Феномены Веткі - Стараабрадніцкая Ветка

Веткаўская іканапісная школа

Автор: Нячаева Г.Р. вкл. .

Як іканапісны цэнтр Ветка добра вядома з XVIII ст., калі мясцовыя іконы пачалі разыходзіцца "па ўсім стараабрадніцкім свеце". Гэтая школа, якая пераняла традыцыі старажытнарускага іканапісу, працягвала існаваць яшчэ і ў XX ст. Напрыклад, у 1929 г. у Ветцы Рыгор Рагаткін стварыў ікону "Іаан Багаслоў у маўчанні".

Паняцце школы абавязкова прадугледжвае наяўнасць духоўнага цэнтра. Дзякуючы яго намаганням разнастайныя культурныя працэсы атрымліваюць агульную накіраванасць і зліваюцца затым у арганічную мастацкую з'яву.

Для Веткі такім цэнтрам была перш за ўсё Пакроўская царква, адкрытая тут у 1695 г. Яна праіснавала да 1764 г., калі яе разбурылі ў час "другой выганкі" стараабрадцаў. Царква ў Ветцы была ўнікальнай для тагачаснага праваслаўнага свету. Менавіта ў Пакроўскім храме служба, паўсюль адмененая царкоўнымі рэформамі, адпраўлялася па-старому.

Пасля бурных падзей XVIII ст. Ветка страчвае ролю адзінага цэнтра пасадскага расколу. Гэтая роля адыходзіць да новых цэнтраў у Маскве і на Паволжы, на Іргізе. Але аўтарытэт "колыбели старообрядчества" замацоўваецца за ей назаўсёды. Стылявыя рысы, у вялікім напружанні "заваяваныя" веткаўцамі, робяцца агульным набыткам культуры стараабрадцаў. Гэтыя рысы праяўляюцца больш за ўсё ў цэнтрах, якія гістарычна звязаны з Веткай.

Яшчэ ў XIX ст. майстры-іканапісцы з нашых мясцін ішлі працаваць у Віцебск і Рыгу, на Дон, у Малдову, у Кіеў, у абедзве расійскія сталіцы. Бліжэйшыя ж, некалі звязаныя з Веткаўскай царквой, а нярэдка заснаваныя і самімі веткаўцамі слабоды - чарнігаўскія, старадубскія, - ніколі не адчувалі сваёй адарванасці ад веткаўскай школы.

Ідэя агульнага вобраза супадчынення, якой падпарадкоўваліся б усе наяўныя майстры і рамёствы, - г. зн. тое, што завецца ўласна стылем, была без сумнення ў ліку пачатковых, асноўных для Веткі. Да якога часу праіснаваў гэты сінтэтычны падыход? На пачатку XX ст. пасля рэформ 1907 г., якія аднавілі духоўнае жыццё стараабрадцаў, яшчэ жывыя для рэгіёна: фрэска (Пакроўскі храм), чаканка (Максім Свяшчэннікаў, г. Клімаў) і кніжная мініяцюра (Евангелле, в. Тарасаўка). У 30-я гады XX ст. яшчэ шыюць бісерам каляровыя аклады ікон (Марфа Папова, Ветка). У 50-я гады XX ст. напісаны апошнія для цэнтра іконы (Рыгор Паўлікаў, в. Шэламы) і выразаны апошнія пазалочаныя ківоты (Кузьма Карасёў, Ветка).

Варта адзначыць, што ва ўсёй тоўшчы веткаўскага духоўнага і мастацкага існавання мы не знойдзем таго, што завецца афіцыйнай культурай, і на Ветцы ў сінтэзе культавых мастацтваў мы маем справу з захваннем і развіццём старажытнай духоўнасці.

