Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый ім. Ф.Р. Шклярава. Ветка, Беларусь

Стараабрадніцкія іконы

Болей паўтысячы помнікаў (ад амаль пустых дошак з фрагментамі жывапісу да шэдэўраў выдатнай захаванасці) у музейным зборы стараабрадніцкіх ікон. Абсалютная большасць помнікаў з’явілася ў калекцыі музея падчас экспедыцыйнай дзейнасці, куплі і дарэння ад прыватных асоб. Усе яны характарызуюць мясцовыя традыцыі іканапісу і стараабрадніцкую культуру іконы.

Старажытнае мастацтва іканапісу ўвасобілася на гэтых землях у паўнакроўны стыль веткаўскай іканапіснай школы. Захаванне і ўзнаўленне старажытнейшай сімвалічнай мовы (напрыклад, роля золата як сімвала Боскага святла) злучалася тут з непадробным інтарэсам да сучаснага мастацкага працэсу на землях Беларусі і Украіны. Так, візантыйскі канон пранікнуты увагай да рэальнасці і псіхалагізму тыпаў, уласцівым беларускай іконе, у «Успении» XVIII ст. з вёскі Папсуеўка.

Фігуры веткаўскага іканапісу маюць «павышаную» аб’ёмнасць пры захаванні графічнай трактоўкі сілуэтаў і складак адзення. Увага да арнаментацыі тканіны прыводзіць да выпрацоўкі «веткаўскага» ўзору ў выглядзе залатых руж і дробных кветак. Багата распрацоўваецца «золатапрабельнае» пісьмо, якое пакрывала адзенне мудрагелістымі рытмамі блікаў і палос, выкананых твароным золатам. Ідэальнае і цялеснае шукаюць адзінства ў «Чуде Георгия…» з вёскі Барацьба і знаходзяць яго ў цэласнасці фальклорнага светаадчування.

Своеасаблівае тут і «палатнае пісьмо» — адлюстраванне прадметаў архітэктуры. Традыцыі «празрыстых домікаў» XVII ст. напаўняюцца рысамі «новых» архітэктурных стыляў, адмыслова злучаюцца «будаўнічая» дакладнасць дэталі і перапляценне прыкмет розных часоў. Прастора веткаўскай іконы чароўная і сімвалічная, але звязана з абрадамі і міфалагічнымі ўяўленнямі самога народнага жыцця. Такая ікона «Лоно Авраамово» са cлабады Косіцкай з яго залатымі яблыкамі і душамі праведнікаў у выглядзе немаўлят.

Нязменна захоўваецца касмалагізм. Аб гэтым нам распавядае сусветны бой «Архангела Михаила» са слабады Косіцкая і нябесна-духоўная «мадэль свету» ў «Софии Премудрости Божьей» з вёскі Папсуеўка.

Злучэнне наўгародскіх, паволжскіх, паўднёвых вытокаў у каларыце набывае ўсё больш фальклорны характар. Пры гэтым да XX ст. даходзіць у дынастыях майстроў тэхніка яечнай тэмперы. Старажытнага, дагэтуль не разгаданага паходжання, некаторыя іншыя веткаўскія іканаграфіі. «Никола Отвратный» з вёскі Нова-Іванаўка (надпіс абвяшчае: «…иже в Москве»). Скошаны пагляд святога вядомы ў кіеўскіх і наўгародскіх помніках яшчэ ў XII-XIII стст. Надзвычайная «Богоматерь Огневидная» з вогненным лікам. Уласны звод мае і ікона «Богоматерь Умягчение злых сердец».

З найлепшых набыткаў музея — ікона «Собор архангела Михаила» XVIII ст. з Пакроўскага храма горада Ветка.

Наогул, сітуацыя фальклорнага існавання традыцыі і практыкі індывідуальнага заказу ікон прывяла да захавання ў жывым хатнім асяродку многіх дзясяткаў іканаграфій. Феномен шматчасткавых ікон выявіў багацце і «індывідуальныя» характарыстыкі ўласных веткаўскіх духоўных традыцый.

Паглядзіце нашу фотагалерэю

"Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый" г. Ветка, Беларусь - Copyright © 2012 - 2018.
Усе правы абаронены. Капіраванне матэрыялаў дазволена толькі са спасылкай на сайт-крыніцу.