Калекцыя стараабрадніцкіх ікон ВМСіБТ

Каля паўтысячы помнікаў (ад амаль пустых дошак з фрагментамі жывапісу да шэдэўраў выдатнай захаванасці) у музейным зборы ікон. Абсалютная большасць помнікаў набыта падчас экспедыцыйнай дзейнасці, у выніку куплі і дарэння, ад прыватных асоб. Яны характарызуюць мясцовыя традыцыі іканапісу і стараабрадніцкую культуру іконы. Старажытнае мастацтва іканапісу ўвасобілася на гэтых землях у паўнакроўны стыль веткаўскай іканапіснай школы. Захаванне і ўзнаўленне старажытнейшай сімвалічнай мовы (напрыклад, роля золата як сімвала Боскага святла) злучалася тут з непадробным інтарэсам да сучаснага мастацкага працэсу на землях Беларусі і Украіны. Так, візантыйскі канон пранікнуты увагай да рэальнасці і псіхалагізму тыпаў, уласцівым беларускай іконе, у "Успении" з в. Папсуеўка.

Фігуры веткаўскага іканапісу маюць "павышаную" аб’ёмнасць пры захаванні графічнай трактоўкі сілуэтаў і складак адзення. Увага да арнаментацыі тканіны прыводзіць да выпрацоўкі "веткаўскага" ўзору ў выглядзе залатых руж і дробных кветак. Багата распрацоўваецца "золатапрабельнае" пісьмо, якое пакрывала адзенне мудрагелістымі рытмамі блікаў і палос, выкананых твароным золатам. Ідэальнае і цялеснае шукаюць адзінства ў "Чуде Георгия…" з в. Барбаі знаходзяць яго ў цэласнасці фальклорнага светаадчування. Са старажытнарускімі іканаграфіямі злучаюцца рысы барока і ракако, напрыклад, у "Покрове" з Барбы, дзе прымяняюцца розныя віды перспектывы, выкарыстоўваюцца аптычныя ілюзіі, прышоўшыя з Рэнесансу. Своеасаблівае "палатнае пісьмо" - адлюстраванне прадметаў архітэктуры. Традыцыі "празрыстых домікаў" XVII стагоддзя напаўняюцца рысамі "новых" архітэктурных стыляў, адмыслова злучаюцца "будаўнічая" дакладнасць дэталі і перапляценне прыкмет розных часоў. Прастора веткаўскай іконы чароўная і сімвалічная, але звязана з абрадамі і міфалагічнымі ўяўленнямі самога народнага жыцця - такое "Лоно Авраамово" са cл. Косіцкай з яго залатымі яблыкамі і душамі праведнікаў у выглядзе немаўлят. Нязменна захоўваецца касмалагізм.

Аб гэтым - сусветны бой "Архангела Михаила" з Косіцкай і нябесна-духоўная "мадэль свету" ў "Софии Премудрости Божьей" з Папсуеўкі. Злучэнне наўгародскіх, паволжскіх, паўднёвых вытокаў у каларыце набывае ўсё больш фальклорны характар. Пры гэтым да XX стагоддзя даходзіць у дынастыях майстроў тэхніка яечнай тэмперы. Старажытнага, дагэтуль не разгаданага паходжання - некаторыя веткаўскія іканаграфіі. "Никола Отвратный" з Нова-Іванаўкі (надпіс абвяшчае: "…иже в Москве"); cкошаны пагляд святога вядомы, аднак, у кіеўскім і наўгародскіх помніках яшчэ ў XII - XIII стагоддзях. Надзвычайная "Богоматерь Огневидная" з вогненным лікам. Уласны звод мае "Богоматерь "Умягчение злых сердец". Абрадава звязваецца з Веткаўскай культурай "Богоматерь Овсепетая". Наогул, сітуацыя фальклорнага існавання традыцыі і практыкі індывідуальнага заказу ікон прывяла да захавання ў жывым хатнім асяродку многіх дзясяткаў іканаграфій. Феномен шматчасткавых ікон выявіў багацце і "індывідуальныя" характарыстыкі ўласных веткаўскіх духоўных традыцый. З найлепшых набыткаў музея апошняга часу - ікона "Собор архангела Михаила" XVIII стагоддзя з Пакроўскага храма Веткі. Ікона падпісная веткаўскага майстра Жураўлёва 1873 года.



Паглядзіце нашу фотагалерэю