Сама культурная сітуацыя на Ветцы была фальклорнай, нягледзячы на высокі прафесійны статус мясцовага майстра. Карацей кажучы, майстар належаў да таго ж сацыяльнага калектыву, заказы якога ён выконваў. Гэтая праца была часткай і патрэбай яго душы. Вядома, гэта спарадзіла цэлы спектр вобразаў, якія данеслі да нас народную духоўнасць, - ад патаемных пачуццяў напаўязычніцкага сялянскага быцця да пышнага і валявога купецкага пошуку гармоніі. Пераканаўчы прыклад першага - простыя па выкананні, дзіўныя па глыбіні "Цэлебнікі" - мнагачасткавыя іконы з выявамі многіх святых, якія дапамагалі пры розных хваробах і патрэбах, ад "помачы супраць 12 трасавіц" да "навучання грамаце". Яскравы прыклад другога - "Благавешчанне" пісьма Яўхіма Андрыянава (1880), якое аб'ядноўвае ўсе магчымыя віды перспектыў у замкнутую, як чаша, прастору. Гэтым яно адначасова пераклікаецца з кампазіцыяй-чашай "Тройцы" Рублёва, з моцным хрысціянскім вобразам чашы-прычасця, а таксама з народным адчуваннем года як кола з яго віншавальнай чашай Свята.

Цэлы сусвет - гэта пераадольванне яго расколу, які атрымаўся калісьці.

Можна сказаць, што рытмічная ўсхваляванасць украінскіх барочных твораў была арганічна ўспрынята веткаўскімі мастакамі.

Два цэнтры праваслаўнага мастацвта - Магілёў і Кіеў - стваралі моцнае духоўнае поле, якое адчула на сабе і самабытная Ветка. Больш таго, кантакт праходзіў на ўзроўні саміх майстроў і іх пошукаў.

Вядома, існаванне культуры, якая сцвярджала, што "чалавек - малы свет ёсць", атаясамліванне ўсяго ва ўсім - гэта таксама быў пошук цэласнасці сусвету, і ён знайшоў увасабленне ў цэлым шэрагу кампазіцый веткаўскіх ікон.

Свет - дом - гэты ўлюблёны вобраз у мастакоў XVIII ст. - на веткаўскіх іконах паслядоўна ператварае ўсе свецкія стылі архітэктуры і тыпы жылля, ад палацаў да хат. Ён пераступае праблему, нявырашаную царскімі майстармі XVII - пачатку XVIII стст.: якім чынам заходні ўзор з галандскім "інтэр'ерам" можа змясціць невымяральнае - божыя адносіны паміж сабой. Дом, роўны сусвету, мае свае вымярэнні. Іх можна ўбачыць на веткаўскіх іконах XVIII - XX стст.

Вера ў магчымасць звярнуцца да неба за асабістай духоўнай дапамогай, як і сістэма ўласных заказаў у мясцовых майстроў, захоўвае і развівае сёння малавядомае народнай культуры вобразнае багацце старажытнага іканапісу. Так, да нашых дзён у вёсках вядома каля шасцідзесяці тыпаў выяў Божай Маці, Багародзіцы. Гэтая лічба можа быць памножана на мноства непараўнальных вобразаў, таму што да апошняга часу свайго існавання кожная ікона на Ветцы была "ўвасобленай малітвай", г. зн., запісам творчага, валявога акту - звяртання мастака да Бога. Тое, што па дакументах ён мог лічыцца селянінам, рамеснікам, купцом, манахам ці мешчанінам, не здымала з яго дабравольна прынятага абавязку.

Іконы на Ветцы захоўвалі старажытны канон, але былі рознымі. Калі перад вачыма праходзяць толькі жаночыя лікі (адзіны лік Божай маці ў сотнях свіх духоўных адбіткаў - на тварах жаночых), тады разумееш, які багаты свет неслі нашы продкі - не дзеля павіннасці, але па душэўнай неабходнасці.

