Калекцыя залотнага шыцця, шыцця жэмчугам ВМСіБТ

Унікальныя калекцыі залотнага шыцця і шыцця жэмчугам, бісерам - сведчанні багатай культуры "веткаўскіх мастацтваў" XVII - XX стагоддзяў. У шытых акладах прасочваецца эвалюцыя ў развіцці мастацкіх прыёмаў і тэхнік, каляровай гамы. Ад класічных манастырскіх "рыз", выкананых залотным шыццём і саджаных жэмчугам, веткаўскі аклад на ікону праходзіць шлях паслядоўнага насычэння колерам. Захаваліся помнікі, на прыкладзе якіх можна назіраць усе этапы гэтага працэсу ў мясцовай традыцыі. Так, суцэльнае шыццё дымчата-шэрым бісерам спалучаецца з жамчужным і абнізкамі контураў (шыццё "пад кузнь" - "Спас Нерукотворный", "Богоматерь Казанская" XVIII - пачатак XIX стагоддзяў). Манахромія агульнага рашэння спачатку ўключае лакальныя ўстаўкі колеру ў выявах чалавечых фігур (адзення) і тонкія раслінныя матывы ("Козьма и Дамиан", "Усекновение главы Иоанна Предтечи", "Покров", пачатак XIX стагоддзя).

Контуры абводзяцца жэмчугам або перламутрам, затым бісерам жамчужнага колеру. Затым сціраецца розніца паміж арнаментацыяй на адзенні (уласна "рыза") і ўзора міфонаў. Увесь аклад прадстае як цэласны фантастычны райскі сад, які ўключае фігуру святога і буянства раслінных матываў ("Харлампий", XIX стагоддзе). Узбагачэнне каларыстычнай гамы і арнаментальных матываў адбываецца шляхам фалькларызацыі вобраза. Актыўнасць развіцця раслінных матываў звязана і з энергіяй "расліннага" стылюнародных вышывак украінскіх зямель, якія часткова ўваходзілі ў рэгіён стараабрадніцкай Веткі (Богоматерь "Взыскание погибших душ", XIX стагоддзе). Пры гэтым захоўваюцца і працягваюць суіснаваць новыя і архаічныя тэхнікі шыцця. Калі для ранніх помнікаў характэрны прыкметы манастырскага шыцця, пра якія знаходзім успаміны ў летапісных мясцовых матэрыялах, то ўапошнія стагоддзі (аж да 30-х гадоў XX стагоддзя) традыцыі існуюць і ў пасадах, перадаюцца спадчынным шляхам і дзякуючы навучанню дзяўчынак у мясцовых "майстрых".



Паглядзіце нашу фотагалерэю