIX ст. як вучэбныя кнігі. Некалькі пакаленняў вучыліся грамаце па гэтых кнігах, таму яны ў большай ступені маюць сляды руплівай рэстаўрацыі і неаднаразовых пераплётаў, зробленых майстрамі.

Чыталі мясцовыя стараверы і творы, накіраваныя супраць іх веравучэння. Таму яны збераглі такія друкаваныя кнігі XVIII ст., як "Прашчыца" і "Розык", у якіх знаходзіцца цікавы матэрыял па гісторыі расколу.

Сярод стараверскіх сем'яў найбольш распаўсюджаным было "Жыціе Міколы", які ў народным асяроддзі лічыўся самым "вялікім" святым і да таго ж усведамляўся і гаспадаром дома.

Колькі было кніг на Веткаўшчыне? На гэта пытанне адказаць немагчыма. Пра вялікія кніжныя багацці старавесркіх манастыроў і скітаў згадвалі шматлікія даследчыкі. Але з цягам часу кнігі знікалі, іх вывозілі за межы рэгіёна. Так, 14 кастрычніка 1735 г. пад час першай "выганкі" старавераў палкоўнік Сыцін у сваім данясенні ў міністэрскую канцылярыю паведамляў, што ён адабраў у Пакроўскім манастыры 682 кнігі, "да особливо разных мелких книжек полтора мешка". Пра далейшы лёс гэтай бібліятэкі нічога не вядома. Вывозілі іх і пазней. Але многія з іх беражліва захоўваліся на працягу многіх пакаленняў, перадаваліся з рук у рукі як самая каштоўная спадчына.