У сусвеце веткаўскай іконы непарыўна звязаны фізічнае здароўе, дабрабыт і сямейны лад - з раўнавагай у эмацыянальным стане. Прыгажосць - адзіная для ўсяго мера, тычыцца рознага ўбору дома, упарадкавання душы ці цудоўных ікон, якімі на Ветцы было прынята "красавацца". Вось толькі некаторыя з назваў "багародзічных" ікон: "Нечаканая радасць", "Наталі смуткі", "Наталі хваробы", "Спагнанне загінуўшых душ", "Радасць дзіцяці"… Усе яны адзначаны вялікай эмацыянальнай выразнасцю.

Яшчэ адной рысай, якая раскрывае фальклорную сітуацыю ў веткаўскім мастацтве, з'яўляецца тое, што майстры, якія стваралі культавыя рэчы, рабілі і бытавыя. Наогул, для стараабрадніцтва, дзе храм найчасцей быў дамашні, хатні алтар і яго аздабленне з'яўляліся агульнай часткай прыгажосці ўсяго дома. Адзін і той жа майстар рабіў ківоты і выразаў ліштвы акон. Між тым ён маліўся па старадрукаваных і рукапісных кнігах, дзе вобраз узорыстай рамы-акна і расліннага райскага арнаменту быў найгалоўнейшы.

Муляры і цесляры, адыходзячы працаваць у Кіеў, Мінск, Маскву, Санкт-Пецярбург, вярталіся не толькі з новымі ўражаннямі ад барочных і класічных палацаў, якія самі будавалі, але з пэўнымі ўяўленнямі аб тым, якую архітэктуру ("палатнае пісьмо") яны хацелі б бачыць на іконах. Ёсць звесткі, што аж у XX ст., калі стараабрадцам дазволілі будаваць цэрквы, то будавалі, фарбавалі і распісвалі царкву адны і тыя ж людзі. Таму "палаты" на веткаўскіх іконах ніколі не былі маленькімі сімвалічнымі знакамі, як на візантыйскіх узорах, ці ўмоўнымі прыгожымі дэкарацыямі, што характэрна для сярэднявечча. Наогул, на веткаўскай іконе знаходзяць агульную мову бліскучы жывапіс, народжаны тэхналогіяй алею, пульсуючага па зыбкім палатне, і гравюра - гэтыя рэлігійныя апазіцыянеры. Першае суадносілася з тэмпераментам і страсцю каталіцтва. Другое было выяўленнем суровай пратэстанцкай душы. Зразумела, што абедзве стыхіі аказаліся блізкімі двум полюсам адзінага космасу стараабрадніцкага быцця.

І тут мы павінны ўгледзецца ў сам гэты космас. "Пратэстанцкім", гравюрным і суровым пачаткам у ім з'яўляліся духоўныя і мастацкія дзеянні майстроў беспапоўскага толку. Яны, цвёрдыя прыхільнікі канонаў, не страчвалі сувязей з Прыбалтыкай і Выгам, адмаўляліся ад усяго пышнага і свецкага. Іконы XIX і нават пачатку XX ст. былі пісаны па ўзорам XVI ст.

Можна адзначыць некалькі ўплываў паўночнага іканапісу на творчасць беспапоўскага напрамку мясцовага мастацтва. Адзін з апошніх - каля 1840 г., калі быў разагнаны Выг на Белым моры. Частка майстроў, як бачна па іконах, апынулася на Веткаўшчыне.

Некаторыя іконы свабодна зводзяць рысы веткаўскага іканапісу з буйным квітненнем каляровых бутонаў, якія захаваліся ў вядомым карэльскім роспісе бытавых рэчаў сёння. Дарэчы, глыбокія земляробчыя карані ў любові сялянскіх майстроў да кветкавых матываў далі фантастычныя вынікі і ў тым, што паўночныя майстры з іх арахаікай пасяліліся на старажытных чарнігаўскіх землях.

Другі полюс веткаўскай культуры - гэта несупынныя валявыя імпульсы самасцвярджэння, якія нагадалі аб сабе ў спрэчцы заснавальнікаў Веткі. Усе даследчыкі культуры старой Веткі падкрэсліваюць свецкі і мірскі яе характар. "Чернобольцы же ветковцев упрекают: ваши де жены в церковь ходят в кокошниках(!) и сарафаны носят с выемками".

