Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый ім. Ф.Р. Шклярава. Ветка, Беларусь

Залотнае шыццё, шыццё жэмчугам

Унікальныя калекцыі залотнага шыцця і шыцця жэмчугам, бісерам — сведчанні багатай культуры «веткаўскіх мастацтваў» XVII-XX стст. У шытых акладах прасочваецца эвалюцыя ў развіцці мастацкіх прыёмаў і тэхнік, каляровай гамы. Ад класічных манастырскіх «рыз», выкананых залотным шыццём і саджаных жэмчугам, веткаўскі аклад на ікону праходзіць шлях паслядоўнага насычэння колерам. Захаваліся помнікі, на прыкладзе якіх можна назіраць усе этапы гэтага працэсу ў мясцовай традыцыі. Так, суцэльнае шыццё дымчата-шэрым бісерам спалучаецца з жамчужным і абнізкамі контураў (шыццё «пад кузнь» — «Спас Нерукотворный», «Богоматерь Казанская» XVIII — п. XIX ст.). Манахромія агульнага рашэння спачатку ўключае лакальныя ўстаўкі колеру ў выявах чалавечых фігур (адзення) і тонкія раслінныя матывы («Козьма и Дамиан», «Усекновение главы Иоанна Предтечи», «Покров», пачатак XIX ст.).

Контуры абводзяцца жэмчугам або перламутрам, затым бісерам жамчужнага колеру. Затым сціраецца розніца паміж арнаментацыяй на адзенні (уласна «рыза») і ўзора міфонаў. Увесь аклад прадстае як цэласны фантастычны райскі сад, які ўключае фігуру святога і буянства раслінных матываў («Харлампий», XIX ст.). Узбагачэнне каларыстычнай гамы і арнаментальных матываў адбываецца шляхам фалькларызацыі вобраза. Актыўнасць развіцця раслінных матываў звязана і з энергіяй «расліннага» стылюнародных вышывак украінскіх зямель, якія часткова ўваходзілі ў рэгіён стараабрадніцкай Веткі (Богоматерь «Взыскание погибших душ», XIX ст.). Пры гэтым захоўваюцца і працягваюць суіснаваць новыя і архаічныя тэхнікі шыцця. Калі для ранніх помнікаў характэрны прыкметы манастырскага шыцця, пра якія знаходзім успаміны ў летапісных мясцовых матэрыялах, то ўапошнія стагоддзі (аж да 30-х гг. XX ст.) традыцыі існуюць і ў пасадах, перадаюцца спадчынным шляхам і дзякуючы навучанню дзяўчынак у мясцовых «майстрых».

Паглядзіце нашу фотагалерэю

"Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый" г. Ветка, Беларусь - Copyright © 2012 - 2018.
Усе правы абаронены. Капіраванне матэрыялаў дазволена толькі са спасылкай на сайт-крыніцу.