Феномены Веткі - Стараабрадніцкая Ветка

Веткаўскае шытво бісерам

Автор: Нячаева Г.Р. вкл. .

Сярод розных відаў мастацтва, якімі багата Веткаўшчына, асаблівую цікавасць уяўляе арыгінальнае і практычна не даследаванае рамяство - шытво бісерам.

Вытокі традыцый веткаўскага шытва бісерам, як і мясцовага іканапісу, разьбы па дрэве, чаканкі, кніжнай мініяцюры, - у далёкім XVII ст. Тады мастацтва шытва шоўкам, золатам, жэмчугам дасягнула асаблівага росквіту. У дакументах пачатковага перыяду гісторыі Веткі не раз сустракаецца апісанне шытва ў складзе багатага ўбрання мясцовых цэркваў.

У канцы XIX - пачатку XX стст. хавальніцамі сакрэтаў шытва рачным жэмчугам (а потым і бісерам), золатам апраў на абразы, аздаблення камянямі і шкельцамі, вырабу ружанцаў-"лесвіц" былі пераважна "келейніцы". У Ветцы іх называлі майстрыхамі, бо да іх аддавалі вучыцца пяці-шасцігадовых дзяцей. Майстрыха вучыла іх пісаць уставам, спяваць па старажытных "круках". Дзяўчаты шылі рызы на свае шлюбныя абразы, вучыліся і шыць бісерам.

Веткаўскае шытво, якім аздабляліся ў асноўным абразы, не было так званым манастырскім шытвом. Старажытнае рамяство натуральна ўпляталася ў магутны паток традыцыйнага народнага мастацтва. Майстры па-свойму ўспрымалі і тлумачылі вобразны строй, стылістычныя прыёмы старажытнарускай мастацкай сістэмы. Ветка рзмешчана на гістарычным перакрыжаванні, у месцы, якое звязана з агульнымі славянскімі вытокамі (Усходняе Палессе), так і з культурай трох усходнеславянскіх народаў - беларусаў, рускіх і ўкраінцаў. Гэта стварала непаўторны "кантэкст" для выпрацоўкі стылістыкі мясцовага мастацтва.

Культура веткаўчан у многім была дэмакратычнай. Цікавыя ўзаемадзеянні маглі адбывацца ў вобразна-выразнай сістэме фальклору (дакладней "двух фальклораў": карэннага і стараверскага). Архаічныя элементы, такім чынам, маглі даваць узаемны рэзананс. У рытмічнай, музычнай стыхіі веткаўскага мастацтва ядналіся разнародныя мастацкія элементы. Прычым актыўную ролю адыгравала фальклорнае мастацкае мысленне (з уключэннем рэзаніруючых сродкаў, напрыклад, старажытнарускай мастацкай сістэмы, стылю барока). Дысананс асобнага чалавека з сацыялным асяроддзем, які быў выкліканы трагедыяй расколу, пераадольваўся дзякуючы мастацтву. У шытве гэта былі амаль магічныя сродкі - жывая вада, да якой чалавек прыпадаў у цяжкія хвіліны. Чалавечы вобраз літаральна патанаў у квецені шматколерных "траў". Бісер нагадваў зіхаценне вясёлкавай расы. Праз вобразы раю, якія традыцыйна заключаны ў бісерным шыцці, прасвечвалі зямныя ўражанні. Але мы не назіраем зніжэння духоўнасці. Відаць, эмацыянальная напружанасць "зямных матываў" выяўляла адчуванні сваёй зямлі як святой, адухоўленай. Мясцовыя летапісы захавалі гэтыя ўражанні. Першы "Летапіс Веткаўскай царквы" ўбачыў тут вобраз некранутай, божай зямлі: "и населяху места зверопаственные…" У другім помніку (калфя 1780-х гадоў) Якаў Бяляеў адзаначае: "и те слободы будто бы чудные города расставлены…"

Манастыры на веткаўскай зямлі, праклятыя і забароненыя царскім урадам, мелі вольныя статуты. У іх было шмат часовых жыхароў - "бяльцоў" і "беліц" з розных краёў. Шытво бісерам, задуманае, магчыма, як уласна манастырскае, ператварылся ў арыгінальную з'яву мясцовага мастацтва. А калі манастыры зніклі, зрабілася народным жаночым промыслам.