Так, мясцовы іканапісец быў спачатку і да канца здольны асэнсоўваць жыццё і сусвет. Магутная вера была адначасова верай ў жыццяздольнасць старога спосабу светаўспрымання. Яна данесла старажытнае мастацтва да сучаснага свету, які "адкрыў" для сябе старую ікону непасрэдна праз творы іканапісцаў-стараабрадцаў. Гэтае адкрыццё пачалося з пытання пачатку XX ст.: чаму стараабрадцы пішуць каляровыя, радасныя іконы, у той час калі старыя ўзоры XV - XVI стст. (захаваныя, між іншым, стараабрадцамі) уяўляюць сабой "чорныя дошкі"? Пачаліся пошукі, і пасля рэстаўрацыі - пад чорнымі слаямі пакосту і копаці з'явіўся цудоўны свет неўміручых фарбаў.

Да "першай выганкі" Ветка адчувала сябе апошнім месцам сапраўднай веры, і расійскія вобразы пустыні-саду-граду пранізвалі ўспрыманне ўласных мясцін. Тут нараджаліся залатыя ружы яе арнаменту і сентыментальныя краявіды яе ікон, як і шматколернае шытво бісерам. Аднак у той жа час Ветка страсна змагалася, і дыялог яе з Масквой рэалізаваўся ў дыялогу іканаграфій, у тым, напрыклад калі пісалі іконы "Пакроў" ці "Сабор архістраціга Міхаіла", то арыентаваліся на XVI ст., на тую спадчыну, якая была яшчэ не закранута расколам. І стаяў гэты абараз у Пакроўскім храме на Чырвонай плошчы. Але ікона "Пакроў", быццам бы цалкам арыентаваны на XVI ст., мае патаемную веткаўскую рысу ў самой выяве Багародзіцы са святой тканінай. Яе гістарычна маглі пісаць па-рознаму. Як полаг пісалі пакроў наўгародцы. Як адзенне-мефорый, ці як чысты пояс Божай Маці пісалі ў Растове, Суздалі, Маскве. У Ветцы абодва варыянты на адной іконе, бо мір і згоду знаходізілі тут і наўгародцы і суздальцы.

Арганічнасць уключэння архітэктурнага дэкору розных стыляў у адзіны "гарадскі пейзаж" да XX ст. характарызуе веткаўскую ікону і нагадвае аб архетыпе ўспрымання "града-раю", які перажывае любое сялянскае дзіця ў вялікім горадзе. А таксама аб адсутнасці супрацьстаяння веткаўскай культуры са свецкім развіцём жыцця, са стылямі мастацтва і архітэктуры XVII - XX стст., аб адкрытасці гэтай культуры. Магчымасць існавання Веткі ў межах Рэчы Паспалітай, каралеўская грамата аб дазволе і свабодзе іх веравызнання, багатыя гандлёвыя і прамысловыя сувязі адгукнуліся і ў іканапісе.

У XVIII ст. веткаўчан усё часцей падымаюць на дыбу ў новай расійскай сталіцы. Ікона "Мікола Мажайскі ў жыціі" змяшчае жыццё святога ў пейзажы дзвюх мясцовасцей. Унізе, з асобных "кадраў"-клейм пішацца апавяданне аб шматлюдным жыцці на пясчаным беразе ракі. Вось гандлёвая плошча, вось па-цяслярску дакладная драўляная царква ў сценах нейкага манастыра.

Якую сілу павінна была мець веткаўская калыска стараабрадцаў, калі выгнаныя з Веткі ў 1764 - 1765 гг. і праведзеныя праз усю Расію веткаўцы, селячыся на Алтаі, захавалі сваю культуру? І да сённяшняга дня памятаюць, адкуль яны. У пачатку XX ст. славуты мастак Мікалай Рэрых запісаў ад іх легенду аб "Белаводдзі" - раі на зямлі. Белым малюецца рай і на мясцовых іконах.

