Феномены Веткі - Стараабрадніцкая Ветка

Веткаўская чаканка

Автор: Нячаева Г.Р. вкл. .

Першыя звесткі пра чаканку і помнікі ўласна мясцовай работы даходзяць да нас з XVIII ст. Так, у падарунак імператрыцы Екацярыне II, якая праязджала па Веткаўскім краі, мясцовыя майстры "присоветовали зделать блюдо сребренное позлащенное с солоницею и хлеб славной с золотым и прочая…"

Шкада, самі бытавыя рэчы мясцовай чаканкі не дайшлі да нашага часу. Як відаць, імі былі аплачаны чалавечыя няшчасці. Нават аклады-аправы абразоў - тое, што не магло быць прададзена ў цяжкі час, - дайшлі да нас у малой частцы былога і найчасцей толькі ў танным - латунным - матэрыяле. Жудасныя ўспаміны аб тым, як "с икон кожечку их золотую, как с людей кожу, сдирали…" нагадваюць некаторыя абставіны апошніх страт. Апісанне каштоўных чаканных твораў можна прачытаць у ведамасці рэчаў, адабраных з Пакроўскага храма ў 1735 годзе. Безумоўна, мы не можам уявіць сёння тыя багатыя "прыклады" да абразоў, якія прывозіліся, прыносіліся на Веткаўшчыну ці вырабляліся яе майстрамі. Магчыма, толькі адзін аклад на маленькі абраз Божай Маці Уладзімірскай (XVI - XIX ст., сам аклад - XVIII ст.) у калекцыі музея захаваўся ад веткаўскай чаканкі.

Уласна аклад, аправа абраза ці кнігі - эта металічная каштоўная акантоўка ці накутнікі і іншыя дэталі, якія аберагалі краі рэчы ад механічных уздзеянняў, каваліся лепшымі майстрамі, пакрывалі аховы-аздобы арнаментам. Бывала, што аклад акаймоўваў шытую "рызу" - уласна адзенне абраза. На Веткаўшчыне захваліся гэтыя рэчы. Але, як і паўсюль, усё часцей з'яўлялася аправа "латы", якая пакрывала абраз амаль цалкам, пакідаючы адкрытымі толькі лік, рукі, ногі жывапіснай фігуры. Прыгажосць жывапісу, безумоўна, хавалася пад такім каваным акладам, але ён сам ператвараўся ў каштоўны твор майстроў-чаканшчыкаў.

Стараверы адрознівалі ўласна аклад старога ўзору ад каванай рызы, якой звалі тое, што, быццам адзенне, скрывае ўсю фігуру. Такім чынам, у Ветцы развівалася і рыза шытая (жэмчугам, бісерам), і рыза каваная. Яны нават арнаментальна ўзаемадзейнічалі. Так, сярод бісерных рыз ёсць яшчэ шытыя "пад кузнь", якія імітуюць каваныя, кальчужныя даспехі. На каваных жа часам з мікроннай дасканаласцю "ўзнаўляецца" тэхніка залачонага шыцця і "саджэння" жэмчугам. Уласны лёс веткаўчан вымушаў адраджаць "ваенныя" архетыпы ў адзёжах-латах кніг і абразоў, якія шмат падарожнічалі і цярпелі пакуты разам з людьзмі.