Тэхніка шытва "ў прыкрэп", што ўжывалася ў старадаўнім "залатым шыцці" і іншых народных вышыўках, зберагаецца нават на пачатку XX ст. У калекцыі Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый ім. Ф. Р. Шклярава ёсць жаночыя кашулі 1930 - 1940-х гадоў, дзе выкарыстана гэта тэхніка. Ведаюць яе і неглюбскія майстрыхі.

Аналагічны старадаўняму залатому шытву і прыём вылучэння фігур контурам з аднаколернага, кантраснага фону бісеру. Звычайны на рызах мясцовых абразоў, гэты прыём характэрны і для старажытнага шыцця жэмчугам.

У найбольш даўніх з дайшоўшых да нас помнікаў веткаўскага мастацтва мы знаходзім залатое шыццё на адзенні і абводку рачным жэмчугам або малочным па колеры бісерам. Фігуры людзей, іх адзенне, пабудовы, прадметы паводле трактоўкі форм блізкія да аналагічных выяў у старажытным "ліцавым" шытве. Тут таксама ніткі бісеру кладуцца шчыльна, выгінаюцца па форме прадмета, фактурна перадаюць аб'ём.

Колер у веткаўскім шыцці бісерам звычайна лакальны. Каляровыя плямы ў спалучэнні з кантраснымі контурамі ствараюць плоскасную кампазіцыю. Эфект узмацняецца плоскім расліным арнаментам на фоне, рамках, часта і на адзенні. Такое вырашэнне аправы іконы, як адзінай дэкаратыўнай паверхні, паходзіць з XVII ст., калі майстар не ставіў перад сабой жывапісных задач, яго захаплялі пошукі рытму, размеркаванне мас на плоскасці. З другога боку, веткаўскае шыццё ў гэтых адносінах зліваецца з дэкаратыўнасцю народнай вышыўкі. У арнаменце майстрыхі выкарыстоўвалі звычайна традыцыйныя галінкі з фантастычнымі кветкамі. Крыжыкі і зорачкі на адзенні святых, размешчаныя ў шахматным парадку, нагадваюць крыжыкавыя фелоні старых абразоў і непасрэдна суадносяцца з падобнымі ўзорамі сялянскай вышыўкі. Часта бісернае адзенне, як і ў мясцовым іканапісе, пакрываецца мудрагелістым "траўным" арнаментам. Кветкі буйна разрастаюцца, запаўняючы абмежаваную контурам прастору. Плоскасць аправы ў такім выпадку робіцца вельмі шыкоўнай. Тонкі падбор колераў бісеру (таксама паводле дэкаратыўнага прынцыпу), халаднаваты каларыт шытва кантрастуюць з золатам бажніц, вохрыста-цёплым жывапісам.

Зберагалася ў Ветцы і вядомая ў XVII ст. тэхніка шыцця "па карце". Аб'ёмныя дэталі выконвалі асобна, а потмы нашывалі на фон.

Рытмічнасць кампазіцыі, характэрная для лепшых твораў веткаўскага іканапісу, імкненне запоўніць плоскасць абраза фігурамі, архітэктурай, арнаментамі вылучаюць і мясцовае шыццё бісерам. Вось некалькі асноўных яго відаў:

- суцэльнае шытво шэрым (бясколерным) бісерам з абводкай контураў малочным бісерам або дробным жэмчугам;

- суцэльнае аднаколернае шытво з лакальнымі ўстаўкамі каляровага бісеру;

- суцэльнае шытво шматколерным бісерам.

У веткаўскім шытве ўвасобіліся розныя этапы развіцця мастацтва - ад стрыманасці, аскетызму вобразаў да ўзмацнення мірскога пачатку, які выявіўся і ў арнаменце, і ў каларыце. Развіццё ішло па шляху ўсё большай дэкаратыўнасці, у непасрэдным узаемадзеянні з беларускім і ўкраінскім мастацтвамі.