Калекцыя беларускіх народных ікон ВМСіБТ

У выніку рэстаўрацыйных работ, праведзеных у музеі, адкрыты помнікі беларускай школы іканапісу XVIII - XIX стагоддзяў, творы народнай Бабіцкай школы. Вывучэнне і прадстаўленне гэтых помнікаў суправаджаецца ўключэннем іх у абрадавую культуру і фальклорныя традыцыі. Іконы, якія паходзяць з беларускіх вёсак Веткаўскага раёна, у асноўным адносяцца да XVIII - пачатку XX стагоддзяў. Гэта абумоўлена не столькі перыферыйнасцю мясцовай культуры ў перыяд позняга Сярэднявечча і Новага часу, колькі гістарычнай складанасцю канфесійнага становішча гэтых мясцін, а галоўнае, лёсам саміх пасяленняў, прайшоўшых праз войны і пажары некалькіх стагоддзяў. Трагічная гісторыя і іх храмаў, у большасці разбураных у перыяд барацьбы з рэлігіяй ужо ў 30-я гады ХХ стагоддзя. Разам з тым, гістарычная канфесійная разнастайнасць і рознасць культурных традыцый і сувязей пакінулі пасля сябе і надзвычай разнастайныя творы іканапісу - па іканаграфіі, па тэхніцы і стылі.

У жывапісных адносінах гэтыя помнікі выразна адрозніваюцца ад стараабрадніцкіх ікон. У іх адлюстраваліся этапы працэсу ўзаемадзеяння праваслаўнага іканапісу з заходнееўрапейскім жывапісам, што адбывалася, перш за ўсё, цераз уніятаў. К сярэдзіне XVII стагоддзя ўніяцтва стала "мужыцкай верай", а гэты сацыяльны працэс адлюстраваўся ў іконах: кананічныя сюжэты набывалі этнаграфічны характар, суправаджаліся побытавымі падрабязнасцямі з паўсядзённага жыцця. Працэс прыцягваў увагу і народных майстроў, пры гэтым абразы насычаліся фальклорнымі матывамі. Так, "цялеснасць" фігур трактавалася як іх магутнасць, уласцівая эпічнай свядомасці "шырокасць", мажнасць. Змяняліся этнічныя тыпы персанажаў. Шырока выкарыстоўваліся ў якасці ўзораў кампазіцый гравюры з друкаваных беларускіх і ўкраінскіх выданняў. Абразы набываліся звычайна на мясцовых кірмашах і складалі хатнія "іканастасы" ў Чырвоных кутах ("кутах", "на покути"). У нашых мясцінах такія іконы пісаныя маслам па тонкім грунце, нанесеным на дошку (часцей за ўсё хвойных парод), прычым у пазнейшых помніках наяўнасць грунту не праследжваецца і фарбавы слой растрэскваецца па слаях драўніны. Усе яны выкананы ў святлоценявой манеры.

Аднак каларыт і кампазіцыі сведчаць аб некалькіх крыніцах і напрамках развіцця народнага іканапісу, якія дзейнічалі на памежжы Беларусі, Украіны і Расіі. Своеасаблівую характэрнасць пісьма знаходзім у так называемых "бабіцкіх" абразах (па назве вёскі Бабічы Чачэрскага раёна, дзе, па ўспамінах жыхароў, здаўна пісаліся характэрныя творы і дзе запісаныя імёны апошніх майстроў з сямейных дынастый). Магчыма, месцам стварэння "бабіцкіх" ікон быў і г. Чачэрск, дзе, ужо пасля далучэння гэтых зямель да Расіі, дзейнічалі каталіцкі касцёл, іезуіцкая місія. Уладальнік Чачэрска, граф З.Г. Чарнышоў, пабудаваў у канцы XVIII стагоддзя ў горадзе і трыкаменныя праваслаўныя храмы, запрасіўшы для аздаблення іх, паводле легенды, італьянскіх майстроў. Сярод характэрных рысаў бабіцкіх твораў - найпадрабязнейшы "натуралізм" пісьма, часта наіўна трактаваны; псіхалагічная пераканаўчасць вобразаў, "дабрадушнасць" тыпаў. Усё гэта ўвасоблена ў вельмі рухомых ракурсах, жэстах, рухах (напрыклад, у іконе "Крещения" з в. Хізы). Найбольшай дынамікай выдзяляюцца воінскія вобразы ("Чудо Георгия о змие" з в. Хізы). Каларыт будуецца на энергічных супрацьпастаўленнях святла і ценю, фігуры быццам вырываюцца святлом з глыбокага ценю. Замест німбаў тут прымяняецца праменнае свячэнне.

Аднак "цемналікасць" ікон і канца XVIII стагоддзя, магчыма, сведчыць аб больш ранніх і пацямнелых узорах для народных ікон. Гісторыя "бабіцкага" пісьма, такім чынам, адыходзіць у глыб часоў далей за сваё легендарнае паходжанне. "Бабіцкі стыль" ахоплівае як кампазіцыі заходнееўрапейскага паходжання, так і кананічныя праваслаўныя. Апошнюю групу народных ікон прадстаўляюць творы, якія ўвабралі ў сябе ідэалы позняга праваслаўнага іканапісу, які арыентаваўся на класіцызм і акадэмічны жывапіс. Такія іконы "Саваофа" з в. Амяльное і "Богоматерь Вспомогательница в родах" (тып "Знамение", маліліся аб лёгкіх родах) з в. Гута.



Паглядзіце нашу фотагалерэю