Перавоз дубовага веткаўскага храма ў Старадуб не перапыніў гісторыі Веткаўскай царквы, хаця бярвенні патанулі ў Іпуці, а ў іканастас, які везлі на падводах, трапіла маланка… (ці ён быў адкуплены ў варты стараабрадцамі, якія не шкадавалі грошай за свае святыні?). Гісторыю веткаўскага іканапісу прадоўжылі як нейкі духоўны здабытак новыя цэнтры стараабрадніцтва. Нездарма "Гісторыя Веткаўскай царквы" друкуецца ў 1907 г. ў Ноўгарадзе.

Этапы развіцця стылю і яго паступовага супакаення можна заўважыць і ўскосна адзначыць па своеасаблівых "слаях" помнікаў. Блізкія рэчы ствараліся, відавочна, пасля пажараў ці ўслед за палітычнымі "паслабленнямі" адносна культуры стараабрадцаў. Так, аднатыпныя "залатафонныя" іконы з'яўляюцца ў сярэдзіне XIX ст. і існуюць да XX ст. На іх - надзвычай прыгожа пабудаваны многааблічныя кампазіцыі: "Усім, хто смуткуе, радасць", "Божая Маці Багалюбская", "Айчына" і інш. Іконы захоўваюць уяўленні шматлюднасці і аб'яднанасці ў адзіным дзеянні-малітве. Паўната абшчыннага малення, аб якой так часта сумавалі веткаўцы, тут не толькі прысутнічае, але і дасягаецца мастацкімі сродкамі. Яна служыць галоўным рытмастваральным імпульсам у гэтых кампазіцыях. Гістарычныя прычыны з'яўлення гэтага "слою" ікон розныя, і што адыграла тут галоўную ролю - аднаўленне Веткі пасля пажару 1846 г., ці прыход да ўлады больш гуманннага імператара Александра II - не вядома. Варта адзначыць, што ўсе гэтыя працэсы, як і раней, вялі да пастаноўкі і вырашэння мастацкіх задач, г. зн., стыль яшчэ з'яўляўся жыццяздольным.

Сярод падзей сярэдзіны XIX ст., якія адбіліся на мясцовым іканапісе, можна назваць ускладненне мастацкай сітуацыі 1840-х гадоў, калі адначасова быў нанесены ўдар па паўночным Выгу, адкуль шмат майстроў прыйшло ў Ветку і Старадуб.

У цэлым шэрагу ікон мы бачым узмацненне "сталічных" уплываў на самую эстэтыку іконы. Гэта зварот да каляровага халаднаватага, быццам эмалевага фону і ўзмацненне графічнага пачатку. Знікае былая веткаўская жывапіснасць. Калісьці тут, на мяжы Беларусі і Украіны, у ёй адбываўся працэс непасрэднага ўзаемадзеяння розных сістэм жывапісу. Так, старажытны спосаб накладання празрыстых слаёў яечнай тэмперы на Веткаўшчыне XVIII ст. пераклікаўся з аналагічнымі прыёмамі алейнага жывапісу. У веткаўскіх слабодах у канцы XIX ст. узнікаюць вельмі цёплыя па душэўным пачуцці ўвасобленыя малітвы-іконы. Каляровая іх гама становіцца ўсё больш яркай, абагульненай. Тыпы твораў, эмацыянальны склад, элементы адзення і мэблі празрыста напамінаюць аб свеце і жыцці мясцовых жыхароў, ці, наогул, падпадаюць пад стыхію фальклору.

Народная іканалогія веткаўскай культуры надзвычай паўнакроўная. Ікона была ў культуры нашых продкаў духоўным вузлом пачуццяў, думак, страсцей і супакаенняў лёсы тых, хто абраў сваё месца тут, на Ветцы, дзе "жить добро: мирно и вольно".



Паглядзіце нашу фотагалерэю