Адразу і назаўсёды тут вызначыўся напрамак складання мясцовага стылю: гэта адважны дыялог старажытнасці і стыляў мастацтва новага часу, няхай гэта дыялог у самім складзе арнаментальных матываў, ці агульнае пастраенне светабудовы і прасторы. І усё гэта - у гнуткім і таямнічым свеце металічнай пласціны, выступах і ўпадзінах, памерам у некалькі міліметраў. Так, адчуванне цэласнага Сусвету і ёсць другі прынцып, які не дае "рассыпацца" элементам розных стыляў у іх адзначаным вышэй дыялогу. Цудоўны, амаль "скіфскі" па праўдападобнасці свет паўстае ў веткаўскім метале ў той час, калі сталічныя майстры распрацоўваюць цэльнасць рэчы ў адзіным дэкаратыўным стылі. Тут жа бачым і натуралізм у фактуры адзення: поўсці валасяніцы, шаўках плашчоў, бляску лат на фігурах святых. Падрабязнасці ўстройства вазоў і пабудоў, конскай збруі. Свет напаўфантастычных траў і дрэў у спалучэнні з рэалізмам іншых дэталей надае ўсяму выгляд амаль сюррэалістычны. Захопленасць майстроў перадачай трапяткой сутнасці жыцця даводзіць да яшчэ адной адметнай рысы ў веткаўскай чаканцы: арнаментальныя кветкі адзення, быццам бы вытканыя ці вышытыя на тканіне, імітуюць самую тэхніку выконвання металёвай парчы, то ператвараюцца ў … натуральныя кветкі, выпуклыя, адчувальныя, якія "прарываюць" умоўную тканіну і самы метал аклада і квітнеюць, быццам бы ў гонар вышэйшага майстэрства. Выпукласць рассліных матываў, непасрэдная арыентацыя на жывы свет яднаюць у чымсьці рэчы мясцовых майстроў з творамі магілёўскага цэнтра часоў XVIII ст. Пры ўсіх адрозненнях вынікаў - гэта адзіны глыбінны прынцып. Мабыць, у ім прадаўжала жыць энэргія барока, падхопленая чыста народнай улюблёнасцю ў прыгажосць натуральнага свету. Букеты з ружамі - адметны матыў і жывапісу, і ўсіх прыкладных мастацтваў у культуры Веткі, - наймацнейшы і ў чаканках. Уключаюць чаканныя ўпрыгожанні і ўласна барочныя элементы: гірлянды, "зерцала", геральдычныя шчыты, "грабеньчыкі", "овы", "бусы", абразныя завіткі яднаюцца з натуралістычнымі дробнымі і буйнымі кветкамі, і ўсё гэта таксама з'ява XVII - XVIII ст. Але ўсё адбываецца ў тым асаблівым безупынным дзеянні, якое нараджае мясцовые элементы чаканнага дэкору. Любыя новыя рытмы з'яўляюцца ў рытмічным свеце старажытнага арнаменту, узаемадзейнічаюць з ім і даюць вынік - вобраз цэласнага Сусвету, гістарычна непарыўнага, пераадольваючага раскол.

Адметная рыса мясцовага стылю - павышаная ўвага да аб'ёмаў, формаў і спосабаў іх перадачы ў "міліметровым дыяпазоне" калыхання металу. Гэтае пытанне жывое для майстра і ў XIX ст. Яго вырашэнне адрознівае веткаўскі стыль. Пытанне аб цэласнасці формы пры захаванні графічнай сістэмы падзелу лініямі складак і агульнага абрысу вырашалася ў мясцовай чаканцы. Запазычваліся прыёмы нават старажытнага рэльефнага ліцця, так званай дробнай пластыкі, асабліва меднай, дасягаліся і своеасаблівыя формы. Часам яны быццам калышуцца, падобна хвалям, і ўздымаюць на сабе "граф'і" - лікі ўласнага старажытнага падзелу - прорысу. Гэта напамінае нам аб тым, што памеры і спосабы перадачы аб'ёмаў маюць розныя прынцыпы ў старажытнасці і "новым" формаўтварэнні, якое паходзіць з XV ст., што ўзаемадзеянне сістэм светаадлюстравання адпрацоўвалася вякамі і было і застаецца жывой крыніцай энэргіі ў мастацтве. Так ці інакш, павышаная скульптурнасць формы ў чаканных рэльефах, у спалучэнні са старажытнай яе "распластаванасцю" надае ўражанне аб магутных асілках і іх казачным асяроддзі.

Мастацтва каванага акалада - старажытнае. У яго светапабудове і ва ўсіх тэхнічных і вобразных своеасаблівасцях утварэння гэтага залатога ці медзянога свету можа адшукаць тыя лініі, што непарыўна ідуць з пластыкі Візантыі, Грэцыі, нават Скіфіі. Іменна фальклорная сітуацыя ўзрушвала гэтыя глыбінныя слаі, выносячы іх на паверхню вобраза. Жыццяздольнасць мастацтва, якім валодалі чаканшчыкі-стараверы, была вельмі высокай. Яно ўбірала ў сябе ўсё новыя рысы і нагадвала ў прынцыпах іх інфармацыйнай апрацоўкі і адбору жывы арганізм. Гэтая жыццяздольнасць і непаўторнасць і завецца стылем. У рэгіёне Старой Веткі і Старадуба ён, акрамя высокай захаванасці гістарычнай спадчыны, атрымаў моцную падпітку "заходніх працэсаў і жывіўся з касмалагічных крыніц народнага светаадчування". Асаблівай энэргіяй ягонага існавання, як і ўсіх існаваўшых тут мастацтваў, была эмацыянальная ўзрушанасць, шчырасць душ. Іменна гэта энэргія ўтварала сілавое поле, у якім узнікалі і вырашаліся мастацкія задачы. Мера цэльнасці, безумоўна, дасагялася на розных узроўнях майстэрства. Ірына Радзівонаўна Юрчанка, 1913 г. н., з Клімава, успамінае аб братах-чаканшчыках, адным з якіх быў дзед: "Сядут за верстак дубовый… Окна на уровне мостовой, под домом мастерская была. Встают и поют, всё божественное. Люди идут, остановятся и слушают, уйти не могут…"



Паглядзіце нашу фотагалерэю